Найбольш трывалыя заслугі здабываюцца цяжкай працай, шэрагам карысных учынкаў дзеля ўсеагульнага дабра.
I такіх непрыкметных заслуг у нас сярод нашых жанчын надзвычай многа. Мы з гордасцю згадваем імёны Кацярыны Радзівіл з Сабескіх, Ізабэлы Браніцкай з Патоцкіх, Грызельды Вішнявецкай з Замойскіх, Барбары Радзівіл з Завішаў, Уршулі Радзівіл з Вішнявецкіх, Ганны Веляпольскай з Любамірскіх, Ганны Ябланоўскай з Сапегаў, Людвікі Прозар з Шуйскіх, Кацярыны Стадніцкай з Красіцкіх, Барбары Сангушкі з Дунінаў і незлічонай колькасці іншых, успамін пра якіх выклікае пачуццё шчырай павагі. Бо мэтай існавання гэтых жанчын была Бацькаўшчына - усё сваё жыццё яны прысвяцілі гэтаму ідэалу!
Безумоўна, аснова штодзённага быцця - родная зямля, і калі разумны, дбайны гаспадар уяўляецца ў сельскагаспадарчай працы магутным рычагом, дык і жанчына ў хатняй гаспадарцы - гэта сіла, бо яна сваім умелым гаспадараннем дапаўняе працу мужа і нароўні з ім спрычыняецца да захавання той найдаражэйшай і найсвяцейшай лучнасці, што павінна звязваць людзей з роднай зямлёй.
Нездарма ж Святое Пісанне, гэты помнік чалавечай этыкі, параўноўвае жанчыну з сямю стаўпамі ў доме мужа, ля сямейнага ачага. А тая, пра якую я буду гаварыць далей, усяляк заслугоўвае таго, каб звацца гэтым біблейскім стаўпом.
Хаця ўзорная праца жонкі барысаўскага маршалка Ганны Цюндзявіцкай на ніве хатняй гаспадаркі і яе галоўны твор «Літоўская гаспадыня», што ўпершыню выйшаў з друку ў 1848 годзе, мелі вялікае значэнне для эканамічных стасункаў, імя аўтаркі, якога не было на вокладцы, стала вядомым не адразу. I гэта тлумачыць, чаму нават Эстрайхер, згадваючы ў т. II сваёй манументальнай «Бібліяграфіі» назву кнігі (с. 67), маўчыць пра яе аўтарку, а ў т. I «Бібліяграфіі», прывёўшы вялікі алфавітны спіс польскіх пісьменніц (с. 48-52), не змясціў у ім Цюндзявіцкую і згадвае яе прозвішча толькі ў т. VII, аднак без імені аўтаркі (с. 119). Пасля яе заўчаснай смерці ў друку, наколькі нам вядома, не з'явілася ніводнай пасмяротнай нататкі, і хаця каштоўная кніга «Літоўская гаспадыня» грунтоўна навучае гаспадаранню ўжо тры пакаленні жанчын, мала хто ведае падра-бязнасці біяграфіі знакамітай грамадзянкі, і мае ўспаміны павінны хаця б крыху выправіць такое становішча.
Ганна Цюндзявіцкая, дачка падкаморыя мінскага Міхала Прушынскага, герба Агоньчык, і Тэклі з Валянскіх, нарадзіла-ся 18 ліпеня 1803 года ў фамільных Каралішчавічах* (* За 16 вёрстаў ад Мінска літоўскага, да сённяшняга дня ўласнасць Прушынскіх, з заможнай і добраўпарадкаванай каталіцкай парафіяй) каля Свіслачы.
Першапачатковае хатняе выхаванне пад наглядам паважных бацькоў яна дапоўніла пазней у Вільні ў вядомым на той час пансіёне Дэйбеляў. А потым, калі ўжо выспела яе прыгажосць, развіўся розум, 19 лістапада 1826 года ў гістарычным для яе бацькоў Заслаўі пад Мінскам літоўскім яна выйшла замуж за Юзафа Цюндзявіцкага, які з 1820 да 1823 года займаў пасаду маршалка Барысаўскага павета следам за Піем Тышкевічам.
