На фэст «Be Free» паедуць «Бан-Жвірба», «Wisp…» i «Imprudence»

Aug 01, 2008 13:08

Вызначылася тройка пераможцаў адбору маладых беларускіх гуртоў на фэст “Be Free”, які трываў з 9 па 31 ліпеня. На фэсце 9 жніўня выступяць дзве мінскія каманды - Imprudence i Wisp... - а таксама “Бан-Жвірба” з Гомелю. Imprudence i «Бан-Жвірба» заспяваюць па-беларуску, а Wisp… прадставяць слухачам англамоўную праграму, песня з якой - Simplify - ужо вядомая ўдзельнікам інтэрнэт-галасавання на старонцы euroradio.fm.

Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 39 заявак. Еўрарадыё прызначыла “прыз суцяшэння” аднаму з удзельнікаў фінальнай дзесяткі: беларускамоўныя песні гурта ESPRIT трапяць у ратацыю на станцыі. У будучыні сярод усіх канкурсантаў будуць адабраныя яшчэ некалькі гуртоў, чыя творчасць з’явіцца ў эфіры станцыі.

Па словах сябра аргкамітэту фэсту, лідэру гурта ULIS, Славы Кораня, “Усе з 39 канкурсантаў заслугоўвалі увагі, усе з іх граюць даволі прафесійна. Hам было вельмі складана выбраць нават з тых 10, што былі абраныя галасаваннем - усе з іх заслугоўвалі таго, каб паехаць. Выбар двух гуртоў з фінальнай тройкі быў абумоўлены іх досведам канцэртных выступаў (Бан-Жвірба і Imprudence ужо каля 10 год на сцэне), а гурт Wisp..., хаця мы і не чулі ўжывую, даслаў нам вельмі шмат якасных матэрыялаў, па якіх мы зрабілі выснову, што хлопцы здольныя годна выступіць на фэсце.

Але гэта зусім не азначае, што мы забудземся пра астатнія гурты - удзельнікі конкурсу. Мы будзем па меры магчымасці запрашаць іх на іншыя канцэрты, якія мы дапамагаем арганізоўваць у Польшчы , Украіне і г.д. І канешне ж, мы будзем браць пад увагу нашых канкурсантаў, калі будзем складаць праграму Be Free на наступны год.

Увогуле, такая колькасць добрых запісаў, дасланых на конкурс, стала для мяне прыемнай нечаканасцю - у адсутнасць нармальнага канцэртнага жыцця на Беларусі такія конкурсы робяцца ледзь не адзінай магчымасцю даведацца пра тое, чым жывуць сучасныя маладыя гурты. Хацелася б толькі, каб болей гэтых гуртоў спявала па-беларуску”.

Віталь Супрановіч, кіраўнік BMA Group, дадае:
«Прыемна здзівіла тое, што так шмат гуртоў падала заяўкі, у тым ліку шмат мне невядомых. Мае крытэры адбору былі - выбіраць тыя гурты, што праяўляюць актыўнасць, але актыўнасць у пазітыўным сэнсе - канцэрты, выступы і г.д., а не, скажам, накрутка галасоў. Важна было таксама даць магчымасць паехаць на фэст тым, хто яшчэ не мае досведу замежных выступаў”.
Previous post Next post
Up