Кінаагучванне ў 2004

Aug 25, 2011 14:56

Я ЧУЮ ГАЛАСЫ!

Я стаю па іншы бок вялізнага шкла, якое аддзяляе мяне ад актораў. Там, у
цёмным пакоі так званай апаратнай, пад настольнымі лямпамі, напружана
ўглядаючыся ў тэкст, сядзяць людзі, чые галасы выклікаюць устойлівае
адчуваньне дэжавю. Ідзе агучка францускага дэтэктыву "Цень на сьцяне".



"Матрыца" па-беларуску

Калі бярэшся лічыць усіх людзей, занятых у дубляжы аднаго фільму,
міжволі пачынаеш сумаваць па нямым кіно. Цэлая індустрыя - перакладчыкі,
акторы, гукаапэратары, рэдактары - зарабляе гэтым ня толькі на надзённы
хлеб і надзённае масла...

Фільмы, якія агучваюцца ў Беларусі, трапляюць сюды ў абсалютна розным
выглядзе. Напрыклад, на Белтэлерадыёкампанію, якая мае кантракт зь
Міжнародным францускім каналам, мастацкія, анімацыйныя і дакумэнтальныя
фільмы паступаюць на прафэсійных відэакасэтах альбо па спадарожнікавай
сувязі непасрэдна францускіх апаратных. У давесак прыходзяць і т.зв.
"мантажныя аркушы" (як варыянт - дыялёгі, скрыпты), зь якіх і робіцца
пераклад.

Іншы выпадак - Цэнтар эўрапейскага кіно ў кінатэатры "Перамога"
(адзіны кінатэатар у Беларусі, які ўваходзіць у Міжнародную асацыяцыю
"Europa cinemas"). Тут адбываюцца паказы францускага, швэдзкага,
турэцкага и иншага кіно. Цэнтар атрымлівае стужкі зь менскіх амбасадаў,
Гётэ-інстытуту альбо амбасадаў у Маскве (карэйскай, гішпанскай,
вугорскай, грэцкай...). Яны і прадастаўляюць мантажныя аркушы - як
правіла, на мове арыгіналу.

Яшчэ адзін варыянт у свой час раскручваў Віталь Станішэўскі,
заснавальнік "Беларускага Відэаклюбу", які з 1999 па 2002 займаўся
дубляжом фільмаў на беларускую мову. Найбольш вядомыя зь іх - "Матрыца",
"Адважнае сэрца", "Пан Тадэвуш". Для свайго першага фільму "Пяты
элемэнт" Віталь сам шукаў арыгінал касэты безь перакладу і разам з
"адной дзяўчынай" перакаўбашваў тэкст. Пасьля па аб'яўках у газэце
знайшоў відэамантажораў, на базе ў якіх усё і рабілася. "Я наведваў
відэагурток, дзе ўбачыў, што гэта, аказваецца, даволі проста, - кажа
Віталь. - Імпульсам было назіраньне за тым, як нашыя людзі камэнтуюць
кожную сусьветную зьяву толькі праз прызму яе лякалізацыі ў Маскве. Калі
ў свой час зьявіўся "Пяты элемэнт", у нашых СМІ пра яго сталі пісаць
толькі пасьля таго, як Маскву з прэзэнтацыяй наведаў Люк Бэсон. Мяне
гэта моцна зачапіла: а чаму б не зрабіць па-беларуску?"

абдымаю цябе ўсім, што ў маёй галаве...

Калі сам прадукт і мантажкі ўжо на руках, падключаюцца перакладчыкі. І
тут пачынаецца самае цікавае, бо мантажныя аркушы вельмі прыкладныя,
там часта шмат пропускаў і несупадзеньняў. Здараецца, аркушы зусім не
адпавядаюць зьместу фільму. Дыягназ просты: гэта даздымачны сцэнар -
такім рэжысэр хацеў бачыць сваё кіно. А калі ён пачаў яго здымаць і
часта зьбіраць усё па кадрах - пачаў мяняцца зьмест.

