былі такія добрыя студэнцкія часы, калі шмат чаго цікавага адбылося, а будучыня абяцала яшчэ болей
яшчэ да студэнцтва пабываў я ў летніку на Нарачанцы, дзе ўпершыню ўжывую пачуў ужо знаёмыя тады сьпевы А. Мельнікава
падчас таго летніку адбыліся цікавыя рэчы. Там я таксама пазнаёміўся са Зьміцерам Язьвінскім. Ані ён, ані я тады не былі яшчэ студэнтамі. Пасябравалі, а потым Зьміцер даваў мне першыя завочныя ўрокі гры на гітары. Я ліставаў яму ў Нясьвіж, адтуль у адказ мне прыходзіў "сьвежачок" - самастойна падабраныя сябрам акорды песень беларускіх выканаўцаў, з падрабязным тлумачэньнем, што і як правільна граць.
я тады набыў сабе першую гітару барысаўскай вытворчасьці. Чароўнае пачуцьцё - калі з пад тваіх нягеглых пальцаў выліваецца нешта падобнае на любімую музыку.
Потым у 2000-м я паступіў ва ўнівэр. Амаль адразу знайшоўся са Зьміцерам праз ЗБС. Прайшло некалькі месяцаў жыцьця ў інтэрнаце, дзе я раптам знайшоў для сябе творчасьць гарадзенскіх панкаў Кальян (потым ўжо я ў Гародні выпадкова пазнаёміўся са сваімі кумірамі - басісткай ды гітарыстам улюбёнага гурту) ды Deviation (падчас аднаго зь менскіх канцэртаў я і яшчэ пара хлопцаў выскачылі на сцэну і разам са Стасам пасьпявалі круты сьпеў "Грамадзянская вайна"). І толькі празь іх я прыйшоў да творчасьці Ягора Летава. І толькі празь яго творчасьць я наважыўся напісаць свае першыя сьпевы на пачатку сьнежня 2001-га году. Гэты быў няшчадны дзёр з "Гражданскай абароны" на беларускі лад. Першыя слухачы - Кірыл і Наста ў пакоі інтэрнату на дзявятым паверсе. Першы акампанемент да маёй музыкі - у выкананьні Сяржука Пінчукова, на электрагітары з дзіўнай мэтал-прымочкай - японскі касэтнік з парванымі калёнкамі, якія "па-мэталічнаму" скажалі гук. Недзе ёсьць рарытэтны запіс таго часу на другі японскі касэтнік.
Потым, дзякуючы сябрам ЗБС, былі новыя сьпевы, рознага кшталту выступы. Другім правераным удзельнікам музыкальнай творчасьці стала Кася Бохан. Зьявіўся назоў гурту "Я і джынджэр". Мы паступова перайшлі да электрычнага фармату. Адбылося некалькі канцэртаў. У складзе гурту пасьпелі засьвяціцца Віця Хрол і Андрэй Апановіч (цяпер гэта гурт
"Мамкіны бусы"), таксама пару сьпеваў адрэпетавалі разам з басістам Андрэем Скурко (гурт "Band A", галоўны рэдактар НН таксама).
Потым зьявіўся гурт "Ківач Фуко", Кася Бохан стала там бубніць. На гэты час яна ўжо бубніла таксама ў гурце "Жаба ў каляіне". З "ківачамі" я ўпершыню трапіў на студыю гуказапісу і паглядзеў працэс запісу сьпеву "Служкі". Пад апёкай усюдыіснай Касі давялося аднойчы таксама трапіць на дзень народзінаў Зьміцера Вайцюшкевіча, дзе я пакаштаваў бярозаўскай самагонкі, меў невялічкія размовы з самым Зьміцерам, зь Міхалам Анемпадыставым і Аляксандрам Памідоравым.
Яшчэ за ўсе гэтыя гады я ў розных абставінах паграў свае сьціплыя сьпевы на гітарах А. Мельнікава, З. Бартосіка і В. Шалкевіча.
Потым у лютым 2008-га году я зваліў у Маскву рэалізоўваць сябе ў бізнэсе. З таго часу заняткі музыкай, натуральна, засталіся ў мінулым. Хаця перад ад'ездам пасьпеў пазнаёміцца з выдатным гітарыстам і проста добрым чалавекам Юрам. Запісаў наш гурт не пакінуў, апроч аматарскіх і выпадковых матэрыялаў іншых людзей.
І вось нядаўна я вырашыў паглядзець у сеціве, чым маюцца мае сябры і добрыя знаёмыя на музычнай ніве. Аказалася, што гурт "Мамкіны бусы" пасьпелі зрабіць музыку для рэклямы сотавага апэратару "Вэлком", а таксама для студыі гуказапісу (за што атрымалі магчымасьць бясплатна рэпетаваць у выдатных умовах плюс магчымасьць запісаць свае творы). Гурт "Рахіс" ужо выпусьціў
максі-сінгл "Празь Сеціва" з чатырох сьпеваў (акрамя сьпеву "Стронцый", які я ведаў, спадабаўся твор "Пароль у лета"). "Ківач Фуко", здаецца, не зьбіраецца здавацца...
Я задаў сабе пытаньне, ці магчыма вось так проста адмовіцца ад такой істотнай часткі свайго жыцьця, як музычная творчасьць? Думаю, што не. Апошні тыдзень я хварэю, на офісе не зьяўляюся. Зьявілася нагода ўзяцца ўрэшце за гітару. Я памацаў струны дзень-другі і заўважыў, што пальцы ўсё памятаюць. Такім чынам, было вырашана працягнуць заняткі музыкай, ня гледзячы на проста дзікія ўмовы: гэта перш за ўсё перманентная стомленнасьць ад штодзённых пераездаў, адсутнасьць побач музыкаў у беларускай "тэме", ну і звычайная адсутнасьць часу на гэтыя справы.
Але ж падчас хваробы я пасядзеў за адной прафэсійнай праграмкай для гуказапісу, паглядзеў розныя віртуальныя прымочкі, кшалту праграмы для бубнаў, гук бас-гітары, клявішных. Невялікі досьвед у такіх рэчах у мяне ёсьць - з дапамогай гэтых інструмантаў я рабіў паўтары гады таму "балванкі" сьпеваў, каб калегі па гурце маглі чуць, як павінен гучэць новы сьпеў. У дазеных умовах гэтыя інструманты і сталі маімі калегамі-музыкамі. Карацей, празь некаторы час я ўрэшцце пазапісваю некаторыя свае творы з дапамогай электронікі. Гэтакі самабытны хэнд-мэйд індзі-рок, ілі ціпа таво. Ну а вам гэта прыйдзецца слухаць, дарагія сябры :)