Як я Дзеда Мароза лавіў

Dec 29, 2013 13:25

Напярэдадні галоўнага зімовага свята ( якое ў гэтым годзе нешта зусім не зімовае) я вырашыў расказаць вам адну гісторыю са свайго дзяцінства, гісторыю аздобленую пэўнай доляй гумара для мяне тагачаснага і пачуццём фізічнага болю для іншых.=)

Да свайго лагічнага завяршэння набліжаўся 96 год. Я - шасцігадовы хлопчык, са схільнасцю да эксперыментаў і цікаўнасцю да ўсяго незвычайнага, вырашыў, што называецца, ухапіць Дзеда Мароза за бараду. Падставай для гэтага стаў школьны ранішнік, на якім, я з усёй сваёй нахабнасцю ўсеўся на калені барадачу і ўважліва прыглядзеўшыся да яго смяшлівых вачэй, пазнаў у ім... сваю маці!!! Дагэтуль не ведаю, чаму на ролю зімовага чараўніка абралі менавіта яе, здаецца ж настаўнікаў-мужыкоў у школе хапала, але тады гэта здарэнне выклікала ў мяне кагнітыўны дысананс. Вось пасля яго ў маёй галаве і з'явіліся першыя сумненні, наконт таго, хто прыносіць пад ёлку, ялінку, ЙОЛКУ падарункі, а таксама паўстала важнае пытанне: а ці ёсць хлопчык, увогуле?
***Увечары 31-га снежня, калі ўвага мамы з бацькай была адцягнута зомбіскрыняй, я пачаў ладзіць страшную і жудасную пастку: знайшоў нейкую вяроўку, скруціў на адным яе канцы пятлю и акуратна прыхаваў  пад ялінкай. Другі канец быў працягнуты да майго ложку. Сутнасць плана заключалася ў гвалтоўным захопе  марозавай нагі ў пяцельку, прывязванні яго да крэсла і далейшым допыце з іголкамі пад пазногцямі, прасам ды паяльнікам.
Падрыхтаваўшы, такім чынам, усё неабходнае я з чыстым сумленнем залез пад коўдру, з гатоўнасцю чакаць Дзеда Мароза хоць і ўсю ноч... Прачнуўся я ад страшнага грукату падаючага цела! Трапіўся!! Рыбка на кручку!! Зараз ты мне і ўсе падарункі аддасі і са Снягуркай бліжэй пазнаёміш! Як жа я быў здзіўлены, калі ўбачыў татку, які ляжаў на падлозе, і спрабаваў вызваліцца ад вяроўкі... Ну ўсё, думаю, зараз будуць мне і падарункі, і Снягурачка... А не, пасмяяліся, пажартавалі і паціху разышліся па сваіх месцах. Краем вока я заўважыў, што скрынкі і пакеты ўжо стаялі побач з ялінкай, а вось хто іх прынес - так і засталося таямніцай...

ПС. У наступным годзе бацька яшчэ з вечара папярэдзіў мяне, маўляў не трэба Мароза лавіць, бо пакрыўдзіцца і ніколі не вернецца. А я што? Я ўжо ведаў, што Дзед Мароз - гэта выдумка, але вырашыў не казаць пра гэта бацькам, каб яны і далей жылі ў сваім казачным свеце.=))

святы, сям'я, успаміны

Previous post Next post
Up