Пры перакладзе мантажак трэба адаптаваць тэкст, каб ён быў зразумелы
як мага большай колькасьці гледачоў. Сказы павінны быць простыя,
перакладзены тэкст ня мусіць быць большым за арыгінал. На гэтай стадыі
працы ёсьць свае цяжкасьці. Мікіта Патапенка, які займаецца перакладам
фільмаў для Цэнтру эўрапейскага кіно, кажа: "Праблема ў тым, што
некаторае "экзатычнае" кіно - швэдзкая, турэцкая, індыйская праграма, -
гэта пераклад перакладу, то бок у многім сапсаваны тэлефон. Гэта
ненармальна, але даводзіцца працаваць з тым, што ёсьць. Нямецкія,
францускія, італійскія праграмы прыходзяць звычайна на адпаведных мовах.
Плюс, калі перакладаеш мантажныя аркушы з ангельскай мовы, дзе не
напісаныя імёны і ня бачыш пры гэтым фільму, то не зразумела, асобе
жаночага ці мужчынскага полу належыць тэкст. Гэта самая вялікая
праблема".

Суцэльны вялікі пытальнік - табуяваная лексыка. "У нас быў выпадак:
вельмі складаны фільм, прысьвечаны праблеме беспрацоўя, і галоўная
гераіня выкарыстоўвала ненарматыўную лексыку, - распавядае Віктар Мароз,
рэжысэр Белтэлерадыёкампаніі, загадчык аддзелу дубляжу на францускім
канале. - Тэлефануе перакладчыца: што мне рабіць? Яна ж там мацюкамі
крые. Я кажу: перакладайце мацюкі, мы не павінны сказіць першапачатковы
сэнс фільма. Потым разьбярэмся. Вядома, мы не прыхільнікі таго, каб
вучыць гэтаму з экрана. Але калі б яна пайшла іншым шляхам і пачала гэта
ўсё згладжваць, мы б страцілі вастрыню". Цэнтар эўрапейскага кіно
некалі ладзіў скандальную праграму Джармана. Людзі сядзелі літаральна
адзін у аднаго на галовах, нехта кідаў піўныя пляшкі, а перакладчык
перакладаў увесь мат так, як і належыць. Расказвалі, што пераклад
рабіўся ў супрацы з ангельцам, і той настойваў, каб мат перакладаўся
дакладнымі эквівалентамі.

Лічыцца, што посьпех фільму на 100% залежыць ад перакладу. Каб цытаты
пайшлі гуляць у народ, трэба, каб перакладчык пранікся фільмам. "Прычым
валоданьне мовай - гэта толькі палова справы, важна, каб было ўнутранае
пачуцьцё стылю, - распавядае Віктар Мароз. - Бяз гэтага людзі ў нас не
затрымліваюцца. У нас шмат перакладчыкаў-студэнтаў, і любы чалавек, які
жадае, можа паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Студэнты мараць мець
кішэнныя грошы, і тут яны іх знаходзяць". У некаторых навучальных
установах пераклады залічваюць студэнтам нават як курсавыя працы.

Ясна, не абыходзіцца бяз хохмаў. Аддзел дубляжу мае нават спэцыяльную
кніжку, дзе запісваюцца "опусы". Адзін з самых запамінальных: "Я
абдымаю цябе ўсім, што ў маёй галаве".

у цёмным-цёмным пакоі

"Калі мы запалім сьвятло, яны ня будуць бачыць на маніторы карцінку,
вусны, дзеяньне. І так нагрузка на зрок вялікая, а са сьвятлом яна будзе
падвойная. Праца ў цёмным пакоі выклікае некаторыя прафэсійныя
захворваньні, напрыклад, сьветлабоязь, калі выходзіш на вуліцу сонечным
днём і шукаеш куст ці дрэўца, каб сонца не трапляла ў вочы, - адказвае
на маё пытаньне, чаму ў апаратнай так цёмна, Віктар Мароз. - Яшчэ адна
цяжкасьць: летам тэмпэратура там дасягае 40-42 гадусаў. Але даводзіцца
працаваць. Цяжкасьці перакрываюцца эмацыйным станам. Адразу адчуваеш,
атрымалася кіно ці не. І калі яно атрымліваецца, то псыхалягічны стан
настолькі захліствае, што такія дробязі, як 42 градусы па Цэльсію ці
цёмныя акуляры ў сьветлы час сутак, ня маюць значэньня. Усе акторы, якія
ў нас працуюць, выкладваюцца на 250%".

