Sep 16, 2009 11:25
Трэці Be Free сабраў 20 тысяч беларусаў і украінцаў
Сёлета міжнародны музычны фестываль Be Free («Будзь свабодным!») даў магчымасць адчуць сябе вольнымі каля 20 000 аматараў року. Па звестках міліцыі і назіральнікаў менавіта столькі людзей наведала фэст за 2 дні.
Беларусаў не спынілі нават чэргі ў 2-3 кіламетры на ўкраінскай мяжы. Пляцоўкай трэцяга фестывалю пасля Луцка і Львова стаў Чарнігаў. На працягу двух дзён (22-23 жніўня) госці Be Free пачулі болей за 20 гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Францыі - у тым ліку ULIS, Pomidor/OFF, LitvinTroll, Zero-85, Partyzone, Znich, B:N:, Vladivostok. Найбольшую колькасць людзей сабралi хэдлайнеры фэсту: беларускі гурт «Ляпис Трубецкой» і ўкраінскія «Воплі Відоплясова».
Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступілі “Беларуская музычная альтэрнатыва”, ініцыятыва “Студфармат” і “Еўрапейскае радыё для Беларусі”. Партнёрамі Be Free сталі беларуская грамадская кампанія “Будзьма” ды ўкраінскія Чарнігаўскі рок-клуб і Чарнігаўскі грамадскі камітэт абароны правоў чалавека. Патранат фэсту ажыццяўляла мэрыя гораду Чарнігава.
Україна застаецца месцам правядзення фестывалю ўжо трэці год запар. У роднай Беларусі, на жаль, арганізацыя опэн-эйра такога маштабу да гэтай пары патрабуе значна большай колькасці афіцыйных узгадненняў і матэрыяльных унёскаў, чым у суседняй дзяржаве. Аднак, у выніку такой акалічнасці, Be Free - гэта не толькі добрая музыка бескаштоўна, але і месца знаёмства для моладзі з розных краінаў, магчымасць даведацца болей пра гісторыю, культуру і сучаснасць гарадоў і мястэчак з-за блізкай мяжы.
Разам з музычнай часткай, сёлетні фестываль стаў пляцоўкай для маладзёвых адукацыйных і творчых акцый па правах чалавека, якія ладзілі Чарнігаўскі грамадскі камітэт абароны правоў чалавека, Беларускі Хельсінкскі камітэт, арганізацыя “Прававая ініцыятыва”,, нямецкая суполка “Культурактыў” з Дрэздэну, а таксама Беларуская арганізацыя працоўных жанчын. Можна было як павучыцца адстойваць свае правы, так і з дапамогай аркуша і каляровых фламастараў выявіць сваё бачанне прававой сітуацыі ў свеце. Сапраўдны ажыятаж выклікалі часовыя «татушкі» праваабарончай і фестывальнай тэматыкі, што наносілі ўсім ахвотнікам.
Віктар Тарасаў, Чарнігаўскі грамадскі камітэт абароны правоў чалавека:
- У межах дзейнасці нашай арганізацыі, у Чарнігаве ўжо не раз праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы і акцыі для прадстаўнікоў грамадства і актывістаў з Беларусі. Таму наш удзел у фестывалі Be Free стаўся лагічным. Падчас фестывалю мы разам з беларускімі грамадскімі арганізацыямі “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і “Прававая ініцыятыва” зладзілі трэнінгі, ролевыя гульні, выставы карыкатур, паказ відэаролікаў, конкурс малюнкаў, распаўсюд інфармацыйных буклетаў ды г.д. на тэму абароны правоў чалавека ў Беларусі і ва Украіне. Нашыя мерапрыемствы былі цікавымі не толькі для актывістаў грамадскіх арганізацый, але і для простых удзельнікаў фестывалю. Верагодна, што на будучым Be Free фармат акцый па праваабарончай тэматыцы будзе змяняцца і развівацца. Мы, як партнёры, гатовы прыняць у гэтым самы актыўны ўдзел.
Арганізатары Be Free намагаюцца стварыць як мага больш камфортныя умовы пражывання для гасцей фестывалю. Сёлета намётавае мястэчка з асвятленнем для публікі стала паблізу ад сцэны, кропкі харчавання былі размешчаныя па перыметру танцпляцоўкі. Апошнія, дарэчы, працавалі і за беларускія грошы. Сам фестываль размясціўся за 50 крокаў ад Дзісны, таму многія рызыкнулі апошні раз за гэтае лета акунуцца. На дзіва сонечнае надвор’е таму толькі спрыяла.
Музыкі на Be Free выклаліся на поўніцу. Прыемна здзівіў беларускіх аматараў року Алег Скрыпка, лідэр гурта “Воплі Відоплясова”, які спрабаваў размаўляць з публікай па-беларуску, а напрыканцы выступу ўзняў нацыянальныя сцягі Украіны і Беларусі. Некаторыя гурты прыехалі на Be Free, адмяніўшы свае выступы на беларускіх канцэртах, што прыпалі на той жа час. Гэта значыць, што Be Free становіцца ўсё больш важкай падзеяй у музычнай сферы. Вось што кажуць пра фестываль самі музыкі.
