Шпацыр батаніка-пачаткоўца

Apr 25, 2016 19:07

Учора я была двойчы пачаткоўцам!
Па-першае, прымерыла на сябе ролю аматара батанікі - у гэтай ролі я спрабавала сябе толькі ў дзяцінстве, калі зьбірала гербарый.
А па-другое, дачка аддала мне свой стары фотаапарат, і трэба была павучыцца працаваць зь ім, таму што ён больш складаны за мой.
Дома вельмі халодна (повад пазайздросьціць тым, хто жыве ў сваіх дамах і не залежыць ад цэнтралізаванага ацяпленьня), таму выправілася грэцца на вуліцу. І скіравалася не ў найбліжэйшы парк, а ў месца сваёй маладосьці, дзе я трохі папрацавала ў інстытуце, - у Шчомысьліцу. Месца гэтае вядомае сваёй унікальнай дубровай - а ўнікальная яна тым, што там дубы растуць побач зь елкамі. Біёлагі кажуць, што такога больш нідзе няма, таму што звычайна елкі закісьляюць глебу, а дубы ў кіслай глебе не растуць. І з гэтай прычыны дуброве ў Шчомысьліцы ў 1985 годзе надалі статус помніка прыроды. Ну чым не нагода паехаць туды?

Шпацыр па ахоўнай зоне атрымаўся вельмі зьмястоўным і цікавым, таму што ў якасьці гіда нас суправаджаў прафэсійны біёлаг Алесь Спіцын, а сам шпацыр быў арганізаваны ў межах Фэсту экскурсаводаў, які штогод ладзіцца ў перадапошнія выходныя красавіка.

Пачнем шпацыр зь зяленіва, па якім усе мы, безумоўна, ужо засумавалі за зіму. Дайце вачам зяленіва! Кажуць, што сузіраньне зялёнага колеру павышае настрой і нават дапамагае здымаць стрэс.



Ну што, настрой палепшыўся? Тады пойдзем далей і паглядзім вышэй - там, увышкі, ужо зелянеюць галінкі манчжурскага арэху - экзатычнай для нашай мясцовасьці расьліны, але побач з дубамі яна, як відаць, адчувае сябе зусім няблага.


А далей будзем сузіраць дзіўныя карункі яшчэ голых галін дубоў.


Гэтыя карункі ствараюць уражаньне, быццам ты трапіў у павільён для здымкаў нейкага фільма. Але не, вунь побач растуць елкі, якія не выглядаюць такімі ўжо нерэальнымі.


А дубы - яны як зачараваныя людзі, быццам хочуць нешта сказаць, але злы чараўнік спыніў іх рухі, і яны скамянелі ў нерухомасьці...






А тут, па-мойму, скамянеў не чалавек, а малады алень. Ці гэта чалавека спачатку зачаравалі ў аленя, а ўжо потым той стаўся дубам.


І грыбочкі ўжо пайшлі! А галоўнае - мала хто рызыкне зьбіраць гэтыя страчкі.


У дуброве расьце дуб, якому ўжо больш за 200 гадоў.


Але, на жаль, у мінулым годзе ў дупло дуба нехта неабачліва кінуў незатушаную цыгарэту, і дупло моцна выгарэла. Але магутны дуб вытрываў гэты замах на ягонае жыцьцё.



І яшчэ трохі экзотаў. У дуброве расьце амурскі аксаміт - дрэва зь незвычайнай карой, да якой увесь час хочацца дакрануцца. Яна мяккая, як і ў любога коркавага дрэва, і пры дакрананьні нагадвае коркі для вінных бутэлек.



Далей можна пабачыць папяровую бярозу.


Кара гэтай бярозы нагадвае ашмёткі паперы.


А вы бачылі калі-небудзь чорную бярозу? Я - не. А тут яна ёсьць!


І яшчэ ў калекцыю экзатычных расьлін - коркавая елка. Яе кара таксама нагадвае корак, але яна не такая мяккая, як у аксаміта.



беларускія дзівосы, цікавосткі

Previous post Next post
Up