На гэтым тыдні премьер-міністр Гордан Браун выбачыўся ад імя брытанскага ўрада за дзеянні ў дачыненні аднаго з герояў Другой сусветнай вайны
Алана Турынга (
Alan Turing), які праз суд быў прымушаны пагадзіцца на кастрацыю з-за сваёй гомасэксуальнасці.
А.Турынг вядомы тым, што стварыў машыну Турынга, з дапамогай якой быў расшыфраваны нямецкі код "Энігма", што зрабіла значны ўнёсак у перемогу над фашызмам. У 1954 г. ва ўзросце 41 года ён зрабіў сабе смерць пасля прысуду за аднаполыя сэксуальныя стасункі. Брытанскі суд прапанаваў яму на выбар або пайсці ў вязніцу, або пагадзіцца на хімічную кастрацыю. А.Турынг выбраў другое.
Прабачэнне Г.Браўна - вынік грамадскай кампаніі, у выніку якой звыш 30 тысяч чалавек далучыліся да адозвы з заклікам да ўрада. Кампанію падтрымалі такая знакамітасці як прафесар Рычард Доўкінс, пісьменнікі Іан Мак'юан і Стывен Фрай, і актывіст за правы чалавека Пітэр Татчэл.
У кранальным і эмацыйным адказе Г. Браун прыгадаў 70-годдзе пачатку Другой сусветнай вайны, якое адзначалася нядаўна. Ён сказаў, што дзеянні ў дачыненні А.Турынга былі "несправядлівымі ад пачатку да канца", што ён быў асуджаны паводле "гамафобскіх законаў" і што ён заслугоўваў "нашмат лепшай долі".
Пітар Татчэл вітаў прабачэнне, але сказаў таксама, што іншыя сто тысяч чалавек, асуджаныя за падобныя ўчынкі, заслугоўваюць прабаэння таксама: "Вылучаць аднаго толькі А.Турынга, бо ён славуты, - няправільна. У адрозненні ад Турынга, многія тысячы звычайных геяў і бісэксуалаў зусім не атрымалі выбара, іх проста садзілі ў вязніцу. З іх рабілі злачынцаў за тое, што не было злачынствам паміж гетэрасексуальнымі мужчынамі жанчынамі. "
Перакладзена з PinkNews Тэкст адказа Гордана Браўна на грамадскую адозву:
"2009-ты год быў годам глыбокіх роздумаў і шанцам для Брытаніі як нацыі выказаць глыбіню пашаны, яку мы маем да тых, хто быў перад намі. Непаўторнае спалучэнне ўгодкаў і розных падзей ускалыхнулі ў нас пачуццё гонару і ўдзячнасці, якое характарызуе брытанскі досвед.
Сёлета разам з прэзідэнтамі Сарказі і Абамам я ўшаноўваў служэнне і ахвяры герояў, якая штурмавалі пляжы Нармандыі 65 гадоў таму. На мінулым тыдні мы прыгадвалі 70-годдзе абвяшчэння Вялікабрытаніяй сваёй гатоўнасці узяцца за зброю супраць фашызму, - угодкі пачатку Другой сусветнай вайны. Для мяне гэта прыемнасць і гонар, што цяпер мы можам ушанаваць і адсвяткаваць - дзякуючы кампутарным навукоўцам, гісторыкам і ЛГБТ актывістам, - яшчэ адзін унёсак Брытаніі ў змаганне супраць цемрадзі таталітарызму, зроблены крыптографам Аланам Турынгам.
А.Турынг быў выдатным матэматыкам і найперш вядомым за сваю працу па расшыфроўцы нямецкага кода "Энігма". Не будзе пераўвелічэннем сказаць, што без яго выключна важнай працы гісторыя Другой сусветнай вайны магла быць даволі адрознай. У яго асобе мы без памылкі можам пабачыць унікальную працу, якая дапамагла змяніць кірунак усёй вайны. Глыбіня нашай удзячнасці яму робіць яшчэ больш жахлівым тое, наколькі бесчалавечным было стаўленне да яго. У 1952 г. ён быў асуджаны за "цяжкую непрыстойнасць", іншымі словамі, за тое, што ён быў геем. Пакараннем - альтэрнатывай якому была толькі вязніца, - стала хімічная кастрацыя з дамамогай серыі ін'екцый жаночых гармонаў. Праз два гады пасля таго ён зрабіў сабе смерць.
Тысячы людзей далучыліся да патрабавання справядлівасці для Алана Турынга і асуджэння дзеянняў у дачыненні да яго. А.Турынг быў асуджаны паводле законаў таго часу і мы не ў стане перавесці гадзіннік назад. Гэта не змяняе таго, што дзеянні ў дачыненні да яго былі абсалютна несправядлівымі. Мне прыемна, што цяпер я і ўсе мы можам сказаць, наколькі глыбока мы шкадуем за зробленае Алану Турынгу. Тое, што давялося паспытаць яму і тысячам іншых геяў, асуджаных паводле гамафобскіх законаў, было жахлівым. У дадатак, цягам многіх гадоў мільёны іншых людзей жылі ў страху быць асуджанымі.
Я ганаруся, што тыя дні мінулі і за апошнія 12 гадоў [лейбарысцкі] урад зрабіў вельмі шмат для ЛГБТ супольнасці, для справядлівасці і роўнасьці. Прызнане факту таго, што Алан Турынг - адна з найбольш знакамітых ахвяраў гамафобіі, стане яшчэ адным доўгачаканым крокам да роўнасці.
Больш за тое, А.Турынг заслугоўвае прызнання за сваё служэнне чалавецтву. Усім нам, хто нарадзіўся пасля 1945 г. у аб'яднанай, дэмакратычнай і мірнай Еўропе, цяжка ўявіць, што некалі наш кантынент быў сцэнай самай страшнай трагедыі чалавецтва. Цяжка паверыць, што людзі маглі быць настолькі апанаваныя нянавісцю - антысемітызмам, гамафобіяй, ксенафобіяй і іншымі забойчымі формамі нецярпімасці, - што газавыя камеры і крэматорыі некалі сталі часткай еўрапейскіх краявідаў нароўніцу з галерэямі, канцэртнымі заламі і ўніверсітэтамі, што вызначалі еўрапейскую цывілізацыя цягам стагоддзяў. Дзякуючы мужчынам і жанчынам, - такім, як Алан Турынг, - якія ахвяравалі сябе змаганню з фашызмам, тэрор Галакоста і паўсюднай вайны сталі часткай еўрапейскай гісторыі, а не сённешняга дня.
Ад імя брытанскага ўрада і ўсіх, хто жыве ў свабодным свеце дзякуючы працы Алана Турынга, я з вялікім гонарам прашу прабачэння, бо ён быў варты нашмат лепшага.".