Аднойчы, напрыканцы верасня, выдаўся вольны час і я з сваім камрадам А. выправіліся ў наваколее Гальшан каб правесці першы агульны агляд мясцовасці і наведаць некалькі археалагічных помнікаў, стан якіх нас вельмі цікавіў. Таму, як і заўжды, мы ў 7.40 пагрузіліся ў аўтобус Мінск-Трабы, каб праз дзве гадзіны выйсці ў в. Ігнатава, Валожынскага раёна. Гэты населены пункт даўно не даваў нам спакою (асабліва А., які аднойчы нават прысніў яго), бо ля дарогі пасярод роўнага поля ўзвышаўся адносна высокі пагорак з стромкімі схіламі. Нажаль, нашыя спадзяванні не апраўдаліся, бо з супроцьлеглага боку пагорак меў не такі прывабны від - большасць яго была пераўтворана ў кар'ер, які з цягам часу стаў адыгрываць ролю сметніцы.
Насуперак расчараванню мы, не губляючы час, пакрочылі ў бок Гальшан. Першым населеным пунктам на нашым шляху былі Дзясятнікі. На краю вёскі, злевага боку дарогі, на ўзвышанным беразе ракі размяшчаюцца могілкі Першай сусветнай вайны. Могілкі добра дагледжаныя, адразу адчуваецца нямецкі парадак. Роўныя лініі бетонных крыжоў ляжаць на зямлі, замаскіраваныя цёмназялёным мохам. Уражвае поўная цішыня (бо машыны ў тых краях ездзяць даволі рэдка), нібыта час спыніўся і адзінае, чаму ты цяпер падпарадкоўваешся - гэта вялізны шэры арол, які нібыта ахоўвае жаўнераў, ўто спачываюць тут.
Самі Дзясятнікі таксама добраўпарадкаваныя. Большая частка ладных дамоў у вёсцы шчыльна прымыкае да дарогі, але значная колькасць іх раскідана па навакольных палёх, пераважна паміж дарогай і р.Гальшанкай, якая ў гэтым месцы пятляе туды-сюды нібы мышка.
Дзясятнікі досыць плаўна перацякаюць у в.Багданава, якія аддзяляюцца чыгуначным мастом, пад якім праходзіць асфальтавая дарога. Шчыра кажучы, веска пакінула не лепшыя ўражанні. Праходзячы міма аўтобуснага прыпынку мы паглядзелі расклад, і вырашылі пачакаць, бо праз трыццаць хвілін павінен быў пад'ехаць аўтобус. Але гэта не адбылося не праз трыццаць хвілін. не праз час. Затое некалькі разоў на Ліду і з Ліды праходзіў дызель, фатаграфаванне якіх хоць троху займала нас. Аднак відавочна, што мясцовае насельніцтва бавіла час па-іншаму. аб чым сведчылі 3 пакеты "Экспромту", пакінутыя на прыпынку. І гэта побач з мастом, пад якім былі намаляваныя "Калюмны" і надпісы "Край" і "Радзіма, альбо Смерць"...
Страціўшы надзею дачакацца транспарта, мы пайшлі далей, папутна разглядаючы і фатаграфуючы мясцовыя крыжы і званіцу касцёла Св. Міхаіла Архангела. Нажаль, час не дазволіў наведаць магілу Ф. Рушчыца і агледзець руіны некаторых сельскагаспадарчых пабудоў, але гэтага мне не вельмі і хацелася, бо я прагнуў як мага хутчэй мінаваць гэты населены пункт і патрапіць у Ашмянскі раён, да якога было рукой падаць.
Скончыўся асфальт, а з ім наканец та ўзнікла пачуццё аддаленасці ад Мінску. перайшоўшы р. Гальшанку, мы быстрым маршам набліжаліся да Дзертнікаў - вескі на 40 двароў, дзе нас ніхто, акрамя "блізнят" не сустрэў. Мінаваўшы Дзертнікі, мы ішлі, чакаючы, павароту на Маркіняты, куды вырашылі зайсці яшчэ ў Багданаве, бо добра разумелі, што сёння ў каечную кропку нашага падарожжа мы не патрапім. Аднак доўгачаканы паварот усё не з'яўляўся і не з'яўляўся, і па прапанове А. мы збочылі з грунтоўкі і пайшлі па першай патрапіўшай сцежцы ў бок Маркінятаў.
