ЗНАЁМСТВА Ў БІБЛІЯТЭЦЫ
Яна ўвайшла. Я пабачыў яе не адразу.
Я трымаў у галаве жоўтыя кветкі -
перакладаў Чубая. Тараса.
А сэрца ўжо білася ў такт абцасам.
Даруйце мне, выпадковыя сьведкі,
я пабачыў яе! Яе ахоўваў канвой.
Даруйце мне, выпадковыя людзі!
Я спахапіўся. Я крыкнуў: “Стой, прыгажуня, стой!”
І хлопец, што быў тады зь ёй,
выхапіў рэвальвэр. А я выхапіў свой.
Інстынкт апярэдзіў пачуцьці.
Ён быў выдатнік па фізпадрыхтоўцы. Ня тое, што я - мазіла.
Ён паклаў бібкалектарку. (Тая пасьпела прыкрыць сябе томікам Грабала.)
Прыгажуня грамчэй за ўсіх галасіла.
Вусьціш сэрцы і вочы граблямі шкрабала.
Ён бы стрэліў яшчэ, але нешта яго спыніла.
Гэта нейкі батан ударыў яго інкунабулай.
Яму далі пятнаццаць гадоў, і мы зь ёй засталіся удвох. Але гэта пасьля.
А тады я падбег да яе: “Супакойся, мілая, скончылася, скончылася!”
А яна - як і ўсе - на падлозе каменнай скорчылася,
скамянела. Гадала: заб’юць - не заб’юць. Бля,
я схапіў яе й вынес адтуль, як з палаючай хаты сялянін выносіць цяля.
Я сьпяшаўся. Я нёс і знаёміўся. Стрымліваў сьлёзы і жыў - упершыню ў жыцьці.
Нёс яе па жыцьці на руках, а аднойчы - радок за радком - знаёмства нашае песьціў.
Ты прабач мне, выпадковы чытач, што й табе давялося праз гэта прайсьці.
Я пісаў - і кахаў гэты вобраз няісны, і ў сэрцы яго назаўсёды зьмясьціў,
І - ты ведаеш, што? - ня мог да цябе не данесьці.
рыжий Паша
rudy_de via
khadanovich