Нашафнае

Jan 31, 2012 15:05

Па фэн-шуй дрэнна, калі шафа зверху завалена ўсялякім хламам. Гэта праблемы ці з мінулым, ці з будучым, ці яшчэ нейкія праблемы... Ня памятаю.
Карацей, палезла я на стол, каб закінуць на шафу чарговую каробку (пустую з-пад вэб-камеры. А раптам спатрэбіцца?:)))).
Так, у мяне зараз ёсць вэб-камера!!! Праўда, няма пакуль нагоды яе карыстаць.
І яшчэ адну - поўную. Там боты, якія я набыла ў Вільні пад Новы год. Зараз не сезон, а ў калідорную шафу яны не лезуць.

Калі ўжо залезеш пад самую столь, хочацца як мага больш карысна правесці там час. Калі яшчэ надасца такая магчымасць?
Змахнуўшы пыл там, дзе дасталі рукі, я пачала вывучаць нашафныя выкапні.
Ага - вунь там каробка з галаваломкамі. Гэта я памятаю. Побач каробка з дзіцячай драбязой: самаробны паралонавы вожык у тумане, свістулькі, папяровыя пеўнікі, бусіны, каляровае шкло... Чамусьці шкада выкінуць. Там - з калекцыяй ракавін. Далей - каробкі з-пад мабільнікаў. О! А гэта дыяпраектар! Трэба будзе неяк знайсці дыяфільмы і паглядзець што-небудзь:) Ля самай сцяны ляжыць скручаны абрус і сурвэткі, зробленыя са старых, яшчэ савецкіх мапаў. Ёсць парачка плакатаў - рэперскі (купіла ў падарунак, але так і не падаравала) і з канцэрта гурта "Серебряная свадьба" (бацька не дазволіў павесіць мне яго на дзверы прыбіральні, таму што нібыта ад скотча фарба адлупіцца. Такога колеру - няхай бы 10 разоў аблупілася!).

Хо! Вось яно! Тое, дзеля чаго варта было залезці сюды - вялікая каробка цукерак Мерсі. Я зусім забылася на яе! Але радасць не доўжыцца доўга. Эх, лепей бы яе не было...

Так, няблага было б разабраць гэта ўсё і навесці парадак.

Але замест гэтага я закідваю наверх яшчэ адну каробку. Там бакалы для марціні. Падарунак ад калег на Нарадзіны. Усё адно ў бліжэйшы час не буду яго купляць...
Previous post Next post
Up