Сцяжынка гэтая вяла нас невядома куды. бо хутка яна была перагарождана шлагбаўмам, прымацаваным да вялізнага дрэва, што не замінула нам абыйсці гэтую перашкоду. Але праз метраў 500 мы ўбачылі пасеку з 25 вулляў, а далей - невялікі ручэй з штучнымі запрудамі і нейкімі манекенамі ў вадзе, якіх мы спачатку прынялі за людзей. Ва ўсім была бачна рука добрага гаспадара, але самога гаспадара нідзе не было. Ведаючы змест казкі пра Машу і мядзведзей, мы вырашылі не чакаць яго з'яўлення, а хуценька прашмыгнулі праз яго палі ў бліжэйшы лес.
Дзякуючы вялікай колькасці сцежак, старых і ўтвораных пры лесанарыхтоўцы, авантурыстычнаму характару А. і маёй абыякавасці да таго, што мы ідзем не строга на захад, а на паўднёвы захад, мы ішлі некалькі гадзін, хаця павінны былі за 1 гадзіну выйці да поля, што прымыкае да Маркінятаў. Але настрой быў бадзёры, палатка была ў заплечніку, а таму мне нават спадабалася блукаць па лесе, тым больш, што я добра ведаў, што рана ці позна, але да Маркінят мы дойдзем і пераночым там. З гэтым я змірыўся і проста ішоў і артымоўваў асалоду ад падарожжа, а таксама абмяроўваў з А. незлічоную колькасць грыбоў, міма якой мы праходзілі. Нарэшце, калі да захаду сонца заставалася каля гадзіны, мы выйшлі на поле, якое адгароджвалася ад вёскі невялікай купкай дрэў. Я нават здзівіўся, як гэта мы так хутка патрапілі ў Маркіняты, ды і ўвогуле, я іх уяўляў іншымі. Паскорыўшы ход, праз 15 хвілін мы былі ўжо на краю вёскі, дзе сустрэлі мясцовага мужыка. Ён здзіўлена агледзеў двух хлопцаў з заплечнікамі і лапатамі, што выйшлі з лесу, і качаючы галавой, сказаў, што гэта не Маркіняты, а Міхайлоўшчына, якая размяшчалася ў двух кіламетрах на поўдзень ад патрэбнай нам вёскі...
Ну, што ж, Міхайлоўшчына, дык Міхайлоўшчына,я яе таксама хацеў даўно паглядзець! Гэтая вёска на 90 хат размяшчаецца ў самым ніжнім, вельмі маляўнічым, кутку Ашмянскага раёна на абодвух берагах Клявы. Падрабязней раскажу аб яе гісторыі калі-небудзь пазней.
Агледзеўшыся ў вёсцы і троху пафатаграфаваўшы царкву, рэшткі маёнтка і простыя хаты, мы пакрочылі ў бок Маркінятаў, якія ў хуткім часе з'явіліся на гарызонце.
У Маркіняты мы нарэшце прыйшлі, але ўжо амаль сцямнела. У дадатак, А. заўважыў, што яго "турыстычны дыванок", які ўсю дарогу падаў, на гэты раз згубіўся па-сапраўднаму. Спусціліся з дарогі, паклалі рэчы пад дрэва і пайшлі шукаць могільнік. Хутка заўважаю, што А. няма. Клічу яго. Маўчанне. Пачынаю нервавацца, тым больш, што абстаноўка адпаведная: наступіла сапраўдная ноч, бераг Клявы, парослы дрэвамі і вялізарнай, па пояс, травой. Навокал поўная цішыня, пад нагамі цвакае гразь і вада, а некалькі разоў невялікія жывёлкі, спужаўшыся маіх крокаў, пачынаюць кудысці бегчы, пры гэтым самі яны схаваныя пад шырокаліснымі раслінамі, а чуваць толькі іх рухі.
Выйшаў зноў на дарогу, спрабую патэлефанаваць А. - як на зло скончыліся грошы. Працягваю чакаць. Спытаў у мужыка, што самотна вёў некуды каня, пра могільнік. Ён назваў прыкладна тое ж месца, што апісваў у сваім дзённіку П. Рыкаў, але трохі далей ад вады. Час ляціць павольна. Добра чуваць, як Клява журчыць паміж камянёў. Дрэвы шапочуць. Некалькі разоў за гадзіну праехалі машыны, асляпляючы далёкім светам. Пачынаю нервавацца. Нарэшце, А. патэлефанаваў сам. Аказваецца, ён пайшоў назад у Міхайлоўшчыну шукаць "турыстычны дыванок". Абяцаў хутка быць. Не ведаю, колькі прайшло часу, але нарэшче на гарызонце з'явілася нейкая фігура, якая крок за крокам набліжалася да мяне. Толькі з 5 метраў бачна, што гэта А. "Дыванка" няма.
