Вольна: царква Сьвятой Тройцы і яе інтэр'ер

Dec 02, 2012 22:11

Запрашаю ўсіх палюбавацца адным з найпрыгажэйшых храмаў нашай краіны (увогуле багатай на прыгожыя храмы) - Траецкай царквой, што ў вёсцы Вольна (Баранавіцкі раён Берасьцейскай вобласьці), і пазнаёміцца зь яе гісторыяй.






Царква знаходзіцца ў маляўнічым антуражы старога вальнянскага парка, закладзенага ў 18 ст. уладальнікамі вёскі - шляхціцамі Сьлізьнямі.

Першая мураваная царква ў Вольна была збудаваная ў 1632 годзе падстоліем наваградзкім Крыштофам Каменскім з жонкаю Аленай Друцкай-Горскай. Яны ж заснавалі пры царкве базыліянскі мужчынскі манастыр, на які ахвяравалі 10 валокаў зямлі населенай і 10 - ненаселенай, а таксама дзьве сенажаці ў Беражной і Маркаўшчыне з правам карыстаньня Моладавіцкім лесам. Сьвятыняю манастыра зьяўляўся цудатворны абраз Маці Божай Вальнянскай, апісаньне цудаў ад якога ахоплівае пэрыяд з 1660 па 1701 гады. Таксама пры манастыры дзейнічала школа філязофіі.

Захаваліся зьвесткі пра дабрачынцаў, якія ахвяравалі на карысьць абіцелі значныя грашовыя сродкі і маёмасьць. Гэта Самуіл і Кляра Камінскія (1707 год, 900 злотых), Казімір Маляўскі (1717 год, 1600 злотых), Павал Макушыцкі (1777 год, 1050 рублёў срэбрам). Асабліва трэба адзначыць Міхала Дамаслоўскага, які ў 1766 годзе адпісаў манастыру сенажаць і 1050 рублёў срэбрам. Відавочна, менавіта на сродкі Дамаслоўскага замест старога манастырскага храма да 1768 году невядомым архітэктарам і быў збудаваны гэты архітэктурны шэдэўр.

Перад намі - віленскае барока ў яго найбольш экзальтаванай, "палымнеючай" форме, якую дасьледчыкі часам называюць "беларускае ракако". І ключавое слова ў гэтым назове - "беларускае". Геніяльны (я б нават сказаў, ШАЛЁНА геніяльны!) і, на велізарны жаль, невядомы нам дойлід стварыў у Вольна сапраўдную архітэктурную паэму - прысьвячэньне старажытным беларускім гатычным храмам-крэпасьцям: ступенчатыя контрфорсы, якія разам з арачнымі нішамі так удала ўпісаліся ў хвалістую ўвагнута-выгнутую ракайльную плястыку галоўнага фасада, перавандравалі ў вальнянскую царкву наўпрост з недалёкай Ішкальдзі, дзе й па сёньняшні дзень захаваўся адзін з найстаражытнейшых гатычных храмаў Беларусі - Траецкі (заўважце, таксама Траецкі!) касьцёл 15 ст. Параўнайце:
Ішкальдзь

Вольна

Як кажуць, "налицо" творчая перапрацоўка спадчыны продкаў (Дарэчы, зьвярніце ўвагу на крыжы на вежах і шчыпцы. Зусім верагодна, што яны аўтэнтычныя, з 1768 году!).
На агульную ваяўніча-абарончую тэматыку храма-крэпасьці працуе і дэкаратыўнае пано на фасадзе царквы, на якім, сярод іншага, можна ўбачыць і "Пагоню"!

Працягваючы гульню ў параўнаньні, можна меркаваць, куды накіраваўся невядомы майстар пасьля заканчэньня будаўніцтва вальнянскай царквы.
ВОЛЬНА, царква Сьв. Тройцы (асьвечаная ў 1768 годзе):

СЛОНІМ, касьцёл сьв. Андрэя (асьвечаны ў 1775 годзе):

Канечне, слонімскі касьцёл больш ракайльны, але гэта і зразумела - ён больш позьні па часе ўзьвядзеньня, ды і фундатар у яго быў куды багацейшы - сам Міхал Казімір Агінскі, так што архітэктару ўжо ня трэба было імітаваць суровую абарончую готыку і можна было, як кажуць, "адарвацца на ўсе сто") Гэта, канечне, толькі гіпотэза...
Падабенства з Андрэеўскім касьцёлам прасочваецца таксама і ў інтэр'еры вальнянскай царквы, але пра гэта пазьней.
Першапачаткова царква была пакрытая гонтам, пасьля "чорным жалезам" (пэўна, дахоўкай). У 1929 і 1981 (!) царква перакрывалася ацынкаванай дахоўкай. Зьвярніце ўвагу - хоць дах і перакрывалі некалькі разоў, але завяршэньні вежаў, крыжы і нават драўляная барокавая вежачка-сыгнатурка засталіся некранутымі.

