Як бы там не было, але гэтыя ўспаміны адрозніваюцца не толькі ад іншых эміграцыйных жаночых успамінаў, але і, што, безумоўна, цалкам зразумела, ад успамінаў мужчынскіх. Апошнія, акрамя таго што таксама часцей прысвечаныя больш познім часам, звычайна маюць менавіта падзейны (часцей палітычны), жорстка прывязаны да храналогіі характар. У аповедзе ж Марыі, больш жыццёвым, прыземленым, шмат разнастайных адступленняў, прысвечаных таму ці іншаму сваяку ці сваячцы, падзеям з жыцця іншых асобаў. Гэтыя адступленні, павароты сюжэтнай лініі, якія таксама выразна адлюстроўваюць жывую гаворку, хоць часам і ўскладняюць успрыманне, але надаюць успамінам непаўторны водар бабулінай казкі.
Бадай што, няма аналагаў успамінам Марыі Стагановіч і ў метрапольнай мемуарыстыцы. Найперш трэба адзначыць своеасаблівы “этнаграфічны” характар гэтага тэксту. Па-за запісанымі этнографамі ў часе адмысловых экспедыцый вуснымі сведчаннямі пра традыцыйную культуру таго ці іншага рэгіёну, немагчыма прыгадаць гэткіх жа дакладных у адлюстраванні народнага побыту і светапогляду аповедаў, якія былі б да таго ж зафіксаваныя на паперы. Так, ёсць этнаграфічныя працы, прысвечаныя роднай вёсцы, найбольш вядомая з якіх, напэўна, “Была такая вёска…”, Мікалая Улашчыка, або цэламу рэгіёну, як, прыкладам, праца Часлава Пяткевіча “Рэчыцкае Палессе”. Аднак выразнае адрозненне такіх тэкстаў палягае ў іх найперш даследчым характары. Яны не заснаваныя толькі на ўласнай памяці, яны выкарыстоўваюць разнастайныя крыніцы інфармацыі, для аднаўлення традыцыйнай культуры і даўнейшай гісторыі таго ці іншага рэгіёну. Падставай жа для тэксту Марыі Стагановіч была выключна яе памяць, а таму пададзеныя тут звесткі, як бы “чыстае” адлюстраванне народных традыцыяў і абрадаў, сведкамі якіх была яна сама. У гэтым, напэўна, палягае галоўная каштоўнасць гэтых успамінаў для навукоўцаў-этнолагаў, даследчыкаў традыцыйнай беларускай культуры.