Весеннее светопредставление

May 11, 2017 19:58



Закліканне вясны

Ты прыйдзі, вясна жаданая,
Прыйдзі!
Гукам жыцця, песняй працы
Загудзі.

На узгоркі, на знічкі
Зірні,
Сон трывожны, сон цяжкі наш
Разгані.

Ты нясі нам радасць, сілачку
Нясі,
Нашу лепасць і нядбаласць
Атрасі.


Ты ляці на крылах выраю
Скарэй,
Абласкай цяплом пахілых,
Абагрэй.

Наша жыццё, нашу долечку
Пабач,
Над жытамі цёплым дожджыкам
Заплач.

Пакаціся громам-грукам
Угары.
Ты ідзі, нясі цудоўныя
Дары.

Узбагаць ты добрым засевам
Наш край.
Ты прыйдзі і з намі дружна
Заспявай.

Ўскалыхні ты струны сэрцайка
Жывей,
Каб было нам жыць на свеце
Весялей.

Дык ідзі да нас, жаданая,
Ідзі,
Раскатурхай нашу дрэму,
Абудзі!

Якуб Колас

поэзия, Беларусь

Previous post Next post
Up