У ваколіцах Магілева

Nov 07, 2012 11:47

Што цікавага паглядзець у ваколіцах Магілева? У якасьці аднаго з магчымых адказаў на гэтае пытаньне прапануецца наступны маршрут:
Палыкавічы


Буйнічы


Княжыцы


Палыкавічы - вёска-сатэліт Магілева (ад цэнтра горада - хвілін 15-20 на маршрутным таксі), якая знаходзіцца ў досыць маляўнічай мясьціне на ўзьбярэжжы Дняпра. Дакладней, знаходзілася, бо праз выбух будаўніцтва лецішчаў калісьці цудоўны Палыкавіцкі лес зараз амаль зьведзены. Але невялічкі яго кавалак усё ж такі захаваўся: ён утварае ахоўную зону помніка прыроды - Палыкавіцкай крыніцы.

Крыніца ў Палыкавічах з даўніх (ці не з паганскіх) часоў ушаноўваецца як сьвятое мейсца. Нездарма ля крыніцы ў лесе была пабудаваная праваслаўная капліца ў імя сьв. Параскевы Пятніцы, якую ў народзе лічаць апякункай крынічак і ручаін. У 1892 годзе капліца "апранулася" ў цэглу, але гэта не ўратавала яе ад разбурэньня ў часы "перамогі сацыялізму". Аднак "сьвятое мейсца не застаецца пустым" - пасьля развалу Саюза капліца была адноўленая.






Другі сатэліт-прыгарад Магілева, які знаходзіцца з супрацьлеглага боку ад горада - гэта Буйнічы. Буйнічы - адно з найлепшых мейсцаў адпачынку ў Магілеве, бо тут знаходзяцца адразу некалькі цікавых аб'ектаў. Найперш гэта славутае падзеямі 1941 году Буйніцкае поле.

Падзеі, якія адбываліся на гэтым мейсцы з 10 па 22 ліпеня, найлепш апісаныя ў рамане Канстанціна Сіманава "Жывыя і памерлыя". Адзначу толькі, што гэтыя падзеі мелі на той час вялікае псыхалягічнае значэньне: звычайныя чырвонаармейцы, узброеныя вінтоўкамі, некалькімі гарматамі і бутэлькамі з гаручай сумесьсю ня толькі пасьпяхова супрацьстаялі нямецкай танкавай дывізыі (толькі 12 ліпеня зьнішчана 39 танкаў!), але й пераходзілі ў контрнаступы, бралі палонных! Адступілі толькі калі апынуліся пад пагрозай акружэньня... Пазьней Сіманаў, сьведка тых баёў, казаў, што на Буйніцкім полі ўпершыню паверыў у Перамогу.

Сам мэмарыяльны комплекс пабудаваны ў 1995 годзе і складаецца зь некалькіх аб'ектаў. Найперш гэта мэмарыяльная капліца, прызначаная ў тым ліку і для ўрачыстага перапахаваньня савецкіх ваяроў, чые магілы ў будучым будуць знойдзены на мейсцах баёў каля Магілева.



У інтэр'еры капліцы знаходзіцца так званы маятнік Фуко. Якую сымбалічную ролю ён пры гэтым выконвае - невядома...

Дарэчы, гэты маятнік значна абмяжоўвае магчымасьць фотаздымкі ў капліцы. А там ёсьць, на што паглядзець: сьцены і купал упрыгожаны прыгожымі фрэскамі з выявамі старога Магілева і ваяроў, далучаных да ліку сьвятых - Георгія Пераможцы ды іншых.

Побач з капліцай знаходзяцца наступныя аб'екты: з аднаго боку так званае "возера Сьлёз" і нямецкі танк Т-ІІІ, што быў знойдзены ў рацэ Друці непадалёк ад Бялынічаў. Танк у ідэальным стане захаванасьці, што робіць яго надзвычай каштоўным (ужо былі спробы яго выкрасьці).

З другога боку капліцы - пляцоўка савецкай вайсковай тэхнікі.

Крыху далей можна пабачыць рэшткі супрацьтанкавага ірва 1941 году. 70 мінулых гадоў ня здолелі канчаткова зьнішчыць гэтае магутнае ўмацаваньне.

