У мінулы чацьвер, 29 студзеня езьдзілі з Антосем ў Цьверскую вобласьць, горад Зубцоў прэзэнтаваць сваю прадукцыю і паслугі. Сход адбываўся ў залі Адміністрацыі раёну, пры ўдзеле каля трыдцаці кіраўнікоў вядучых арганізацый Зубцоўскага раёну.
Сама прэзэнтацыя - гэта кветачкі. А вось прыём быў проста выдатны.
Бюракрат
Прымаў нас Галава Адміністрацыі Зубцоўскага раёну Сураў Віктар Міхайлавіч (
http://www.adminzubcov.ru/index.php?option=com_content&view=article&id=127&Itemid=93).
Слушна заўважыў Антось: “Гэты чалавек разбурыў мае стэрэатыпы наконт мясцовых кіраўнікоў”. Тое, што называецца, чалавек сядзіць на сваім месцы. Былы біятлонавец, мае зараз на кожную зіму сваю норму - 200 км на лыжах. Патрыёт сваей Радзімы, але прызнае, што ў Эўропы ёсьць чаму і трэба вучыцца, цягнуцца да эўрапейскіх стандартаў. Ведае свой край выдатна. Пакуль езьдзілі зь ім на ЎАЗіку, распавёў безьліч цікавостак з гісторыі сваёй зямлі, ад старажытных стаянак (паселішчаў), да баёў ВАВ. Пры гэтым раз пораз спыняў кіроўцу, каб зрабіць прыгожы здымак пэйзажу. Колькасьць дыскаў з фотаздымкамі ў яго кабінэце ідзе на сотні.
На разьвітаньне даў сваю візітку, на якой пазначаны эл. адрас (во дзе рэальны паказчык самаіроніі): burokrat@zubcov.tver.ru
Цікавосткі краю
Сам Зубцоўскі раён знаходзіцца на мяжы з Маскоўскай і Смаленскай вобласьцю, уздоўж шашы Масква-Рыга, на гістарычным шляху “з варагаў у грэкі”. Тут знаходзіліся пасяленьні Крывічоў ды Вяцічаў. Сам горад ад заснаваньня лічыўся прыстанкам купцоў.
Потым тут жыў паэт Возераў, сучасьнік Пушкіна. Цяпер тут дачы Талкуновай ды Зыкінай. Зыкінай галава раёну хацеў проста падарыць 6 сотак, але яго пажурылі зьверху на прадмет разбазарваньня зямель. Каб вырашыць праблему, давялося прысвоіць вядомай сьпявачке званьне “Ганаровай калхозьніцы”.
Тут каля пяці рэчак, сярод іх - Волга і Вазуза. Расьце белы Іван-чай (Іван-гарбата?). Ёсьць цікавая крыніца, купаньне ў якой дапамагае жанчынам пры цяжкасьцях з цяжараньнем.
Яшчэ тут некалі завялі пітомнік баброў, потым яны распладзіліся і цяпер з жарсьцю точаць усе дрэвы па берагах рэчак.
Зімовыя купаньні
Нарэшце я купнуўся ў зімовай купальні. Насамрэч, даўно хацелася, але неяк не знаходзіў магчымасьці. А тут, раптам, атрымалася. І даведаўся я пра гэта хвілін за 20 да самой падзеі.
Ёсьць у мясцовай адміністрацыі вясёлая жанчына Надзея Ўсьцінаўна. Яшчэ падчас прэзэнтацыі яна ўсё падколвала Антося, а потым у кабінэце Галавы і ўвогуле прыкалола за звычайныя для яго глупаватыя пытаньні. На пытаньне, ці халодная будзе вада ў купальні (!), яна адказала: “Ды не, што ты, там градусаў 20 цяпла будзе! Таму і купальня завецца, што там нават купаюцца, а не проста акунаюцца”. Ну, а той і паверыў спачатку.
Натуральна, што вада была, што трэба - рэальная і асьвяжаючая. Захацелася кожны тыдзень практыкаваць гэтую фішку. Кажуць, хто адзін раз акунецца ўзімку, потым увесь год не хварэе. Паглядзім.
“Ад Піцера да Брэста - паляны, рэчкі да крэсты”
Вярталіся ў Цьвер мы, як і прыехалі, у чорным мэрсэдэсе. Арганізатар (дырэктар цьверской філіі нашай канторы), Антось, кіроўца і я.
Па дарозе ад Зубцова да Цьверы ў машыне гучэла музыка традыцыйнага для Цьвяры напрамку - нейкі шансон, па голасе вельмі падобна да Мішы Круга, але выканаўца чамусьці запрашаў завітаць да яго ў Беларусь. Потым быў яшчэ сьпеў пра Рэчыцу, і тады я ўжо ня вытрымаў - запытаў пра аўтара. Ім аказаўся шансанье Віталь Аксёнаў, калі не памыляюся.
Ага, яшчэ мне стала вядома пра дзьве вэрсіі лёсу забойцаў цьвярскога хлопца М. Круга. Па першай, афіцыйнай вэрсіі, іх пасадзілі даўшы па дзясятке. Па другой, неафіцыйнай - забілі на другі дзень пасьля трагедыі. А, і ў самой Цьверы стаіць помнік, дзе Міша сядзіць на лаўцы з гітарай.
(Я часта думаю, навошта мне гэта ведаць? Дзе ўжываць багаж такіх спэцыфічных ведаў?)
У гэтай машыне, у дзень новых пачуцьцяў, скрозь пьянаваты напаўсон, пад махровы шансон, я адчуў сябе ў нейкім іншым вымярэньні.