«Пацаны к успеху шли».

Jul 24, 2011 04:38


З верасня 2002 года маёй галоўнай марай была ваенна-гістарычная рэканструкцыя. Аднак, аднаго жадання займацца ёй было недастаткова, таму я прыкладаў намаганні каб знайсці ў родным горадзе людзей, з якімі б меў супольныя інтарэсы. Нажаль, першыя паўгады пошуку не прынеслі ніякага выніку. Аднак вясной мне пашанцавала, бо ў Мінскім абласным гісторыка-краязнаўчым музеі адбывалася выстава ваенна-гістарычнага “Тэўтоніка”, на якую я пайшоў разам з сваім аднакласнікам Віцяй Б. У музеі нас чакала не толькі досыць добрая выстава, але і знаёмства з мясцовым супрацоўнікам Аляксандрам Ш. Высокі, атлетычнага целаскладу выпускнік “Кулька” гадоў 25, апрануты ў прыгожы, ладна скроены чорны касцюм, усім сваім выглядам, пачынаючы ад павольных рухаў і скончваючы надзвычай разумнымі і добрымі вачыма, нагадваў хутчэй не інтэлігента, а радавітага арыстакрата. Падчас размовы з ім я і даведаўся аб інаванні ў Маладзечна рыцарскага клуба, які размяшчаўся ў падвале дома на рагу вуліц Вялікі Гасцінец і Галіцкага...


Нажаль, ведаць месцазнаходжанне клуба было не дастаткова, бо некалькі  прадпрынятых мною спроб наведаць яго былі прыпынены вялізным іржавым замком, што вісеў на дзвярах. Толькі трэцці ці чацвёрты паход скончыўся адносна паспяхова - замку не было, дзвер была адчынена, але спусціўшыся па лесвіцы я апынуўся не ва ўтульным памяшканні з кальчугамі і шчытамі на сценах, а ў напаўразбураным і заваленым розным хламам сутарэнні, дзе да таго ж акрамя мяне нікога не было...Перажываючы культурны шок з прымессю расчаравання, я падняўся на паверхню і толькі тады заўважыў пасярэдзіне двара вялікую групу моладзі, якую цяпер бы я ахарактарызаваў адным словам - “бімшы”. Але ў той час надзея зноў авалодала маім сэрцам і я падышоў да іх. Мая надзея спраўдзілася, бо гэтая моладзь сапраўды была членамі рыцарскага клуба “Ляліва”. Пасля таго, як я расказаў аб мэце свайго візіта, адзін з хлопцаў, маленькі, з дужа дліннымі чорнымі валасамі (яго звалі Сяргей С.), падвеў мяне да адзінага дарослага мужыка, які быў маім цёзкай. Яўген быў поўнай супрацьлегласцю Сяргея. Высокі, нават вышэй за мяне, хударлявы, непаголены, з стрыжкай пад ноль і дыфектам вока, ён быў апрануты ў брудную джынсавую куртку. Адной рукой ён трымаў дарослік, а другой - нейкую торбу. Гэта і быў кіраўнік клуба. Размова з ім працягвалася каля 10 хвілін, пасля чаго давольны “неафіт” ішоў дадому з пачуццём выкананага доўга.

Адным дажджлівым восеньскім вечарам я прыйшоў у клуб, дзе акрамя Яўгена былі і два хлопца, якіх раней я не бачыў. Адзін з іх быў сярэдняга роста, як і Яўген, коратка стрыжаны, у мятай касухе. Па паводзінах было бачна, што гэта досыць “рэзкі” і самаўпэўнены чалавек, але пры гэтым вялікі аматар паразмаўляць. Звалі яго Сяргей К. Другі хлопец быў вышэйшы за Сяргея і не такі гаваркі. Яго звалі Віця Ж. Віця і Сяргей, як аказалася, былі на год старэйшыя за мяне, жылі побач і былі досыць добрымі прыяцелямі.

Фактычна, акрамя нас траіх і кіраўніка Яўгена ніхто асабліва ў клуб і не завітваў, за выключэннем бадай што Дёні А., спрытнага хлопца гадоў на 5 старэйшага за мяне, які жыў у дзевяціэтажцы насупраць шталага і ў прынцыпе быў з майго раёна. Адсутнасць іншых людзей я праз месяц-другі пачаў звязваць з сукупнасцю двух фактараў: большым тэрмінам членства і спецыфікай клубных заняткаў, якая напрамую вынікала з самаго памяшкання, у якім знаходзіўся клуб. Шчыра кажучы, памяшканне і было клубам, бо акрамя 5-6 комнат, адна з якіх была па самы верх закідана тым, што да гэтага раўнамерна размяшчалася ў астатніх комнатах. Адзіным, што неяк нагадвала аб пачэсным званні рыцарскага клуба былі дзве бухты провалакі, уласнаручна стыранай Яўгенам з завода, дзе ён працаваў, і фотаздымак зерцала, апранутага паверх кальчугі, які невядома адкуль узяўся, але чамусьці заўсёды ляжаў паверх гары шмотак у пакоі, дзе мы перапраналіся. Аднак нягледзячы на гэта, інтузіязм нікуды не дзеўся, ва ўсялякім выпадку яшчэ месяца 3 дакладна, і мы самааддана прыступілі да навядзення “лоску” у клубе, які мы невядома чаму пачалі называць “Пещера”. “Лоск” заключаўся ў выдзяўбанні малаткамі контураў вялізных камянёў у “парадным зале”, якія па задумцы Яўгена павінны былі нагадваць замкавы мур. Але часам былі і па-сапраўднаму адказныя місіі, як, напрыклад, невялікая перапланіроўка ў падвале, у выніку якой Сяргей К. за 30 хвілін кавадлам знёс нясучую сцяну, а пасля мы з вачыма на выкат яшчэ хвілін 50 закладалі гэты праём блокамі і дошкамі...Фізічная праца, безумоўна, суправаджалася інтэлектуальнымі размовамі аб перспектывах рэканструкцыі, бо мы ўсё ж такі марылі стаць рыцарамі, а не будаўнікамі. Гэтыя размовы падмацоўваліся спасылкамі на навуковую літаратуру, сярод якой незыблемым аўтарытэтам, нават большым, чым раздрукоўкі з сайта “Морыі”, карысталася кніга Ю.Бохана, дзе недахоп тэкста кампенсаваўся прыгожымі малюнкамі. Пры гэтым варта адзначыць, што няспыннай цягай да самаадукацыі вылучаліся я і Віця (які хутка стаў Вітольдам), у той час як Сяргей К. тупа круціў “кольца”. У выніку, мы з Вітольдам авалодалі навуковай тэрміналогіяй і лёгка адрознівалі шаллер ад хундсгугеля, а Сярога К. праз месяц хвастаўся вялікім кавалкам кальчужнага палатна, якое ён горда іменаваў “спіной”.

