Dec 20, 2011 18:20
Сьвяты Францішак таксама распранаўся ў знак пратэсту і ў знак салідарнасьці. І рабіў ён гэта прынамсі двойчы. Першы раз - у судзе, калі ён устаў перад усімі і сказаў: "Я называў бацькам Пятра Бернардонэ, цяпер я слуга Гасподні. Я вярну бацьку і грошы, і ўсё, што ён лічыць сваім, нават адзежу, якую ён даў мне". Ён зьняў зь сябе адзеньне - ўсё, акрамя адной рэчы, і людзі ўбачылі, што гэта валасяніца.
Ён склаў адзежу ў куце, а наверх паклаў грошы. Потым павярнуўся да біскупа, быццам адвярнуўшыся ад усіх іншых, атрымаў дабраславеньне, і, паводле паданьня, выйшаў у халодны сьвет.(Гилберт Честертон. Франциск Ассизский)
А ў другі раз - калі дзеля сьвятога паслушэнства ён загадаў брату, які не падпарадкаваўся ягоным прыказаньням адразу, скінуць свой габіт і свой капюшон, ісьці да Асыжу, увайсьці там у касьцёл і ў такім выглядзе прапаведаваць людзям.
Сьвяты Францішак, разважаючы аб тым, зь якой пасьпешнасьцю брат Руфін, адзін з самых высакародных людзей Асыжу, падпарадкаваўся ягонаму суроваму загаду, папракаў сябе, кажучы: "Як мог ты, сьціплы сын Пятра Бернардонэ, паслаць аднаго з самых вядомых людзей Асыжу прапаведаваць людзям у такім выглядзе, нібы ён вар'ят? Няхай даруе табе Бог! Табе варта зьдзейсьніць тое ж самае, што ты загадаў зрабіць яму".
І неадкладна скінуўшы габіт і капюшон, зь вялікім запалам пайшоў ён да Асыжу, узяўшы з сабой брата Льва, які нёс вопратку - ягоную і брата Руфіна. Жыхары Асыжу, сузіраючы яго ў такім выглядзе, абсыпалі сьвятога лаянкай, вырашыўшы, што ён і брат Руфін зьехалі з глузду ад занадта моцнага пакаяньня…
Увайшоўшы ў касьцёл, Францішак узышоў на катэдру і пачаў так чароўна прапаведаваць аб пакаяньні, аб супакоі, аб добраахвотнай беднасьці, аб надзеі на жыцьцё вечнае, аб галечы Хрыста і Пакутах нашага Дабраславёнага Збаўцы, што ўсе, хто слухаў яго, мужчыны і жанчыны, сталі горка плакаць, жорстка пакутуючы ад згрызотаў сумленьня. І ва ўсім Асыжу Пакуты Хрыстовы былі ўшанаваныя, як ніколі раней. І людзі былі вельмі добра настаўлены гэтымі дзеяньнямі сьвятога Францішка і брата Руфіна. (Цветочки святого Франциска)
Брат Францішак,
Каталіцтва