Трэба думаць?!;…

Oct 15, 2011 14:24

“Толькі два адсоткі насельніцтва ўсяго свету здольныя да мэтанакіраванага мыслення” Аляксандр Пяцігорскі (філосаф).
“Хрысціянства - гэта дзветысячыгадовае напружанне думкі” Андрэй Кураеў (протадыякан)
“Мова брахмана падобная да групкі сляпых: хто стаіць ўперадзе нічога не бачыць, хто стаіць пасярэдзіне нічога не бачыць, хто стаіць ззаду нічога не бачыць” (з буддысцкай прытчы).

Свет неадназначны.  Колькі ні будуць вятры сціраць з мапы гарады, колькі ні будуць людзі пераступаць адзін цераз аднаго, колькі ні будуць ляцець у паветра нявінныя аскеркі, не знікнуць два забароненыя нашым сумленнем пацуцці: жаданне сказаць і страх сказаць. Адкуль два гэтыя страхі? Я скажу - ад розуму. Ад вялікага нашага розуму і здольнасці прыстасоўвацца да жыцця. Мы ведаем, чаго трэба баяцца, каб забяспечыць сабе спакой. Які нелагічны выраз, ці не так? Заўсёды баяцца, каб быў спакой. Ці ж гэта спакой, калі я баюся? Гэта, даруйце, неўроз. Жыць у неўрозе - наша норма. Кожнага, не адракайцеся. Бо на працы гэтага я не скажу, а дома скажу, а іншага й дома не скажу, а гатае вось скажу і дома, і на працы, а па тэлефоне - барані Божа! А вось гэтае-э.., гэтае я нідзе не скажу, але каму-небудзь абавязкова, хоць праз дзесяць год, напэўна, скажу. Бо хачу, аж не магу, бо сам розумам дайшоў. Гэта неўроз. Не адракайцеся…
      І адна з прычынаў гэтага неўрозу пры ўсім нашым адаптацыйным звышрозуме сядзіць у самых разважлівых з нас у наступным выразе: “Мы нічога пра гэта не ведаем, што мы можам тады гаварыць?” Аргумент найлепшы. Пасля яго ўсе астатнія - наскрозь прастрэленыя куляй сталасці, самакрытычнасці і мудрага разумення сваёй абмежаванасці. Згодная, усе бабкі пад пад’ездам паваленыя насмерць адным разважлівым выразам. Але толькі ў тым выпадку, калі наша мэта - звесці ў нішто плёткі пад пад’ездам, мы можам гэтым аргументам скарыстацца. Ніякага іншага апраўдання для нашга высокаразумнага выразу я, на жаль, не бачу. Так, мы не ведаем. Ну канешне, не ведаем, адкуль жа нам ведаць? Хіба ж мы багі, каб тое ведаць? Мы не багі, спадарства, мы людзі - хома, між іншым, САПІЕНС - і інакшага шляху, як дадумацца, у нас няма, ва ўсякім выпадку тады, калі мы гаворым пра людскія справы. “Не ведаем” - знайшоўся мне аргумент! Дык некалі мы нічога не ведалі. І Ньютан таксама нічога не ведаў аб сіле цяжару, калі ля яго падаў яблык. Але ж гэта не пашкодзіла Ньютану гэтую сілу вынайсці. А ўсё таму, што ён думаў не аб тым, ведае ён ці не ведае, а імкнуўся розумам дайсці да ісціны.
       Ну канешне, пустая балбатня ёсць дрэннае, плёткі ёсць дрэннае. Толькі дзеля пошуку ісціны, пры ўсёй нелюбові да плеткароў, павінна выказацца ў абарону і плёткаў, і балбатні. Ведаеце, і пад пад’ездам часам вынаходзіцца ісціна, што ж казаць пра ісціну вышэйшага статусу. Так, мы не ведаем, няхай сабе. Але не будзем адбіраць адзін у аднаго магчымасць думаць. Думаць праз сказанае. Нашае прымірэнне з няведаннем бязлітасна крадзе гэтую магчымасць, прыціскаючы аўтарытэтам разважлівасці і прынцыповасці. Дайце жыццю магчымасць рухацца, стварацца наноў кожную хвіліну, не забівайце пры нараджэнні сціплы палёт думкі той самай разумнай фразай. Можа быць, яна толькі сведчанне нашай уласнай ляноты.
Previous post Next post
Up