Узорная ва ўсіх адносінах пара жыла ў Кішчынай Слабадзе, калісьці ўладанні Кішкаў, а пазней, з даволі даўніх часоў і да сённяшняга дня - Цюндзявіцкіх. Тут спадарыня маршаліха, падзяліўшы час пароўну паміж абавязкамі жонкі, маці, гаспадыні і самай чулай апякункі прыгоннага люду, збірала матэрыялы для папулярнай працы, якая мусіла назаўсёды замацаваць яе імя ў памяці ўдзячных суайчынніц.
Аднак не суджаны ёй быў доўгі век. Яна памерла 18 красавіка 1850 года ва ўзросце 46 гадоў і была пахавана там жа ў сямейным склепе, у капліцы, якая, на жаль, пасля 1863 года ўжо не існуе.
3 дзяцей гэтай паважанай жанчыны жывуць сёння сыны Віктар і Леан, памешчыкі Барысаўскага павета, а таксама дачка Юзэфа, удава памешчыка Уманскага павета Гвідона Слатвінскага; трох іншых яе дачок, менавіта Ізабелы Вейман, Аліны Васілеўскай і Зоф'і Свід, ужо няма ў жывых. Гаворачы пра сямейныя стасункі аўтаркі «Літоўскай гаспадыні», дадамо, што яе родны брат, цяпер ужо нябожчык Мячыслаў Прушынскі, быў уладальнікам Каралішчавічаў цесцем вядомага мастака Генрыка Семірадзкага, а яе сястрой была маці вядомага польскага мастака генераліха Міхаліна Семірадзкая.
Пра жыццё Ганны Цюндзявіцкай сказаць можна няшмат, бо было гэта ціхае, але дабрадзейнае існаванне. Паводле мясцовых сведчанняў мы дакладна ведаем, што спадарыня маршаліха вызначалася рэдкай патрыярхальнасцю звычаяў шчырай адданасцю сваёй сям'і, дамачадцам і сялянам. Была яна сапраўднай аздобай адкрытага для ўсіх дома, дзе нягледзячы на самую простую абстаноўку, без ценю нават раскошы, квітнелі заможнасць, сапраўдная старапольская гасціннасць і ўзорны парадак.
Аднак парадак гэты ствараўся не штучнай, утомнай руцінай, а свабоднай, арганізаванай працай, што кіруецца пачуццём абавязку. Дзень пачынаўся супольнай малітвай усіх дамачадцаў і слуг, потым сняданак і заняткі, а сама гаспадыня, якая вызначалася акуратнасцю, ніколі не забывала пакаштаваць стравы сваіх работнікаў каб пераканацца, ці трапляе да іх усё, што было прызначана. Пра гэты цудоўны абавязак клапатліва ставіцца да сваіх слуг яна ажно двойчы нагадвае гаспадыням у прызначанай для іх кнізе (с. 2 і 16).
Часта здаралася так, што на якое-небудзь свята не прыязджаў святар. I тады сама гаспадыня, з прычыны адсутнасці слугі алтара, кіруючы супольнай малітвай, прамаўляла да простых людзей з такім шчырым рэлігійным хваляваннем, што прыводзіла іх у захапленне, а потым усё заканчвалася ўзаемнымі брацкімі абдымкамі ў імя Хрыста.
Сёння такія рэчы па многіх прычынах ужо немагчымыя. Таму мы толькі адзначылі факт патрыярхальных звычаяў у не надта яшчэ далёкім мінулым, калі сэрцы людскія пачуваліся намнога шчаслівейшымі, чым сёння.
Заўважу, што стасункі сямейства Цюндзявіцкіх былі вельмі ажыўленыя, а сярод вядомых на Бацькаўшчыне людзей навукі і мастацтва сябрамі дома былі, паміж іншым, Антоні Эдвард Адынец, а таксама графы Яўстафі і Канстанцін Тышкевічы.
