Фартуны і Круглоніва - дзьве суседнія вёскі ў Бабруйскім раёне. У адной жывуць каталікі, у другой - праваслаўныя. Хаця больш слушна было б сказаць "жылі", бо сёньня там людзей пералічыць можна на пальцах адной рукі.
Калі мяне рэдакцыя адправіла здымаць паміраючыя вёскі, я не ўяўляла, па-шчырасьці, што траплю ў мясьціны, дзе людзей будзе знайсьці складана. Закінутыя хаты, закалочаныя вокны. Выраз "мёртвая цішыня" - гэта якраз пра тое.
ЗЫ: Эсэ Тацьцяны Барысік пра гэтыя мясьціны ""Пінская шляхта" пад Бабруйскам" можна прачытаць у НН за 18 лютага 2009 года.
Вячаслаў Ваўчкоў з Круглоніва жыве адзін ужо шмат год. Жонка памерла даўно, а сыны раз'ехаліся.
Мяне заўсёды дзівіла неабачлівая вясковая гасьціннасьць, калі незнаёмых людзей адразу запрашаюць у хату. "Журналісты? Праходзьце. Вось так я і жыву...."
Вячаслаў Сяргеевіч трымае няхітрую гаспадарку - куры, сабака і руды кот. Апошнія 25 год выпісвае "Звязду".
Такія вокны ў Круглоніве - рэдкасьць...
Больш - такіх....
І такіх....
Вокны дамоў мне заўсёды нагадвалі вочы. Калі вокны закалочаны, дом мёртвы.
Час тут сапраўды спыніўся. Стаіш пасярод вёскі і не разумееш, дзе ты, у якім годзе і стагоддзі...
Крама даўно не працуе - пакупнікоў няма.
Мясцовыя гавораць, што гэтыя землі калісьці прайграў пан. Камусьці пашанцавала, вось вёску і назвалі Фартуны.
Слава (справа) зранку ўжо быў на добрым падпітку. Прызнаўся, што адзначаў "возведеніе на перстол патріарха нашего, Кіріла". Гасьцям быў рады, хваліўся гаспадаркай. Зьлева - Іван, ён з Круглоніва. Нідзе не працуе, даглядае хворага бацьку. "Журналісты? Вы пріслужнікі Лукашенко!" - накінуўся быў на нас.
Адзіная любоў Славы (апроч чарнілаў, вядома) - кабыла Праскоўя, Праша.
Крамы і тут няма. Аўталаўка прыязджае двойчы на тыдзень.
Машыну з прадуктамі пачынаюць чакаць за некалькі гадзінаў. Жыхары зьбіраюцца ў хаце, што бліжэй да дарогі, гутараць. Часам выходзяць на вуліцу, выглядаюць, ці ня едзе.
Найбольшым попытам у вяскоўцаў карыстаецца хлеб-кірпіч.