"На самым краі гарызонту, дзе ўзнеб'е цалкам сыходзіцца з зямлёю
за далёкім лесам, дзе ўжо канчаецца сьвет, наглуха забіты дошкамі,
за 15 зь лішнім міляў ад Вільні ляжыць у Ашмянскім павеце мястэчка Валожын..."
Такімі словамі выдатны беларускі паэт, пісьменьнік, гісторык і краязнаўца Ўладзіслаў Сыракомля распачаў свой нарыс "Валожын - мястэчка ў Ашмянскім павеце", надрукаваны ў далёкім 1861 годзе. Вядома ж, паўтара стагодзьдзя ўнеслі свае карэктывы - няма ўжо побач той глухой пушчы, "дзе рэдка чалавека, а часьцей воўка, мядзьведзя або лася сустрэнеш", а сам Валожын зь мястэчка вырас у горад і нават стаў цэнтрам самастойнага "павета". Але гэта не азначае, што наш сучаснік ужо ня здолее ўбачыць за фасадам "тыповага райцэнтра" тое мястэчка, якое ў свой час апісаў бацька айчыннага краязнаўства...
Людвік Кандратовіч, больш вядомы як Уладзіслаў Сыракомля, па ўласным прызнаньні, уязджаў у Валожын з боку Вільні. Таму і мы пачнем знаёмства са славутасьцямі гэтага горада з боку, супрацьлеглага адносна Менска.
Першае, чым мястэчка Валожын сустракала "лірніка вясковага" ў 1861 годзе - гэта недабудаваная яшчэ на той час праваслаўная царква сьвятых Канстанціна і Алены, тым не менш, згаданая пісьменьнікам пры апісаньні местачковай забудовы: "... драўляная царква, мураваная сынагога..."
Будаўніцтва храма распачалося яшчэ ў 1855 годзе і вялося на прыватныя ахвяраваньні, у тым ліку і ўладальніка мястэчка графа Яна Тышкевіча, каталіка па веравызнаньні. Як і ўсякая справа, што ня мае сталае крыніцы фінансаваньня, будаўніцтва цягнулася марудна і скончылася толькі празь пяць год пасьля візыту Сыракомлі - у 1866 г.
Царква будавалася ў часы, калі ў архітэктуры адбываўся адыход ад наднацыянальнай эстэтыкі клясыцызму ў бок "гістарызму", пошуку нацыянальных рысаў у архітэктуры. У гэтым сэньсе валожынская царква - цікавы ўзор незалежнага творчага мысьленьня: архітэктар не ідзе па шляху капіяваньня аднаго са шматлікіх тыповых праектаў цэркваў у "рускім" стылі, а адштурхоўваецца менавіта ад нацыянальных архітэктурных здабыткаў. Так, у аснову пляна царквы пакладзены лацінскі крыж, што тыпова для архітэктуры беларускага барока 16 - 18 стст., а барабан на сяродкрыжжы і асабліва вежа-званьніца зь яе дэкорам у выглядзе падвеснай падвойнай аркі выклікае асацыяцыі з помнікамі беларускай абарончай готыкі - царквой у Сынкавічах і Мірскім замкам.
Хто ведае, ці не закаханы ў рамантычныя крушні Мірскага замка гісторык і паэт Сыракомля, які, дарэчы, зрабіў першае гістарычнае апісаньне "кветкі Сярэднявечча" і заклікаў грамадзкасьць прыняць меры па захаваньні рэшткаў замка ад далейшага разбурэньня, прапанаваў будаўнікам такі незвычайны праект царквы? Альбо да гэтага спрычыніліся сваякі ўладальніка Валожына - славутыя гісторыкі, архэолягі і зьбіральнікі беларускай старасьвеччыны, браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы (з лагойскай галіны роду Тышкевічаў)? Загадкі, здагадкі...
Насупраць царквы - сымпатычны будынак, праўда, не часоў Сыракомлі, а "крыху" пазьнейшы - 1932 г.
Наступнай пры апісаньні мястэчка Сыракомля ўзгадвае сынагогу і наступным чынам характарызуе габрэйскую частку насельніцтва Валожына: "тлумнае сноўданьне ізраільцянаў зараджае пытаньне, чым гэтая грамада без крыніцаў гандлю і промыслу можа харчавацца" (гандаль у Валожыне быў манапалізаваны ўладальнікам мястэчка). Узняўшы пытаньне, пісьменьнік адразу дае падказку для яго вырашэньня: "Валожын славіўся вядомым у Ізраілі сваёй навукаю, набожнасьцю і дабрачыннасьцю рабінам, што памёр гадоў дзесяць назад. Я пазнаёміўся зь яго сынам, чалавекам увогуле адукаваным, і агледзеў бібліятэку слаўнага рабіна, складзеную са старажытнагабрэйскіх і нямецкіх кніг".
"Слаўны рабін", пра якога ідзе гаворка ў гэтым урыўке - гэта Іцхак Валожынэр, які памёр у 1849 г. Іцхак быў сынам яшчэ больш вядомага ў габрэйскай грамадзе Хаіма Валожынэра, што заснаваў у 1803 г. знакаміты валожынскі ешыбот (іешыву) - габрэйскую ВНУ для вывучэння талмуда і падрыхтоўкі рабінаў.
Такім чынам, "тлумнае сноўданьне ізраільцянаў" сярод "местачковай гразі" - гэта насамрэч "цвет еврейской молодёжи 19го века", будучыя "выдающиеся великие равины")
А вось і сам будынак, у сьценах якога навучаўся той самы "цвет еврейской молодёжи".
