Вышыванкавыя войны: як арнамент стаў хітом лета-2014

Sep 02, 2014 15:27


Лета 2014 года запомніцца не толькі спёкай і няпростай сітуацыяй у нашай краіне: нечакана для ўсіх яно стала сімвалам вяртання аўтэнтычных арнаментаў і такога адзення, як вышыванка.



Пачалося ўсё з матэрыялу Альгерда Бахарэвіча “Ганаровая вешалка” на сайце budzma.by, у якім пісьменнік выказаўся пра тое, што вышыванка для беларусаў мусіць стаць мінулым, бо мода на яе затрымлівае краіну ў развіцці.


“Навошта кніжкі чытаць, калі ёсць вышыванка? На ёй усё напісана, то бок вышыта. Ці намалявана, як тату на скуры. А больш беларусу ведаць неабавязкова. Мудрасці пакаленняў, запісаных беларускімі рунамі, хопіць, каб пражыць жыццё і іншых навучыць. Навошта кірыліца і лацінка, калі ёсць руны? Вышыванка - таксама цывілізацыйны выбар. Адмова ад Захаду і ад Усходу таксама - а замест гэтага рух углыб, у зямлю. Да нібыта глыбокіх - як магілы - народных традыцый. Толькі, на жаль, кожная традыцыя ёсць усяго толькі міфам. Апраўданнем голаду - гэтага вечнага спадарожніка людзей у вышыванках. Традыцыі выдумваюць тады, калі гэта робіцца выгодным. І забываюцца на іх адразу ж, як толькі яны пачынаюць замінаць.”

Матэрыял выклікаў шырокую палеміку. Амаль адразу ж на артыкул пісьменніка адгукнуўся калумніст радыё “Свабода” Віталь Цыганкоў.


“У чым прычына ўсіх нашых праблемаў? У вышыванках! У большасці еўрапейскіх народаў людзі маюць у сваім гардэробе нацыянальныя строі ды ўбіраюцца ў іх прынамсі некалькі разоў на год - як баварцы, швейцарцы, іспанцы, шатландцы. Альгерд у сваім тэксце прыводзіць прыклад літоўкі, якая пасмяялася з нейкага неназванага беларускага паэта ў вышыванцы. Больш няўдалага прыкладу, відаць, немагчыма прыдумаць - у літоўцаў нацыянальныя строі, відаць, у кожнай другой сям’і, у беларусаў - наўрад ці ў кожнай дваццатай”, - піша спадар Віталь.

Эмацыйна на тэкст спадара Бахарэвіча адрэагаваў эсэіст Стась Карпаў. Тэкст “Вышыванкі перажывуць” па папулярнасці не саступіў “Ганаровай вешалцы”.


“Адразу пытанне. А калі заўтра ўсе ў адзіным памкненні скінуць і спаляць свае вышыванкі, ці прачытаю я, што нарэшце еўрапейская Беларусь перамагла лапатную? Па-другое, хто такія мы, каторыя вярнуліся? Вялікая частка людзей не здагадваецца ні пра наяўнасць вышыванак, ні пра наяўнасць Бахарэвіча. Як быць з імі? Акрамя таго: некаторым людзям пашчасціла, уявіце сабе, мець джынсы. Куды іх адсылае гэтая шмотка? Няўжо да часоў Леві Штраўса на залатыя руднікі?” - піша спадар Карпаў.





Амаль адразу ж на сайце “Свабоды” з’явіўся тэкст Аляксандры Дынько “Нашто беларусу вышыванка? Каб быць сабой” пра трох дзяўчат, Насту Глушко, Наталлю Ярмалінскую і Насту Шпілеўскую, якія аднаўляюць старыя беларускія вышыванкі і ствараюць этнічную вопратку на замову.

“Я першую вышыванку зрабіла ў 2004 годзе, - кажа Наталля. - Гэта была такая вышываная стылізаваная кашуля крыжыкам. Калі я ўжо пабачыла зблізку музейныя кашулі, я зразумела, як глыбока я памылялася. І пасля „панеслася“ - я пашыла строй сабе, кашулю - мужу. А пазней з’явіліся і першыя замоўцы, каму спадабалася мая праца».

Да “вышыванкавых войнаў” далучыліся і іншыя СМІ: тыднёвік “Наша Ніва” прысвяціў тэме аўтэнтычных беларускіх строяў два нумары, адзін з якіх выйшаў з вышыванкай на першай паласе і загалоўкам “Яны вяртаюцца”.



Журналіст Севярын Квяткоўскі напісаў вялікае эсэ “Панамі звацца!”, дзе разважаў пра сялянскасць вышыванкі, а гарадскі партал City Dog нават стварыў гайд для мінчукоў - дзе набыць адзенне з нацыянальным каларытам.



Нечакана вышыванкі пачалі набіраць нечуваную папулярнасць.

Высветлілася, што аматараў арнаменту ў краіне шмат, і людзі з задавальненнем замаўляюць матылькі з беларускім арнаментам, школьныя сшыткі з арнаментам. Спявак Віталь Варанко сфатаграфаваўся ў вышыванцы ад моднага моладзевага стрыт-вэар-брэнду “LSTR”. І нават Альгерд Бахарэвіч дарыў сваю новую кнігу “Ніякай літасці Альгерду Б.” людзям у нацыянальных строях.



Тым часам беларуская вышыванка пачала заваёўваць Польшчу - брэнд Xoroshe актыўна прасоўвае і папулярызуе беларускія арнаменты.

“Кожнаму чалавеку патрэбнае пачуццё прыналежнасці, адчуванне таго, кім ён ёсць і адкуль ягоныя карані. Традыцыйныя ўзоры ў модзе таму, што гэта адзін са спосабаў выказвання вернасці сваёй малой Бацькаўшчыны. Асабіста для мяне такой малой айчынай з’яўляюцца Падляшша і Палессе, як з беларускага, так і з польскага боку”, - кажа стваральніца брэнду Магдалена Петру.




Нельга было не прыгадаць пра мінскі брэнд Honar, які стварае не столькі аўтэнтычнае адзенне, колькі адзенне моднае для людзей з пачуццём стылю.

“Я б увогуле не параўноўваў нашае адзенне з традыцыйнымі вышыванкамі, гэта зусім розныя рэчы, - кажа стваральнік брэнда Павел Доўнар. - Нашае адзенне хутчэй для тых людзей, якія і так носяць белыя кашулі, але замест гальштуку ўрачыстасці іх вобразу надае арнамент. Пра сакральны сэнс я б тут не казаў. Краме “Скарбніца” мы ніякія не канкурэнты”.



P.S. У выніку ўзнікае пытанне: а ці правільна мы зразумелі досыць правакацыйнае эсэ Альгерда Бахарэвіча, якое зрабіла вышыванку галоўным трэндам лета-2014? І калі зараз хто-небудзь абвесціць конкурс мокрай вышыванкі - мы будзем не супраць.







Юрась Ускоў

культура, Беларусь

Previous post Next post
Up