Я шмат сутыкаўся з пытаньнем, што гавораць беларусы адзін адному пад час піцьця. Калі, прыпадала, выпіваў у міжнароднай кампаніі, дзе ўсе пачыналі хваліцца сваімі тостамі, я казаў, што па-беларуску кажуць "На здароўе". Тады мае субутэльнікі моўчкі махалі рукой - а, маўляў, як у маскалёў. Бо для замежніка "На здароўе" ды "На здоровье" - адзін хрэн... Таму мяне заўсёды непакоіла гэтае істотнае пытаньне - што аўтэнтычна-адметнага казалі нашыя продкі.
І нарэшце я знайшоў адказ!
Прыводжу цытату з заснаванай на мэмуарнай літаратуры кнігі Адама Мальдзіса "Як жылі нашы продкі ў XVIII стагодзі" (Менск: "Лімарыус", 2001):
"У XVIII стагодзі шляхта выпрацавала багаты застольны рытуал. Тосты ішлі ў строга акрэсленай чарговасці, апісанай у Кітовіча. "Спачатку гаспадар, з'еўшы кавалак мяса, наліваў у маленькі кілішак віна і піў ім "здароўе" ўсіх, хто сядзеў за сталом, - пачынаючы ад самых паважаных і канчаючы астатнімі. Называючы кожную значную асобу, прытыкаў да вуснаў і адымаў кілішак. Скончыўшы ж са знакамітымі, астатніх застольнікаў называў аднаго за другім па прозвішчу або агульным: "Васпана здароўе"; калі каго ня ведаў, скіроўваў на яго позірк, не прытыкаў да губ кілішка, толькі трымаў яго ў руцэ; назваўшы ж апошняга, лыкнуў крыху або да дна піў, калі яму падабалася, і ставіў свой кілішак" (Кітовіч, 438-439). Калі гаспадар піў чыё "здароўе", той браў кілішак і адказваў тым жа... Калі прыносілі гарачую страву, гаспадар браў вялікі келіх, напаўняў яго, стоячы піў "здароўе" самага знакамітага госця і перадаваў яму посуд. Той прымаў "здароўе" і адказваў сваім тостам... На "штэмпель" (каб прыпячатаць дружбу), "адыходнае", "страмяное" і "аглаблёвае" прыносілі дарагое віно" (арфаграфія арыгіналу захаваная).
Такім чынам, прыстасоўваючы спрадвечныя традыцыі да сёньняшніх абставінаў, варта падкрэсьліць галоўнае:
· Выраз "На здароўе" ёсьць маскалізмам і мусіць быць заганьбены:) Дарэчы, наконт палякаў, хоць зараз таксама ўжываюць гэткую ж форму, ёсьць зьвесткі, што раней яны казалі так сама, як і мы.
· Адзіным прымальным перакладам "Cheers!" на беларускую мову можа лічыцца:
"ЗДАРОЎЕ ... (імя асобы, за якую ўздымаюць келіх у родным склоне)!"
(альбо імя, азначэньне асобы ці зварот могуць ісьці напачатку)
· Прыкладамі тостаў акрамя вышэйпазначанага "Васпана здароўе" могуць быць наступныя:
Здароўе Яна!
Здароўе Яніны!
Здароўе панны!
Здароўе (вас)пана!
Здароўе пана дырэктара!
ЗДАРОЎЕ ВАШАМОСЬЦЯЎ!