Пайшлі аглядаць могільнік. Пры свеце ліхтарыка і тэлефона (А. заўжды быў мінімалістам) нарэшце адшукалі курган і каменную пліту з ахоўным надпісам. Далейшыя пошукі пайшлі хпарчэй. Як не дзіўна, але з 1914 г. мала што змянілася. Курганы аплылі, сталі больш афорфнымі (а не трэба забываць, што гэта ўсходнелітоўскія курганы!!!), але спрактыкаванае вока ўсё адно іх заўважае. Паторкалі лапатай - сапраўды каменне. Узгадваюцца гальшанскія, але ж там не ўсходнелітоўскія. Чарговая загадка. "Пазвінелі" - шмат мусара. Вельмі шмат. Спускацца бліжэй да ракі. дзе "грунтовік" не сталі - усё адно нічога не знойдзеш, а ламаць ногі ноччу ў яры не было ахвоты. Пачалі думаць, што рабіць далей. Разбіваць палатку тут не вельмі хацелася, бо ноччу ў незнаёмым месцы цяжка выбраць удалае месца. Жывёлкі з кустоў рабілі атмасферу яшчэ больш "драматычнай")))
Параіўшыся, вырашылі, што да 00.00 паспеем прыйсці ў Гальшаны, дзе яшчэ працуе "Замак".
Адчувалася стомленасць - ўвесь дзень на нагах, ды яшчэ заплечнікі. Але ноччу "на аўтамаце" было ісці значна прасцей, чым днём, бо спёку змянілі вераснёўская прахалода. Высока ў небе плыў месяц, які даволі добра асвячаў нам шлях. Прайшоўшы Зноскі і Пябанцы, выйшлі на асфальтавую дарогу Ашмяны-Трабы. Стала яшчэ лягчэй, калі пачалі віднецца агенчыкі ў Гальшанах, якія былі бачны ўнізе. Прадчуванне асалоды аб халоднага піва здобрым куском мяса яшчэ больш павялічвала матывацыю. Параўняліся з старымі каталіцкімі могілкамі, прайшлі лясніцтва - да цэнтра Гальшан - каля 1 кіламетра...
У 23 з капейкамі мы выйшлі на цэнтральную плошчу і былі здзіўлены памерам народнага гуляння. Нічога падобнага за 4 гады мы не бачылі: усе тры бары былі забіты людзьмі, а тыя, што не змаглі патрапіць усярэдзіну, шумна весяліліся на вуліцы. Скінулі рэчы на лаўцы. Я адпачываў, а А. пайшоў дабываць ежу. Не дзіўна, што замест добрага кавалку мяса прыйшлося абмежавацца дзесяткам бутэрбродаў. Шкада, але лепш, чым нічога.
Пакуль сілкаваліся і адпачывалі, нагледзіліся шмат цікавага, смешнага і не вельмі, але аб гэтым не буду;)
Ісці начаваць на старое месца не было сіл, таму вырашылі завітаць да Айца Багуслава ў кляштар. Але ці то ён быў не ў настроі, ці спужаўся некліканых гасцей апоўначы, аднак ён, пастаяўшы троху ля дзвярэй, не адчыніў...
...Усю дарогу да ракі слухаў варчанне А., які спачатку наракаў на гасціннасць ксяндза, а потым шкадаваў згублены "турыстычны дыванок". Мокрая ад тумана трава таксама не надавала аптымізму, але што зробіш. Як мага хутчэй я паставіў палатку, расклаў рэчы ўнутры і паклікаў А. класціся на вайсковую плашч-палатку, якую я апошнім часам цягаў з сабой у вандроўкі. Пакуль заводзіў гадзіннік, А. ужо спаў мертвым сном. Распрануўшыся і запіваючы шакалад гарбатай з тэрмасу, лёг спаць і я. Праз 5 гадзін пад'ём.
Працяг хутка будзе.