MH17

Feb 18, 2017 11:30

Мы ляжым на раздзёртай металам зямлі.
Хмары таюць паволі.
Нас няма. Тры хвіліны таму - мы жылі.
Нас не будзе ніколі.

І сланечнікаў чорныя вочы датла
Дагараюць абапал
Бальшаку, што сячэ краявід напалам,
Як вайсковую мапу.

І на шыі слупоў цісне сіні каўнер
Бесспагаднага неба -
Бы расейскі салдат альбо польскі жаўнер
Нас пільнуе як трэба.

Ды на струнах дратоў вецер грае няўспын
Анямелыя ноты.
Нас няма. Застаюцца клады лугавін.
Застаецца спякота.

2017
Previous post Next post
Up