ЛІХТАРЫКІ

Oct 30, 2014 14:26

Кожны год увосень, калі пануюць цёмныя халодныя вечары і “свой свет” паступова згортваецца, па ўсёй краіне адзначаюць Дзяды, на могілках у памяць аб продках запальваюцца знічкі. Гэты даўні звычай паходзіць ад сапраўдных вогнішчаў, якія распальвалі на Дзяды на курганах і могілках у гонар памерлых. Падобны звычай пад назвай “грэць бацькоў” існаваў і на Радаўніцу. Як працяг дадзенай традыцыі, у некаторых рэгіёнах Беларусі прыносілі гарачае вуголле з печы ў гаршчку, які пакідалі на магіле. У нашы дні ролю такіх рытуальных гаршчкоў выконваюць ліхтарыкі.
Гэтыя ліхтарыкі з’яўляюцца стылізацыяй гаршчка бронзавага века, які быў знойдзены каля в. Хадосавічы Рагачоўскага раёна ў кургане Сярэднедняпроўскай археалагічнай культуры. Гаршчкі часта сустракаюцца ў пахаваннях усіх часоў, бо гэты прадмет у пахавальнай абраднасці выступае як змесціва душы памерлага. На сімвалічным узроўні гаршчок прадстаўляў сабой чалавека - яго галаву і чэрава. На тулаве ліхтарыка знаходзяцца выявы знакаў “Дзед” і “Баба”, якія сімвалізуюць продкаў, а таксама з’яўляюцца адмысловым зваротам да Дзядоў, якія нам дапамагаюць і ахоўваюць нас. Накрыўка ліхтарыка мае стылізаваную выяву сонца (крыж у коле з прамянямі). Гэты знак быў выяўлены на донцы дрыгавіцкага гаршчка ХІ-ХІІ стст., які археолагі знайшлі ў кургане каля в. Каласы Рагачоўскага раёна. Салярныя знакі часта сустракаюцца на кераміцы, у тым ліку ў курганах. Яны выконваюць ахоўныя функцыі, сімвалізуюць святло, жыццёвую сілу, ачышчальны вагонь, а таксама з’яўляюцца сімваламі руху і кругазвароту жыцця. Унутры ліхтарыка ставіцца свечка.
Ліхтарык прызначаны не толькі для ўшанавання Дзядоў на могілках. На Дзяды ён можа гарэць на падваконніку, каб пазначаць продкам шлях. Таксама ён можа асвятляць стол на святочных вячэрах, і не толькі ў дні ўшанавання продкаў, але і на іншых сямейных ўрачыстасцях і святах.




https://vk.com/ragna_by

история Беларуси, память, Традиции

Previous post Next post
Up