Зноў пра чытанні

Jun 04, 2010 16:48

На днях выпадкова натрапіла на артыкул у студэнцкай газеце гістфаку пра нашу псеўданавуковую канферэнцыю. Аўтар Віталь Быль, студэнт здаецца 3 курса. Выдатна напісана, мне спадабалася. Чытайце, калі ласка!

Не ўсякі тык навуковы
На гістарычным факультэце прайшла Першая міжнародная псеўданавуковая канферэнцыя «Фаменкаўскія чытанні - 2010».
Прарок у сваёй айчыне
Не, не разумее свет сапраўдных геніяў! Няма прарока ў сваёй айчыне! Іх лічаць вар'ятамі і ерэтыкамі, іх паляць і цкуюць крытыкай - адным словам, ніякага жыцця! Колькі бессмыротных адкрыццяў такім чынам знікла ў прорве часу! Але рэшту ацанілі нашчадкі. Капернік, да Вінчы, Цыялкоўскі... І канешне - спадары Насоўскі і Фаменка. Безумоўна, хутчэй вярблюд пралезе ў ігольнае вушка, чым абмежаваны абывацель ці закамянелы акадэмік убачаць святло ісціны і спасцігнуць, што Хрыстос жыў у XIII стагоддзі, а Аляксандр Македонскі служыў у арміі Тухачэўскага. Але гістфак заўсёды быў цытадэллю смелага розуму, таму нездарма менавіта тут паслядоўнікі двух згаданых вялікіх рэвалюцыянераў здзейснілі сапраўдны рывок у айчыннай гістарычнай навуцы. Размова ідзе аб Першай міжнароднай псеўданавуковай канферэнцыі «Фаменкаўскія чытанні - 2010», якая адбылася на нашым факультэце ў прафесійнае свята ўсіх ілжэвучоных і шарлатанаў - 1 красавіка.
Адкуль наш род?
Арганізатарам гэтай найважнейшай падзі ў псеўданавуковым свеце выступіў, як ні дзіўна, наш вядомы «Скрыпторыўм» -- навуковая суполка пры кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў: можа, пажартаваць ім захацелася ў Дзень Смеху, а мо і сапраўды ім адтуль, з глыбінь вякоўі вышыні трэцяга паверха, лепш відаць, што праўда, а што ненадта. Склад выступоўцаў таксама быў прадстаўнічы: акрамя нашых студэнтаў і магістрантаў, завіталі нават калегі з далёкага БДПУ. Даклады ўражвалі фундаментальнасцю ўзнятых пытанныў і выключным практычным значэннем - як-ніяк, гэта хоць і псеўда-, але навука.
Невядомыя цемрашалы і рэякцыянеры не здолелі сарваць канферэнцыю: пасля блуканняў па факультэце ў пошуках месца пад сонцам шаноўную публіку прыняў храм ведаў, прытулак беспрытульных студэнтаў, прагнуць ведаў ці сачкуюць пары, -- бібліятэка. Хаць і не ў час але канферэнцыя пачалася. А пачалася яна з даклада А. Валодзінай і В. Быля «Вызначальная роля беларусаў ва ўзнікненні сусветных цывілізацый», якія бясспрэчна даказалі гэты тэзіс дадзенымі тапанімікі, анамастыкі ды герменеўтыкі. І як раней ігнаравалася, што Мемфіс - гэта, канешне, скажонае «Менск», Паелсціна і Пасессе - аднакарэнныя словы, а бог Птах - вобраз птушкі, якая штогод ляціць на далёкую прарадзіму - у Беларусь... Госці з БДПУ, Андрэй Дзячэнка з калегам (Яўген Задруцкі - Г.В.) прапанавалі альтэрнатыўны падыход - канцэпцыю аб паходжанні беларусаў ад габрэяў: маўляў, мы і ёсць страчаныя калены Ізраілевы. Аўдыторыяй было ацэнена вялікае практычнае значэнне гэтага даследавання для атрымання віз у Ізраіль, а то і віду на жыхарства ў гэтай сонечнай краіне.
Навуковы тык робатаў Элады
Жывое абмеркаванне выклікала вельмі актуальная праца метадалагічнага характару, прадстаўленая Ганнай Валынец (О! Гэта пра мяне - Г.В.) «Метад навуковага тыку як парадыгма гістарычнага даследавання». Аказваецца, пры вельмі шырокім выкарыстанні гэтага метаду (да яго звярталіся і студэнты, і археолагі, а ў свой час. Магчыма, і супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС), тэарэтычная база вельмі слаба распрацавана: што казаць, калі не вызначана нават універсальная лічылачкі! А галоўнае, што было высветлена, што толькі мозг, ачышчаны ад рэшткаў ведаў, з'яўляецца вырашальнай умовай ісцінна навуковага тыку.
Гучалі і іншыя тэмы, не менш каштоўныя для лжэнавукі. Адзначыліся БДПУшнікі: У. Булаўскі шукаў і знаходзіў беларуска-палінезійскую еднасць, а А. Давідоўскі падцвердзіў неабвержаннымі фактамі выкарыстанне егіпцянамі бронетэхнікі і авіяцыі. Ала Касцюкевіч з нашага гістфака ўгледзла ў егіпетскіх абелісках іншапланетныя арыенціры, з чаго вынікае, што варта чакаць іншапланецян і на плошчы Перамогі. А. Валынец даказаў, што Шэкспір жыў у ІХ ст., прадэманстраваўшы выдатнае валоданне метадамі Вялікіх Гуру - Фаменкі і Насоўскага. А даклад П. Дарохіна нават закляймілі ў навуковасці - настолькі переканаўчым быў яго выступ пра Фуко, нефармалаў, псіхбальніцу і СССР.
Пераможцам канференцыі стаў Міхаіл Сычоў. Правёўшы глыбокі аналіз міфаў, твораў Гамера і Гесіёда, ён бліскуча даказаў выкарыстанне элінамі робатаў самага рознага прызначэння: ад афіцыянтаў-трыножнікаў Гефеста, да баявога робата-дыверсанта Пандоры, і рашуча абвергнуў гіпотэзу аб існаванні робатаў-наложніц.
Па выніках канферэнцыі не плануецца выхаду зборніка матэрыялаў: навуковай супольнасці яшчэ трэба саспець да ўспрыняцця гэтых рэвалюцыйных ідэй. Але жыве надзя, што яна падштурхне смелыя розумы да новых псеўданавуковых адкрыццяў. Таму чакайце праз год працяг!

Previous post Next post
Up