Існуе некалькі відаў дубляжу. Клясычны - гэта калі "родныя" галасы
актораў прыбіраюцца і агучваюцца нашымі. Гэта самы складаны від, бо
акторам даводзіцца рабіць усё - і рыдаць, і сьмяяцца, і нараджаць, і
крычаць, і смаркацца. За гэтым працэсам вельмі цікава назіраць, асабліва
калі агучваюцца мульты. Дарослыя, заслужаныя людзі на пэўны час робяцца
горкімі дзецьмі. Другі спосаб - закадравая агучка. Па фінансавых і
працоўных выдатках ён значна прасьцейшы. Колькасьць галасоў залежыць ад
самога фільму. У мэлядраме будзе больш дыялёгаў, чым у баевіку, і
патрэбна больш галасоў. Але, каб ня зблытаць герояў, у кожным фільме
будзе столькі актораў, колькі галоўных дзеючых асобаў. Любая хатняя
гаспадыня, якая глядзіць фільм і адначасова робіць хатнюю працу, не
павінна згубіць сюжэтную лінію, калі яна адвярнулася памыць посуд.

Пры адборы актораў для агучкі францускіх фільмаў існуе конкурснае
праслухоўваньне. Актораў кідаюць "з галавой у вір". Правяраецца іх
уменьне чытаць зь аркуша, перадаваць эмоцыі, слухаць. У адным навушніку
актор чуе свой голас, у другім - голас францускага актора. Плюс -
каманды рэжысэра, які кіруе працэсам. "Мы звычайна падбіраем такіх
актораў, якія падпадаюць пад паняцьце "чалавек-аркестар, - кажа сп.
Мароз. - Любы голас, тэмбар, трох- ці пяцігадовы хлопчык, дзяўчынка,
падлетак, бабуля, дзядуля, галасы іншаземцаў - усё гэта выдаецца на
раз".

Гэта на TV. На паказах жа, арганізаваных Цэнтрам эўрапейскага кіно,
агучкай займаецца сам перакладчык. Ён рыхтуе тэкст, прыходзіць і
адчытвае яго падчас паказу. "Акторскіх уменьняў тут не патрабуецца
адназначна - патрабуюць, каб гучней, але гучна дзьве гадзіны не
пачытаеш. Усё роўна кажаш так, як звычайна, - адмахваецца Мікіта. - Мне
самому як гледачу часта перашкаджае гэта таннае акторніцтва пры агучцы.
Іншая справа, што сам тэкст правакуе расстаўляць нейкія акцэнты. Тады
ўсё атрымліваецца само сабой".

Акрамя варыянту, калі прыходзяць мантажкі з тэкстам арыгіналу і
робіцца пераклад, існуе яшчэ адзін, калі перакладчык вымушаны займацца
толькі начыткай тэкстаў з экрана. "Адчуваеш сябе рэальным ідыётам", -
кажуць тыя, хто гэта рабіў. Ва ўсім цывілізаваным сьвеце, калі фільм
ідзе з тытрамі, гэта нармальна. Тым болей, калі гэта арт-хаўз. У нас жа
ўзьнікаюць праблемы, і прычым не на ўзроўні кіраўніцтва, а на ўзроўні
гледачоў - скардзяцца, лянота ім чытаць. "Я недзе 40 разоў паглядзеў
"Мумію", - распавядае Мікіта. - Адчытваў гэты фільм увесь час, пакуль ён
ішоў - тыдні два па некалькі сэансаў на дзень. Ён таксама ішоў з
тытрамі і не было мантажак. То бок я проста высоўваўся і чытаў з экрана,
што было цяжка, бо дзеяньне фільму адбываецца ў пустыні, а тытры былі
белымі - без варыянтаў..."

***

Віталь Станішэўскі: не вінаватая я...

"У Беларусі дастаткова тэхнічных магчымасьцяў. Проста для кінатэатраў
больш выгадна набыць ужо перакладзенае... Свой першы фільм я агучваў
сам. Акторы зьявіліся нашмат пазьней. Па сутнасьці, акупіўся толькі
адзін фільм - "Пан Тадэвуш". Пры яго вырабе быў выкарыстаны ўвесь
досьвед папярэдніх гадоў, былі зробленыя намаганьні па маркетынгу і
папярэднім зборы сродкаў, рэкляме...

Гэтым можа займацца толькі той, для каго гэта хобі. Усё замыкаецца ў
грашах. Калі працаваць кожны дзень і не займацца нічым іншым, патрэбныя
мінімум 2 месяцы, каб фільм акупіўся. Нават такі праект, як "Сотвар",
што таксама даволі прафэсійна займаўся перакладам фільмаў і дзе былі
нармальныя фінансавыя магчымасьці, прыпыніў існаваньне".

CD, Студэнцкая Думка

11/2004


агучка, мова

Previous post Next post
Up