Пра праўду жыцьця ад Шарля дэ Манталямбэра

Dec 19, 2011 15:58

image Click to view



Ня гледзячы ні на што, я лічу той дзень адным з самых лепшых, а тыя 10 хвілін на праспэкце аднымі з самых шчасьлівых у маім жыцьці. Большую ягоную частку я правёў назіральнікам на закрытым участку ў 1 ГКБ ( фальсыфікацый я не заўважыў, але большую частку часу ўрны былі па-за позіркам, бо мяне толькі на 10 хвілін пусьцілі паназіраць за галасаваньнем хворых, напісаў скаргу, якую, дарэчы, дапамагаў зарэгістраваць michalevic, у выніку адпіска, але са старшынёй камісіі я яшчэ абавязкова сустрэнуся на вочнай стаўцы ), затым галасаваньне па месцы рэгістрацыі, ну а скончыўся ён вы і самі ведаеце як. Адзінае, што з "касманаўтамі" разьмінуліся, хаця мы з barneo нават пасьля разгону тусілі з паўгадзінкі вакол Плошчы. Потым была амаль бяссонная ноч, сьлёзы і яшчэ большая ўпэўненасьць у сваіх перакананьнях. На наступны дзень прыйшлі разам з pivonie на Незалежнасьці, бачылі, як круцілі МФцаў і іншых, а потым размаўлялі пра лёс краіны за кубкам гарбаты ў "Старым Менску".

За гэты год упэўненасьць толькі павялічвалася, а прагляд падобнага відэа выклікае ўсю гаму пачуцьцяў, як і праслухоўваньне падобных песень ( "Грай" я ўвогуле лічу гімнам як мінулага, так і гэтага году ). Былі радасныя хвіліны ўлетку. Зьмянілася стаўленьне да тых, хто не выйшаў разам са мною. Увогуле гэта адна з тых тэмаў, якую я хачу абмеркаваць. Пра тое, што я не магу не дзяліць людзей на пэўныя групы. І адпаведна ставіцца да іх. Але калі раней больш нэгатыўных пачуцьцяў было да людзей з групы шчырых ці не асабліва шчырых прыхільнікаў Лу, то зараз прыходзіць разуменьне таго, што стабілізатарам бягучай сытуацыі зьяўляецца больш шматлюдная група тых, каму проста абыякава. І што я больш паважаю людзей з пазыцыяй, хай і супрацьлеглай, чым зусім без яе. Тых, каму можа і не падабаецца тое, што адбываецца вакол, але хто ніколі не зрабіць нават нейкай драбязы. Ды ладна, можаш і не рабіць нічога, але навошта казаць нешта дрэннае пра тых, хто робіць. Хай мая сям'я не хадзіла са мною на Плошчу, але яны падтрымліваюць мяне і я не чуў ад іх нейкай крытыкі. Хай там адзінкі і за грошы выходзяць, але ж тое грошы Дзярждэпу, а не мае, за кошт якіх мяне яшчэ потым і зьбіваюць. Я не разумею тых, хто можа спакойна глядзець відэа вышэй і думаць толькі пра тое, што сапраўды лепей сядзець дома, "варыць боршч". Тых, хто галасуе супраць, але кажа: "ну ўсё-роўна ж больш за 50 адсоткаў, нічога ня зьменіцца". Менавіта, што нічога ня зьменіцца, пакуль ня зьменіцца ў галовах. Пакуль мы не пераможам эмацыйна, маральна. Хаця акрамя словаў ці думак заўжды ёсьць нешта, што рабіць небясьпечна: зьбіраць подпісы, быць назіральнікам, дапамагаць затрыманым і інш.

Хаця я не агітую ці заклікаю нешта рабіць, як я напісаў учора, я паважаю чужую свабоду рабіць тое, што чалавеку хочацца. Проста выказваю свае стаўленьне да такіх людзей. Наўрад ці мы станем вельмі блізкімі, бо для мяне гэта адзін з крытэраў "майго" чалавеку. Я лічу, што нельга быць палітычна і грамадзкі пасіўным. Што да мяне, то можа я і не заўжды ішоў па гэтым шляху верна, але я яшчэ не разу не рабіў тое, за што мне было б сорамна. І я зьбіраюся далей жыць тут, рабіць тое, што магу, жыць згодна са сваімі палітычнымі поглядамі і прынцыпамі. Учора я казаў пра свой "лялечны" пэрыяд, але мне падаецца, што і беларуская нацыя зараз яго пражывае, дакладней праіснуе. Але ён ня можа доўжыцца вечна, наперадзе росквіт і разьвіцьцё. І сваю ролю я як раз больш бачу не ў набліжэньні гэтага дню, а ў працэсах трансфармацыі і сыстэмнай перабудовы апасьля. І гэта, дарэчы, таксама зробіць мяне шчасьлівым)

Жыве Беларусь! Жыве вечна!

думкі, я, Беларусь

Previous post Next post
Up