Матэматычны або лінгвістычны кур'ёз?

Oct 18, 2012 11:25


Вітаю ўсіх, сябры, я вярнулася ў эЛЖы!
Прабачце ўсе тыя, каго своечасова не павіншавала з Днём народзінаў (а насамрэч вельмі шмат ЖЖ-сяброў нарадзілася ў кастрычніку - кастрычнік надта ўраджайны на цікавых людзей, таму хоць і са спазьненьнем, але віншую ўсіх разам! і тых, хто нарадзіўся ў верасьні, і ў жніўні - таксама!), і не крыўдуце тыя, хто, можа, чакаў майго камэнтара на свой допіс, але я не пракамэнтавала... Не было часу! То ў мяне госьці, то я ў гасьцях, то я ўся ў працы з галавою...
За гэты час я пасьпела пабыць і ў Міры, і ў Нясьвіжы, і на Нарачы, і ў Дудутках, і ў Баўгарыі, і зрабіць шмат чаго карыснага. Пра Баўгарыю зьбіраюся напісаць асобны пост, а пра астатняе - калі будзе цікаўнасьць з боку маіх чытачоў, магу таксама трохі напісаць. 
А пакуль проста хачу засьведчыць сваю прысутнасьць у ЖЖ.

У краме Баўгарыі, выбіраючы сабе да страваў кэтчуп, пабачыла на адной з бутэлек дзіўны надпіс: "100 грамаў кэтчупу ўтрымлівае 187 грамаў таматаў". Пасьмяялася: ці яны думалі галавою, калі пісалі такое? Як у 100 грамах можа быць 187 грамаў? Яшчэ напісалі б, што ў бутэльцы аб'ёмам 0,3 літра знаходзіцца 0,5 літра кэтчупу! Пашкадавала, што не ўзяла ў краму фотаапарата - сфатаграфавала б гэты дзівосны надпіс.
Ідучы ў гатэль, пасьмейвалася з гэтых дзівакаватых баўгараў, аж пакуль да мяне раптам не дайшло, што яны хацелі сказаць гэтым надпісам. Авохці, думаю, адпачынак аслабляе розум ці гэта мора так уплывае або сонца? І ўсё-ткі, яны мусілі б напісаць па-іншаму, каб было зразумела любому разьняволенаму адпачывальніку... І вось скажыце мне, а вы б адразу скемілі, пра што там вядзецца?

прыколы, цікавосткі

Previous post Next post
Up