Сяргей Міхалок, гурт “Ляпіс Трубяцкой”:
- Я чакаў, што на фестывалі будзе болей украінцаў. Аднак людзі паленавался прыехаць з Кіева, з іншых гарадоў. Верагодна, справа ў тым, што украінскай публіка прызвычаілася да мноства фестываляў з гучнымі лозунгамі. Для таго каб прыцягнуць яе ўвагу, патрэбна шырокая рэкламная кампанія. У той жа час, людзей з Беларусі было вельмі шмат, нават калі параўноўваць з Be2gether, які мае ў наяўнасці куды большы бюджэт і забаўляльную праграму. Магчыма, гэта выклікана тым, што на Be Free гралі некаторыя беларускія гурты, якія рэдка можна пачуць у Беларусі. Іх выступ прывабіў фанатаў. Нягледзячы на невялікую колькасць аховы, на Be Free не было канфліктаў сярод публікі. Увогуле, на фестывалі было на дзіва мала гопнікаў, хоць уваход быў бескаштоўным. Выступаць на Be Free нам спадабалася. Таму, калі ў наступным годзе запросяць яшчэ раз - абавязкова прыедзем!
Вячаслаў Корань, гурт Ulis, адзін з арганізатараў фестывалю:
- Як выступоўца і арганізатар магу зазначыць - сёлетні фэст прайшоў лепей за папярэдні. Большым стала намётавае мястэчка, лепшымі сцэна і апарат, павялічылася каманда людзей, што дапамагалі з фестывалем. Дый атмасфера была адпаведнай вольнаму фестывалю. Цяпер надыйшоў час падлічыць усе “плюсы” і “мінусы” мерапрыемства і спланаваць, што будзе далей. Спадзяюся, аднак, што і будучы фестываль таксама пройдзе ў Чарнігаве.
- Нарэшце мы знайшлі тую пляцоўку, якая спалучыла ў сабе добрую сцэну і намётавае мястэчка паблізу, была ў межах горада, але адначасова знаходзілася ў маляўнічым кутку прыроды. Сёлета па атмасферы Be Free ўрэшце стаўся сапраўдным опэн-эйрам, - распавядае пра фестываль Аляксей Лукашэвіч са “Студфармату”. - У будучым хочацца перавесці адукацыйную праграму фестывалю ў форму летняй школы па правах чалавека, якая прайшла б да пачатку фестывалю, у больш спакойнай атмасферы. Опэн-эйр, такім чынам, стане своеасаблівым вынікам школы.
Не абыйшлося і без смешнага. Як распавёў Аляксей, на трэйцім Be Free да традыцыйных інтэрпрэтацый назвы фестывалю як “Быць свабодным”, “Пчолкі на волі” і “Бульба-фры” дадалося яшчэ Beer Free - “Піва на халяву”. Трапіўшы за сцэну, можна было бескаштоўна выпіць піва разам з музыкамі.
Марыя Садоўская з аргкамітэту Be Free адзначае большую ўвагу ўкраінскай прэсы да сёлятнега фестывалю і большую актыўнасць добраахвотнікаў - валанцёраў.
- Мы адчулі, што нас яшчэ не вельмі ведаюць ва Ўкраіне, але вельмі жадаюць даведацца болей. На фэсце былі акрэдытаваныя дзесяткі журналістаў, якія не стрымліваліся задаваць самыя разнастайныя пытанні пра гісторыю і сучаснасць фестывалю. Цікавасць да фэсту з боку публікі таксама ўзрасла - і не толькі як пасіўных гледачоў канцэртаў, але і як удзельнікаў яго стварэння. Каманда валанцёраў Be Free дапамагла нам у самых розных момантах фэсту, ад рэгістрацыі жыхароў намётавага мястэчка да рассялення музыкаў і развешвання ўказальнікаў дарогі да зусім новай для Чарнігава і беларусаў пляцоўкі.
- Спрэчкі пра мэтазгоднасць фэсту ідуць на працягу ўсіх трох гадоў, як ён ладзіцца, - кажа Віталь Супрановіч, прадстаўнік “БМА”. - Аднак опэн-эйр прайшоў трэці раз, і беларусаў прыязджае з кожным годам усё больш і больш. А гэта значыць, што Be Free будзе жыць. Бо арганізатары - беларусы, і фэст мы робім для беларусаў, у першую чаргу.
Арганізатары выказваюць асаблівую ўдзячнасць за падтрымку мэрыі Чарнігава, у тым ліку намесніцы мэра гораду Аксане Тунік-Фрыз.
P.S. Многім не хапала кашулек з лагатыпам фэсту. У сувязі з гэтым будзе замоўлены дадатковы наклад. Дасылайце замовы на fest.svabody@gmail.com
Дар’я ГАРОШКА