Для параўнаньня - фота стогадовай даўнасьці.
Бачна, што будынак пацярпеў ад "евроремонта" (у дадзеным выпадку - ад слова "еврей"), бо рабілі яго на сродкі габрэйскай грамады з ЗША. На шчасьце, амэрыканскія габрэі аказаліся сапраўднымі габрэямі і адшкадавалі грошай толькі на палову будынка, так што бакавы фасад захаваў аўтэнтычны выгляд.
Па дзіўным супадзеньні, у адзін год з ешыботам была заснаваная і іншая славутасьць Валожына - палац уладальніка мястэчка графа Тышкевіча, будаўніцтва якога вялося з 1803 па 1815 год. Па словах Сыракомлі, "прыгожы, з афіцынамі, стайняй, аранжарэяй і садам, мураваны палац цудоўна аздабляе мястэчка". Гэтыя радкі захоўваюць сваю актуальнасьць і сёньня.
Нажаль, гэта - мінімальная адлегласьць, на якую сучасны аматар старажытнасьці можа зараз наблізіцца да валожынскага палаца. Канечне, толькі калі ён не зьяўляецца жаўнерам Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь)
Але палац мае брата-блізьнюка - флігель (афіцыну), які знаходзіцца наўпрост насупраць палаца.
Доступ да флігеля адчынены, але асаблівага жаданьня знаёміцца з інтэр'ерамі не ўзьнікае - у флігелі знаходіцца раённае аддзяленьне міліцыі і суд.
Аднак вонкавы выгляд як палаца, так і флігеля амаль на сто адсоткаў аўтэнтычны, за што трэба дзякаваць любімы архітэктурны стыль усіх імпэрыяў усіх часоў - клясыцызм.
Аранжарэя, якая знаходзілася паміж палацам і флігелем, загінула ў першую сусьветную вайну, і ў 1926 годзе на яе падмурках быў узьведзены адміністрацыйны будынак.
Адзначыўшы хараство палаца Тышкевічаў, тым не менш, гонар "самай выдатнай аздобы" Валожына Сыракомля аддаў касьцёлу сьв. Юзафа: "Над прыземленым мястэчкам. якое, здаецца, кленчыць перад яго веліччу, сьвецяць яго цудоўныя муры".
Захапленьне веліччу касьцёла не перашкодзіла, аднак, Сыракомлю зрабіць заўвагу наконт таго, што пры будаўніцтве храма "алоўкам архітэктара кіравала не набожнасьць, а захапленьне грэцкім хараством".
"Франтон надзейна трымаецца на шасьці філярах, паміж якімі чатыры велізарныя гіпсавыя фігуры евангелістаў". На сёньняшні дзень нішы на фасадзе пустыя...
"Над вялікімі дзьвярыма на мармуровай табліцы чытаем залатымі літарамі: "Offerimus praeclarae Majestati Tude, de Tuis donis ac datis. Anno Dui 1813 septembris 17" ("Ахвяруем Табе найлепшае з таго, што Ты даў нам. 17 верасьня 1813 г."). Табліца захавалася пад тынкам:
Далей Сыракомля распавядае, што пасьля пажару, які зьнішчыў стары драўляны касьцёл, новы мураваны храм быў узьведзены і аздоблены за дзевяць гадоў коштам уладальніка мястэчка графа Юзафа Ігната Тышкевіча (адкуль і найменьне храма ў гонар сьв. Юзафа).
Побач з храмам пабудаваная званіца, для якой "на сродкі нейкага Радынскага ў ліцейшчыка Готліба Феера Абэнда ў Вільні былі купленыя два званы, адзін дзесяці-. а другі трохпудовы".
Побач са званіцай у часы "другой Рэчы Паспалітай" пабудавалі плябанію ў "старапольскім" стылі.
"Унутры касьцёл прыўкрасна аздоблены. Бачная заможная рука і клапатлівая ахвота фундатара". На жаль, сучасны інтэр'ер касьцёла сьв. Юзафа зусім аскетычны, бо ў савецкі час храм быў прыстасаваны пад вытворчае памяшканьне і ў ім былі разьмешчаныя станкі з усімі выцякаючымі з гэтага наступствамі.
"Абразы пэндзля Вайтовіча. Наколькі памятаю, найлепшы з тых абразоў - абраз сьв. Банаветуры ў кардынальскім адзеньні, акружанага ксяндзамі, потым сьв. Юзаф і сьв. Ганна. Абраз сьв. Юрыя... зьдзіўляе і сьмешыць пры сур'ёзных уражаньнях, якія пакідае ўся сьвятыня. Так, сьв. Юрый, акрамя зброі, поўная копія вядомага абраза Давіда, калі Напалеон І пераходзіць Альпы. Тая ж самая поза не толькі постаці і каня, але нават згрупаваньне скалаў. Гэта ўжо занадта наіўна." Зь пералічаных захаваўся абраз сьв. Юзафа:
"Пад хорамі знаходзіцца скляпеньне, а ў ім труны фундатараў і алтар, на якім у пэўныя дні адбываецца імша". У падзямельле не патрапіў, але, паўзіраўшыся ў касьцёльны панадворак, магу засьведчыць яго наяўнасьць:
Такім чынам, Валожыну пашанцавала - амаль усё тое, што пабачыў і апісаў у сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя славуты пісьменьнік, дажыло да нашых часоў. І цяпер ужо нам трэба клапаціцца пра тое, каб і нашы нашчадкі здолелі на ўласныя вочы ўпэўніцца ў слушнасьці радкоў клясыка, прысьвечаных гэтаму ціхаму і ўтульнаму беларускаму мястэчку.