цвярозы і богабаязны

Dec 11, 2012 03:23

Вяртаючыся да тэмы анёлаў-ахоўнікаў. Я вельмі плоха знаёмы з тэалогіяй, але можа хто больш адукаваны асвеціць мой розум вось на які прадмет. Ці, не лепей пачну з прыкладу:

Сёньня дзесьці а першай ночы мне раптам закарцела крыху прагуляцца - без асаблівай на тое патрэбы, да й звычкі гуляць а першай ночы ў мяне таксама няма. Апрануўся пацяплей і ўпэўнена пайшоў у накірунку парляменту, бо вырашыў паглядзець на рэчку. І дзесьці ў метрах 200 мяне прыпыніла паненка у кароткай чорнай куртачцы, чорных сапагах на высокіх абцасах і з чорным пакетам. Яна спытала, ці размаўляю я на ангельскай, і ці ведаю, дзе знаходзіцца гатэль "Прэзідэнт". На абодва пытаньні я абсалютна выпадкова меў станоўчыя адказы. Паненка вельмі ўзрадавалася, і паклікала яшчэ адну адну паненку, апранутую ў такій жа строй і таксама з чорным пакетам. Я быў пачаў тлумачыць дарогу (бо было гэта побач і дарога была вельмі нескладаная - 50 м проста, направа і яшчэ 100 м), але паненка выглядала так няўпэўнена, што я вырашыў праводзіць яе да павароту. Пакуль ішлі, я зразумеў, што абедзьве паненкі былі ў хлам п'яныя, таму я паабяцаў давесьці іх прама да гатэлю. Паненкі распавялі мне, што яны славачкі, прыехалі апошнім цягніком з Браціславы, даехалі да гэтай мясцовасьці на мятро, ад якога гатэль быў абяцаны ў 200 м, і вось ужо гадзіну яны блыкаюць па гэтым страшным кавалку гэтага дзікага блытанага гораду, усе таксісты ім кажуць, што яны амаль што прыйшлі і ім да гатэлю засталося толькі 200 м; яны праходзяць гэтыя 200 м і ім ізноў кажуць тое ж самае - і так бясконца! А паспалітыя людзі, якія не таксісты, толькі паскараюць хаду ці не бумбум у ангельскай! Яны ўжо згубілі ўселякую надзею, і тут Усявышні даслаў мяне! Праз хвіліну мы дайшлі да гэтэля (заўважу, што пяцізоркавага), я пажадаў паненкам добрай ночы і пайшоў да рэчкі.

Вось што мы маем. Ад метро да гатэлю - сумленных 200, ці можа 300 м, і дарога вельмі простая - направа, прайсьці 100 м, яшчэ раз направа і яшчэ 100 м - і дастаткова вялікі будынак гэтэлю, на якім яго назва напісана вялікімі, сярэднімі і маленькімі літарамі з падсьветкай. Паненкі нікуды далёка не зайшлі - я іх сустрэў роўна на палове дарогі паміж метро і гатэлям. Усе вуліцы ў гэтым раёне Будапешта - прамыя і добра асьветленыя. У гэтым раёне шмат таксістаў, якія давалі ім напрамак. Але ўсё гэта абсалютна не дапамагала. Якая верагоднасьць, што назіраючы ўсё гэта паўтары гадзіны, добры Божанька канчаткова зразумеў, што без шансаў у паненак ужо што атрымаецца, і выпер мяне з дому, бо народная мудрасьць прыпісвае добраму Божаньку клопат пра п'яніц і валацуг? Што на гэты конт кажуць айцы нашае маткі Царквы? Ці падкажа хто дасьведчаны?
Previous post Next post
Up