Cafe Акварыюм

May 27, 2010 21:02



Серада. 19 траўня. Разанаў у Вільні: ганаровы доктар ЕГУ.

Заля ЕГУ на Валакупе запоўнена на чвэрць, журналістаў практычна няма. Студэнты на абаронах.

І ўсё ж цяплыня й утульнасьць. Можа якраз таму й утульна, што сабраліся толькі тыя, каму важна.

Усе выступоўцы невыпадковыя. Я чытаю невялікі эсэй Разанаў і алхімія.

Поўны тэкст у Новым часе, тут толькі фрагмэнты:
Гаворачы пра Алеся Разанава, адчуваеш, што вымушаны выходзіць па-за межы творчай асобы, суб’ектыўнасьці, ці нават генія. Што гаворка насамрэч і не пра літаратуру, альбо не толькі пра літаратуру.

Што здарылася тады ў культурнай прасторы?

Чаму ў васьмідзесятыя ён стаў пунктам выйсьця традыцыі, момантам перамянення?

Усё, што тады вырозьнівалася, не супадала з дазволенай паверхняй культуры, атрымоўвала гэты накірунак - да Разанава.

Ён не рабіў нічога асаблівага. Проста пісаў вершы.

Але штосьці адбылося ў самой традыцыі. Штосьці зьмянілася.

Напружанае чаканьне. Глыбіні, істотнасьці. Жаданьне разьвітацца з плыткімі, халоднымі формамі. Як быццам сама эпоха прагнула, патрабавала сваёй антытэзы.

Разанаў  стаў тады, у васьмідзесятыя, недазволенай глыбінёй культуры. Амаль забаронены, іншы, і ў той жа час патаемна чаканы.

І ўсё ж нам важна не чыстая адрознасьць, ня тое, з чым геній не супадае. Нам важна з чым ён прыходзіць і чаму застаецца верны.

Можна было б сказаць, што ён проста ідзе далей - за астатніх.

Не супадае з часам, з эпохамі - праходзіць іх наскрозь.

І ўсё ж такі -  з чым ён прыйшоў тады - у традыцыю?

Разанаў - вялікі алхімік сэнсу. Майстра - у старым, сярэднявечным, цэхавым значэньні.

Яго паэтычная эмоцыя тонкая і няўлоўная.

Можна назваць яго паэзію метафізічнай. Але гэта асаблівая метафізіка.

Там амаль няма знакаў культуры, вялікіх і важных імёнаў, якія так соладка прамаўляюцца. Як пароль для тых, хто ведае.

Там жывуць самыя простыя рэчы. Зямля, вада, вагонь, паветра. Гліна, камень, жалеза. Дрэвы і птушкі, сьнег і шэрань, дарога і дом. Словы.

Там нават няма асобы паэта, гэтага сымулякра, які пасьля Бадлера стаўся агульным мейсцам - і амаль абавязковым атрыбутам паэтычнага наканаваньня.

Там шмат чаго няма.

Але, чытаючы Разанава, адчуваеш, што дух - у сябе дома на гэтых старонках.

Так, крыху старамодна, але: не душа, не культура, -  дух жыве у ягоных кнігах, блукае разам зь ім  па гановерскіх і менскіх вулках, дух адбіваецца ў розных люстэрках. Шукае, вучыцца апазнаваць сябе ў дрэвах і птушках, у старых вясковых бабульках, у жывых і ў мёртвых.

Слова, напоўненае духам, пра якое пісаў Міцкевіч. Той вагонь, які запальваецца заўсёды раптам і далей перадаецца ад сэрца да сэрца.

І гэта творыць традыцыю .

Previous post Next post
Up