У адзін цудоўны дзень мы даведаліся ад хлопца па імені Ігар, што ў 4-й школе будуць праводзіцца трэніроўкі па гістарычнаму фехтаванню. Гэтая навіна моцна ўзрадавала нас, падаючых надзеі юных рэканструктараў. І вось, прыблізна праз тыдзень я стаю насупраць 4-й школы ў кампаніі Ігара Ш. і нейкага малога і чакаю трэніроўкі. Пад час размовы высветлілася, што трэнерам з’яўляецца сам Ігар, нядаўна вярнуўшыся з арміі, дзе яму давялося бавіць свой час на “дызелі”. Як гэта не дзіўна, але трэніроўкі па незразумела чым жыва захапілі мяне і Вітольда, што даволі хутка зблізіла нас і зрабіла лепшымі сябрамі.

Тым часам, надыйшла вясна, а з ёй і крах “Пещеры”, бо на адным з гарадскіх святаў мы даведаліся аб існаванні яшчэ аднаго клуба з арыгінальнай назвай “Легенды старога замка”, члены якога ў большасці складаліся з былых расчараваўшыхся “пячорнікаў”. Клуб быў даволі матрыярхальны, бо ў ім колькасна пераважалі дзяўчыны, ды і на чале яго была Жанна С. Гэтая Жанка, як яе называлі, была старэйшая за нас прыкладна на 5 год і працавала прадаўшчыцай у кіёску ля Старога рынку. Акрамя таго ў клубе былі ужо ўзгадваемы Сяргей С. і былы баксёр Макс Ш., якія на той час здаваліся нам выключна аўтарытэтнымі персанажамі, бо мелі кальчугі і някепска махалі “шашкамі”, а Макс да таго ж мог з лёгкасцю вынесці сані пары-тройцы мужыкоў. І вось так, адным сонечным днём, Я, Вітольд і Сярожа К. змянілі “Пещеру” на “Легенду”, што размяшчалася ў Цэнтры пазашкольнай дзейнасці ў 5 хвілінах ад маладзечанскага гарадзішча...

Ішлі гады, мяняліся назвы клуба, кіраўнікі гэтага памяшкання, людзі. Нязменным было толькі само памяшканне, якое стала для нас другім домам. Пасля таго, як Вітольд пайшоў у армію памяшканне афіцыйна перайшло да мяне. А мінулай восенню, у сувязі з Дажынкамі, нас “папрасілі” з памяшкання, куды засялілі страйбаноў...

...З той пары мінула ўжо шмат часу. Жыццёвыя шляхі большасці з нас назаўжды разышліся. Я скончыў магістратуру БДУ, нібыта працую ў адным з дзяржаўных музеяў г. Мінска і ебашу у рамеснай майстэрні, цікаўлюся балтамі і люблю культурна адпачываць з сябрамі. Аляксандр Ш. з-за няўдачнага кахання расчараваўся ў мірскім жыцці і стаў каталіцкім святаром. Сяргей К. разшукваецца міліцыяй Беларусі за згвалтаванне і забойства дзяўчыны. Дёня А. адсядзеў за гандль наркатой і цяпер працягвае тусавацца з былым выпускніком Полацкага універа з скромнай мянушкай “Одзін” і купкай маладзечанскіх нефармалаў. Сяргей С. знік за дзень да таго, як ён павінен быў аддаць мне замоўленыя ў яго нажы. Ігар Ш. апошнім часам працаваў на заводзе па вырабу абсталявання для інвалідаў і пры кожнай выпадковай сустрэчы хваліўся нейкай міфічнай “інфой”, якую ён увесь час нібыта збірае. Макс Ш. пераспрабаваў тузін прафесій ад сваршчыка да пекара пры праваслаўным храме, стаў надзвычай мірным і рэлігійным чалавекам, пэўны час камунікаваў з алдовымі казакамі, якія запрашалі яго паехаць наймітам на Каўказ, а цяпер вярнуўся ў Маладзечна, дзе сабраў аднадумцаў і трэніруе іх па сістэме Сержа дэ Бёфа для баёў 5 на 5. Вітольд скончыў гістфак БДПУ, адслужыў год у арміі, а літаральна сёння раніцай я сустракаў яго на Дружнай, каб павіншаваць з доўгачаканым “дзембілем”.

...Гэтыя гады назаўжды канулі ў нябыт, пакінуўшы пасля сябе толькі ўспаміны і некалькі фотаздымкаў - прывіды бесклапотнай маладосці...

жыццё

Previous post Next post
Up