Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і актывістка кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Ірына Тоўсцік былі затрыманыя сёння за правядзенне акцыі пратэсту супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Яны выйшлі з расцяжкай "НЕ сьмяротнаму пакараньню" да адміністрацыі прэзыдэнта, дзе іх і затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
Ноч да суда праваабаронцы правядуць у ізалятары на Акрэсціна.
Суд пройдзе заўтра, 24 сакавіка, у Доме правасуддзя (гэта вечная іронія лёсу!), па адрасе вул. Сямашка, 33. Пачатак разгляду справаў невядомы, але лепш пад'язджаць да 10.00.
Калі хто ня ведае, нагодай для пікету стала навіна пра тое, што былі расстраляныя два беларусы, Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук, асуджаныя да смяротнага пакарання. Згодна з Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі РБ, прыгавораныя падалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Аднак, смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне да разгляду скаргаў усімі інстанцыямі.
На фота: кіраўнік "Вясны" Алесь Бяляцкі. Фота зробленае ў 2007 годзе, калі стала вядома, што Бяляцкі патрапіў у шорт-ліст прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію міру.