Jun 11, 2011 22:41
Пачнем адразу з галоўнага: прызнаюся, я поўны і закончаны эгаіст. Толькі зараз я пачынаю разумець, што значыць фраза "Я ніколі ня буду жыць дзеля іншага чалавека, і ніколі не папрашу і не прымушу іншага чалавека жыць дзеля мяне" з раману "Атлянт расправіў плечы" і наколькі яна блізкая мне. Я заўжды ў першую чаргу думаю пра сябе, я не хачу быць камусьці нешта вінным, не хачу, каб ад мяне чагосьці чакалі. Лепей проста папрасіць) Калі я раблю нешта для іншага чалавека, то гэта значыць, што ён мне вельмі важны, я лічу неабходным дапамагчы яму ў дадзенай сытуацыі. Я атрымліваю асалоду ад гэтай дапамогі, і лічу вартым патраціць свой час на гэта. І вынікам, што я зразумеў апошнімі днямі, зьяўляецца мой пэрфэкцыянізм: мне трэба, каб побач са мною былі самыя лепшыя сябры і дзеўчына, каб паміж сваімі інтарэсамі і імі, я часьцей выбіраў іх, каб яны былі маімі інтарэсамі. Калі ж гэта будзе нейкі кампрамісны варыянт, калі я буду сумнявацца, то гэта будзе падсьвядома дзейнічаць на мяне і аднойчы я праяўлю сваю незадаволенасьць нейкім учынкам. Я вельмі закаханы ў сябе, а таксама лічу каханьне вялікім падарункам, таму хачу падарыць яго той, хто будзе гэта заслугоўваць. Я зразумеў, што мне цяжка будзе даць абяцаньні вечнага каханьня, нават проста прызнацца ў ім, але чым больш мне будзе падабацца мая дзеўчына, тым большы шанец гэтага.
Чакаю шмат водгукаў кшталту "а ці адпавядаеш ты сам крытэрам ідэялу?" і т.п. Ведаеце, можна сказаць, што для кагосьці дакладна адпавядаю) Можа сярод іх і няма майго ідэялу, але згодна з матэматыкай нейкая кропка судотыку абавязкова знойдзецца. Акрамя таго мае паводзіны проста канцэнтруюць мае высілкі на меншым коле людзей, але на тых, каго я сапраўды лічу вартым гэтага. У мяне высокі ўзровень матывацыі, але калі яго дасягнуць, то я здольны шмат на што. Таму дзеля сваёй каханай я змагу зрабіць літаральна ўсё, што заўгодна. У тым ліку і стаць бліжэй да яе ідэялу, калі спатрэбіцца. А яшчэ, калі вяртацца да другой часткі фразы Рэнд: я са свайго боку не чакаю нічога ад іншых, стараюся не прасіць і вырашыць праблемы сваімі сіламі. Я цаню свабоду іншых, але хачу ад іх таго ж.
P.S. Прыкладна гэтак павінен быў выглядаць мой допіс да ўчорашняга прагляду новага фільму пра Людзей Ікс, але ўчора па дарозе з кіно я прыйшоў да думкі, што да майго "дыягназу" можна дадаць і "манію велічча". Я не адчуваю сябе звычайным чалавекам, мне падаецца, што я дасягну шмат у гэтым жыцьці і што я здольны гэта зрабіць. Праўда, што канкрэтна, я пакуль не вырашыў) Магчыма, гэта сапраўды трэба лячыць, але навошта? Ня кожны, хто мае такія думкі, сапраўды дасягае чагосьці, але мне падаецца, што з тых, хто дасягае, кожны так думаў. Посьпех і высокія здабыцьці не бываюць выпадковымі, да іх трэба імкнуцца, таму можа проста даць мне паспрабаваць?
каханьне,
думкі,
я