Беларускі арнамент

Feb 08, 2012 00:10



Арнамент з узорам Моцная сям'я

Тысячагоддзі жыў, працаваў на нашай зямлі селянін-хлебароб. Ён карміў, паіў, адзяваў сябе, сваю сям’ю, дапамагаў суседзям. Ён стварыў дасканалую сістыму гаспадарання аптымальна прыстасаваную для земляробства і жывёлагадоўлі. Пабудаваў вёскі і мястэчкі для жыцця, працы і адпачынку. Узвёў дзівосныя храмы, аздобіў іх мастацкімі творамі.

Селянін стварыў прыгожы, мудры, паэтычны фальклор, песні, музыку, святы, абрады, прымаўкі, казкі. І ў іх апяваецца прырода, праца, каханне, яны гранічна спалучаюцца з жыццём, звычаямі і характарам чалавека.

Селянін шанаваў сям’ю як аснову стваральнай працы, падмурак нацыі. Ён выпрацаваў рацыянальныя адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі. З самага маленства дзеці вучыліся шанаваць працу, бацькоў, старэйшых. З жыццём і працай гарманічна спалучалася сістэма святаў, прымеркаваных да пэўнага працоўнага працэсу ці пары года: Вялікдзень, Купалле, Дажынкі, Дзяды, Каляды. Абрады і святы ўзвялічвалі селяніна, упрыгожвалі яго жыццё і побыт.

Вырабляючы патрэбныя для паўсядзённага ўжытку рэчы, селянін надаваў ім і пэўныя мастацкія якасьці, нярэдка ператвараючы ў сапраўдныя творы мастацтва. Ён аздобіў тканыя, вышывальныя і іншыя вырабы арнаментальнымі узорамі, у якіх услаўляецца дабро, справядлівасць, прыгажосць, міласэрнасць.

Селянін любіў сваю радзіму. Калі было трэба, ён браў у рукі зброю і ішоў бараніць яе ад няпрошаных прышэльцаў.

Сялянскае асяроддзе - трывалы падмурак для ўсяго грамадства. У нетрах вёскі нараджаліся і фарміраваліся грамадскія класы: рамеснікі і воіны, рабочыя і інтэлігенцыя. З сялянства выйшлі многія дзеячы навукі, культуры, мастацтва.

Ды вось настала ХІХ стагоддзе. У краінах Заходняй Еўропы ўзнік марксізм - вучэнне пра дыктатуру пралетарыяту і бязлітасную класавую барацьбу. Марксізм прыжыўся у Расіі, нарадзіўшы бальшавізм, а ў выніку - Кастрычніцкую рэвалюцыю і чырвоны тэрор. Заняпалі эканоміка, культура, змяніліся маральныя каштоўнасці. У выніку не стала селяніна-працаўніка, не стала вёскі, забылася прыгожая паэтычная сістэма поглядаў на прыроду, працу, жыццё, чалавека.

Кацар М.С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. 1996г.

селянін, сялянства, вёска, беларускі арнамент, белорусский орнамент

Previous post Next post
Up