Учорашняе адкрыццё сочынскай Алімпіяды абурыла частку беларусаў звычайнай літарай "Ш"... Не, хутчэй незвычайнай, бо пад ёй, як выявілася, хаваецца рускі(!) талент, імя якому - Марк Шагал. Другая (большая) частка беларусаў зрэагавала на гэты факт сваім звычайным пафігізмам... Але знайшлася і трэцяя плынь, якая здзівіла мяне накірункам сваіх думак, сутнасць якіх зводзіцца да таго, што яўрэй Шагал, такі ж беларускі, як і рускі.
Асабіста я лічу, што ў пытаннях нацыянальнасці, кроў і спадчына, як складнікі, не з'яўляюцца галоўнымі. Напрыклад, у мяне маці - беларуска, а бацька - рускі, а калі паглыбіцца ў геніялагічныя перапляценні, то знойдуцца там і ўкраінцы, і палякі, і нават немцы. Але ж я сам усведамляю сябе толькі і толькі беларусам. І менавіта самаўсведамленне - гэта той вырашальны фактар, які вызначае прыналежнасць да той, ці іншай нацыі (вядома, ІМХО).
Вернемся да Шагала... Сам ён на гэты конт казаў вось што: "Калі б я не быў яўрэем, як я гэта разумею, я не быў бы мастаком, ці быў бы зусім іншым мастаком". Адсюль бачна, што сам сябе ён лічыў хутчэй яўрэем, чым кімсьці іншым. Але! Праз усю ягоную творчасць наскрозь праходзяць беларускія матывы, бо менавіта з Беларуссю яго звязваюць і дзяцінства, і каханне, і ішматлікія ўспаміны. Гэта, не мае выдумкі, а факт пацверджаны даследчыкамі.
Увогуле ж, лёс яўрэйскага народа складвалася пад знакам асіміляцыі з іншымі нацыямі. Пагадзіцеся, словазлучэнні: амерыканскі яўрэй, французскі яўрэй настолькі звыклыя нам, што зусім не рэжуць слых. Вось і Шагал таксама - беларускі яўрэй, ці, як мінімум, яўрэй беларускага паходжання. Беларускага! А не рускага, як можна зразумець з алімпійскага мерапрыемства.
Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да пазбаўлення беларусаў нацыянальных герояў і творцаў: як Міцкевіч, дык паляк, Каліноўскі - таксама "этат пшэк", Шагал - рускі... А што далей? Караткевіча і Быкава аддамо? А можа так і трэба?
***
Тэма беларускага яўрэйства і яго ролі ў станаўленні беларускай культуры і ідэі ўвогуле, на мой погляд, выдатна раскрыта ў кніге Паўла Севярынца "Нацыянальная ідэя. Фэнаменалёгія беларусі". Вось
спасылка на канкрэтную яе частку.