Прыгожа: на мейсцы былых баёў квітнеюць кветкі...
Ну а на самым краі поля знаходзіцца мэмарыяльны камень у гонар К.Сіманава, попел якога быў разьвеяны на Буйніцкім полі згодна з тастамэнтам пісьменьніка ў 1979 годзе.





Побач з каменем Сіманава знаходзіцца павілён, у якім разьмешчаная музэйная экспазыцыя, прысьвечаная абароне Магілева ў 1941 г.

Таксама нельга не адзначыць галоўны ўваход у мэмарыяльны комплекс, які апошнім часам стаўся адной з візытовак Магілева.

Ля ўвахода зьмешчаныя мэмарыяльныя дошкі, вось некаторыя зь іх:



І апошні элемент комплексу - адразу за галоўным уваходам знаходзіцца пляцоўка з савецкімі гарматамі, якія ў 1941-м былі на ўзбраеньні Чырвонай Арміі, у тым ліку і абаронцаў Магілева.

А з супрацьлеглага боку шашы ў Буйнічах знаходзяцца яшчэ два цікавых аб'екта. Па-першае, гэта комплекс "Беларуская этнаграфічная вёска 19 ст.". Але не сьпяшайцеся з высновамі: з аўтэнтыкі ў гэтай "вёсцы" толькі адзін млын-вятрак (не працуе, унутр не пускаюць). Насамрэч "вёска" ўяўляе сабой сем "хатак": Ганчара, Пекара, Ткача, Цесьляра, Каваля, хатку пляценьня з саломкі і лазы і хатку Самагоншчыцы. У кожнай хатцы сядзіць адпаведны рамесьнік і можна паназіраць за "вытворчым працэсам", а таксама паглядзець і набыць што-небудзь з гатовых вырабаў (так-так, і самагонку таксама), напрыклад, такога брутальнага мядзьведзіка:

альбо вось такі каваны ліхтар:

Вось такія міні-Дудуткі.
А побач зь "вёскай" месьціцца магілеўскі заасад, на мой погляд, значна лепшы ў параўнаньні зь менскім: добраўпарадкаваная тэрыторыя, прасторныя вальеры для жывёлаў плюс магчымасьць пакатацца ў цягнічку вакол поля з сапраўдным зубрыным статкам!
Адным словам, Буйнічы - цудоўнае мейсца для адпачынку зь дзецьмі: пакуль дарослыя дзюбаюць самагоначку, хлопчыкі могуць гуляць у вайну побач з сапраўднымі танкамі і гарматамі, а дзяўчынкі - разглядаць трусікаў, козачак і іншую зверыну.



Ну а аматараў старажытнасьці запрашаем у Княжыцы, што ў некалькіх кілёмэтрах ад Магілева. Тут захаваўся (пакуль яшчэ) унікальны па сваёй архітэктуры касьцёл сьв. Антонія Падуанскага.



Унікальнасьць гэтага помніка найперш у тым, што гэта, бадай што адзіны касьцёл 18 стагодзьдзя з трохвежавым франтонам. Па-другое, на фасадзе храма прысутнічаюць незвычайныя падпорныя сьценкі-брамы. І гэты пералік адметнасьцяў можна працягваць...

Калі-нікалі гэты касьцёл у даведачнай літаратуры называюць "касьцёлам сьв. Мікалая", але гэта недакладнасьць: як заўважалася раней, касьцёл быў асьвечаны ў гонар сьв. Антонія, і толькі ў 1872 годзе стаў звацца праваслаўнай Мікалаеўскай царквой.

Як і ў выпадку з мсьціслаўскім кармяліцкім касьцёлам, рэстаўрацыя храма ў Княжыцах спынілася на няпэўны час...

Сёе-тое з рэшткаў даўніны яшчэ можна знайсьці:

Адзін з бакавых алтароў:

А гэта галоўны алтар:

Нават у такім стане алтар захаваў барокавую веліч:

А вось так вырашаныя ўваход у храм і хоры:

Вонкавы стан касьцёла, на жаль, таксама пакідае жадаць лепшага:

Так што пакуль яшчэ ня позна, раю наведаць Княжыцы і на ўласныя вочы пабачыць гэты выбітны помнік, узьведзены рукамі нашых продкаў.
Previous post Next post
Up