Да пытання пра апазіцыю «é - е» ў пісьмовым маўленні

Jan 11, 2014 00:50


Чаму ў... тых-жа іменьніках з мяккаю асноваю пакідаецца гістарычны канчатак е: поле, здарэньне, бацьвіньне, пытаньне, хаценьне, цярпеньне, вецьце, сьмецьце і г. д. Так гавораць? Не, так не гавораць. У жывым маўленьні і пасьля мяккіх зычных будзе аканьне, і скажуць: поля, бацьвіньня, здарэньня, сьмецьця і г. далей.

Язэп Лёсік («Спрашчэньне правапісу», Менск 1926)

1. «Тарашкевіч вялікі нам шлях азарыў...»

1. 1. Падстава ўвядзення ў пісьмоває маўленнє апазіцыі «é - е»

Падстава ўвядзення відавочная - літара «е» пад націскам і літара «е» нє пад націскам чытаюцца па-рознаму. Гэты факт быў вядомы нє аднаму Браніславу Тарашкевічу. Пра гэта ведалі і пра гэта пісалі ў тым ліку і Ф. Янкоўскі, Я. Лёсік, Я Станкевіч. Наогул гэта розніца ў вымаўленні была сярод прыродных носьбітаў бєларускай мовы агульнавядомым фактам - яны гэту розніцу проста чулі на свае вушы.

Філолаг Тарашкевіч стаяў перад дылемай: з аднаго боку, ён хацеў, каб правапіс грунтаваўся галоўным чынам на фанєтычным прынцыпє, з другога - ён нє хацеў у правапісє далёка адыходзіць ад этымалогіі. За гэта яго дакараў Лёсік, які лічыў што яканнє на пісьме (помнім, што яканнє - гэта ўсяго толькі аканнє пасля мяккіх зычных) можна пашырыць нє толькі на першы склад перад націскам (гэта правіла ўсякі школьнік ведає), нє толькі на «другі склад перад націскам, калі ў першым складзє перад націскам няма а або я» (прызабытає правіла Тарашкевіча), а наогул на ўсе літары «е».

Відаць, Тарашкевіч яшчэ мусіў азірацца на дзве славянскія мовы, якія мелі доўгую традыцыю ўжывання на нашых землях, - польскую і маскоўскую. Ні адна, ні другая акання на пісьме нє знаюць. «Радыкалізм» у выглядзє шырэйшай замены «е» на «я» мог быць нє зразуметым шмат кім, нават з тых, хто карыстаўся тады вельмі маладой бєларускай літаратурнай мовай.

Кампрамісам паміж этымалагічным і фанєтычным прынцыпамі правапісу і было ўвядзеннє апазіцыі «é - е».




1. 2. А чаму тады апазіцыя «é - е» нє прыжылася ў пісьмовым маўленні?

Сапраўды. Дарма што былі прэцэдэнты выкарыстання літары «é» ў друкаваных выданнях, можна сказаць, што наогул ініцыятыва нє прыжылася. Можа быць некалькі прычын гэтага:

а) інерцыя; бєларускія газеты і кнігі друкаваліся і да 1918 года (дарэчы, часта яшчэ больш этымалагічным правапісам, чым Тарашкевічаў), так што літара «é» магла здавацца новай, нєпрывычнай і з гэтай прычыны ігнаравацца аўтарамі;

б) прычыны тэхнічныя; як лічыць Ян Станкевіч, проста нє заўсёды была магчымасць друкаваць бєларускія тэксты з ужываннєм літары «é»;

в) пэўная нєлагічнасць Тарашкевічавай ініцыятывы: Тарашкевіч прапанаваў на пісьме асабліва выдзяляць літару, якая абазначала гук у моцнай пазіцыі, гэта значыць выдзяляць гук, які вымаўляўся нармальна; між тым лагічнєй было б, наадварот, неяк выдзяляць тыя «этымалагічныя е», якія вымаўляюцца нєнармальна, гэта значыць знаходзяцца ў слабой пазіцыі;

г) дыякрытыкі - гэта ліха, яны ўскладняюць чытаннє; ініцыятыва Тарашкевіча стварыла графічную тройку «е - é - ё», аб якую ламаюцца вочы.

Апошнія два пункты магу пацвердзіць уласнай практыкай, пєракладам субцітраў для анімэ, дзе я спрабаваў выкарыстоўваць літару «é»: http://www.youtube.com/watch?v=DUB9h2fVIjQ

Мы нє можам даць рады пункту а), хіба што постам і малітваю. Алє прычыны, названыя ў пунктах б), в) і г) у наш камп’ютарны век можна лёгка ўстараніць, даўшы ініцыятывє Тарашкевіча новає жыццё. Праўда, ёсць адно абмєжаваннє: каб абазначыць літары «е» ў слабой пазіцыі, мы нє можам выкарыстаць новую літару, гэта будзє надта рэвалюцыйна, а ў пытаннях мовы мы ўсе кансєрватары і розныя экспєрыменты над ёй люта і справядліва нєнавідзім святой нянавісцю. Дыякрытыкі выкарыстоўваць мы таксама нє можам (прычыны гл. у пункцє г)). Застаецца адзін выхад, і гэты выхад - да гєніяльнасці просты:

2. Выкарыстаннє для літары «е» ў слабой пазіцыі нейкага яе алографа

Алографы літары «е» могуць выглядаць па-рознаму: як грэчаскі «э псілон», як, напрыклад, на вокладцы Эвангєля подля сьв. Яна ў перакладзє Яна Пятроўскага; як украінская літара «є», як на стэлє «Брэст», алє ўсё гэта будуць (калі глядзець з пункта гледжання бєларускай мовы) нє асобныя літары, а ўсяго толькі алографы літары «е».

Дык якім жа павінєн быць гэты алограф - для літары «е» ў слабой пазіцыі?

Узяўшы пад увагу, па-першає, шырокую распаўсюджанасць яе ў кірылічных камп’ютарных шрыфтах (бєларусам вельмі раю сайт ukrfonts.com), па-другоє, лёгкасць увядзення яе з клавіятуры (памагай вам Zedlik), па-трэцяє, вялікі вопыт выкарыстання яе побач са «звычайнай» літарай «е», можна адназначна заявіць...

Алографам для літары «е» ў слабой пазіцыі павінєн стаць алограф у формє ўкраінскай літары Єє.

Previous post Next post
Up