Цюндзявіцкая не толькі збірала адусюль хатнія рэцэпты, але і правярала іх на практыцы, каб яны напраўду маглі стаць своеасаблівым настаўленнем для прафесійных гаспадынь. Менавіта безумоўная практычнасць рэцэптаў аўтаркі «Літоўскай гаспадыні» прынесла ёй усеагульнае прызнанне, што засведчылі ажно шэсць выданняў гэтай кнігі на польскай мове ў 1848, 1851, 1856, 1858, 1862 і 1873 гадах, а таксама адно выданне на рускай мове. Манапольныя правы на ўсе гэтыя выданні пасля смерці аўтаркі выкупіла ў яе сям'і кнігавыдавецкая фірма Завадскага ў Вільні. Першае выданне налічвала 449 старонак, апрача прадмовы і сямі інфармацыйных параграфаў пра рэчы хатняга ўжытку яно ўключала 108 кулінарных і аптэчных рэцэптаў. Апошняе выданне 1873 года крыху пашырыла В. Завадская, аўтарка «Літоўскай паварыхі». Апрача згаданай вышэй славутай працы Цюндзявіцкая прыгатавала да друку «Гаспадарчы штогоднік», які выйшаў у свет дзякуючы руплівасці сям'і ўжо пасля смерці аўтаркі (Вільня, 1854) і паўторна - у 1861 годзе ў друкарні Завадскага. Гэта вельмі карысная кніга, якая на 191 старонцы ў васьмушку нагадвае гаспадарам і гаспадыням пра ўсё, што яны павінны рабіць . на працягу года: у хаце, на полі, ў аборы, садзе, на лугах, у пчэльніках і г.д.
Нарэшце трэцяя, вельмі важная праца Цюндзявіцкай, якая засталася ў рукапісах, належным чынам не ўпарадкаваных, уяўляе сабой лекарскі даведнік для жанчын, прызначаны для дапамогі вясковаму люду ў лячэнні хвароб. Пажадана, каб сям'я, ушаноўваючы сваю славутую радзіцельку, упарадкавала і выдала гэтыя лекарскія сакрэты і парады, узятыя з практыкі. Вось і ўсе звесткі, якія мы сабралі пра гэтую працаўніцу на ніве нашага хатняга гаспадарання. Дух Цюндзявіцкай захоўваецца ў мясцовай традыцыі і ў яе працах, пакінутых для суайчынніц.
Таму ў канцы яе біяграфіі і згодна з думкамі сумленнай грамадзянкі-гаспадыні дазвольце мне працытаваць словы выдатнай дзяячкі Евы Фялінскай, пра якую сказана вышэй4. Яна, дзеля таго, каб заахвоціць нашых жанчын да гаспадарання і адарваць іх ад рэчаў амаральных, гаворыць наступнае:
«Жанчыны нашы, прымушаныя да хатніх абавязкаў, калі глядзець на гэта скрозь прызму прадузятасці, часам выглядаюць пакрыўджанымі і адсунутымі ўбок дзеля аказвання пэўных другарадных паслуг. Але калі зазірнуць глыбей, дык акажацца, што ў гэтай сваёй працы яны знаходзяць шмат карыснага.
Гаспадарчыя заняткі, калі прывучыцца да іх з маленства, калі не верыць фальшывым забабонам і не ўяўляць іх нечым прыніжальным, - не толькі не бываюць прыкрымі, як гэта здаецца на першы погаяд, але, наадварот, спрыяюць дзейнасці больш ажыўленай, чым усе тыя штучныя забавы, што прапануюцца ў нашым выхаванні».
Да гэтых залатых слоў знакамітай жанчыны дадамо яшчэ раз, што сёння ад жаночай працы залежыць будучыня наша, сыны і дочкі якой мусяць быць узброеныя не толькі ведамі і высакароднымі сэрцамі, але і моцнымі мускуламі, здольнымі да спаўнення сваіх абавязкаў, і ўсё гэта яны павінны атрымаць галоўным чынам ад маці, бо якія яны, такія і нашчадкі!...
--------
А.Ельскі. Выбранае, “БК”, 2004. Пераклад Н.Мазоўка. “Постаці польскіх жанчын з-над Нёмана, Дняпра і Дзвіны”, Dziennik Wilenski, 1906, №27, 31, 32.
via
http://pan-demetrius.livejournal.com/70944.htmlвыява:
https://austerityhousekeeping.wordpress.com