У 1839 годзе манахаў-базыліянаў перавялі ў іншыя манастыры, а ў Вольна пасяліліся манахіні з зачыненага Наваградзкага Барыса-Глебскага манастыра. Жаночы праваслаўны манастыр дзейнічаў тут да 1873 году, калі нешматлікіх манахіняў персялілі ў Менскі Спаса-Перамяненскі манастыр. Маёмасьці манастыра адышлі ў дзяржаўны скарб яшчэ раней - у 1842 годзе. Замест іх манастыр атрымаў грашовае ўтрыманьне - 1455 рублёў срэбрам у год, а таксама 150 дзесяцінаў гаспадарчай зямлі, 50 дзесяцінаў дравянога лесу ў казённай Радкевіцкай лясной дачы і 6 душаў мужчынскіх з дзяржаўных сялянаў.

Такім чынам, з 1873 году царква дзейнічае як прыходзкая, прычым без перапынкаў! У 1895 годзе быў праведзены яе капітальны рамонт. Трэба аддаць належнае мясцовым праваслаўным сьвятарам і прычэтнікам, як былым, так і сучасным: яны зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць непаўторнае аблічча храма як звонку (зьнешні выгляд увогуле не зьмяняўся), так і ў інтэр'еры, дзе зусім бязь зьменаў абыйсьціся было ўжо немажліва.

Найперш гэта тычыцца іканастаса (1895 год), які відавочна быў зроблены адмыслова для вальнянскай царквы, таму што, па-першае, паводле свайго хвалістага абрысу дакладна паўтарае канфігурацыю існуючага мураванага алтара, па-другое, шырыня яго цэнтральнай часткі з царскай брамай адпавядае шырыні алтара, па-трэцяе, іканастас выкананы ў аднолькавай зь ім колеравай гаме і, па-чацьвертае, мае толькі два ярусы, у выніку чаго функцыю трэцяга ярусу аптычна выконвае стукавае (гіпс з мармуровай крошкай) скульптурнае навершша мураванага алтара (фігуры анёлаў) з картушам "Тройца Новазапаветная".

Такім чынам, пры афармленьні іканастаса былі прыкладзеныя максымальныя высілкі, каб у найбольшай ступені выкарыстаць пакінуты ў спадчыну ад уніятаў мураваны алтар, дакладней, яго складаны разарваны антаблемент (тое, што вышэй за калёны) - сам алтар, згодна з кананічнымі правіламі праваслаўя, схаваны за царскай брамай іканастаса.

Ня трэба блытаць архітэктурную кампазыцыю алтара вальнянскай царквы з мураванымі іканастасамі, якія былі зробленыя ў шэрагу ўніяцкіх цэркваў, напрыклад, у полацкай Сафіі. Іканастас мусіць цалкам закрываць алтар, які ў такім выпадку  сьціплы і ня мае архітэктурнага дэкору (навошта дэкор - ніхто ж яго ня ўбачыць, апроч сьвятароў). Ня тое бачым у Вольна. Разарваны антаблемент, згодна з прынцыпамі барока, акцэнтуе ўвагу на пышна дэкараваным алтары, цэнтральная частка якога быццам выразаная і адсунутая ў глыбіню прэзьбітэрыя (алтарнай часткі), што аптычна паглыбляе алтарную прастору. 

Аналягічнае (толькі ўжо ў духу клясыцызму) выкананьне алтара з разарваным антаблементам і фігурамі анёлаў у навершшы бачым і ў слонімскім Андрэеўскім касьцёле:



Першапачатковая адсутнасьць іканастаса ў вальнянскай царкве тлумачыцца тым, што манахі-базыліяне мясцовага манастыра адпраўлялі набажэнствы паводле пастановаў Замойскага сабору 1720 году, гэта значыць, фактычна па рыма-каталіцкаму ўзору.
Акрамя мураванага алтара, у царкве захаваны:
амбон, упрыгожаны скульптураю прарока Майсея са скрыжалямі Запавету

фэратроны (двухбаковыя рыма- і грэка-каталіцкія пераносныя алтары) першай паловы 19 ст.




і польскамоўныя надмагільныя дошкі Юзафа Мацкевіча, былога каморніка наваградзкага (памёр 3.11.1817), і яго жонкі Марцыяны (13.11.1821), якія знаходзяцца ў крылах трансэпту сьвятыні.




Да больш позьніх, праваслаўных, часоў належыць гэтае старое Ўкрыжаваньне:

Царкоўныя абразы ў сваёй большасьці выкананыя ў стылі рускага акадэмізму і іх зьяўленьне ў храме, відавочна, зьвязанае зь яго капітальным рамонтам у 1895-м. На некаторых абразах - данатарскія запісы. Напрыклад, гэты абраз ахвяраваны прыхаджанамі-жаўнерамі, якім з Божай дапамогай пашчасьціла вярнуцца з руска-японскай вайны:

Пры базыліянах у царкве напэўна быў арган, ад якога засталіся прасторныя хоры, зь якіх добра здымаць інтэр'ер храма)

Скляпеньне царквы з фрэскай "Новазапаветная Тройца":

На заканчэньне - крыху восеньскіх фарбаў:





P.S.: уся выкарыстаная інфармацыя па гісторыі вальнянскай царквы была сабраная мясцовымі сьвятарамі і атрыманая аўтарам непасрэдна ў храме падчас наведваньня.
 
Previous post Next post
Up