“Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў стратэгіі будучыні”

Mar 07, 2011 15:51

Запрашаем вас прыняць удзел у канферэнцыі “Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў стратэгіі будучыні” (19-20 сакавiка), якую ладзіць Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Канферэнцыя заклікана забяспечыць грамадскую дыскусію аб актуальнай сітуацыі ў краіне ў цэлым і ў грамадскім сектары ў прыватнасці, а таксама аб магчымых перспектывах далейшых дзеянняў у рамках Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства на бліжэйшы перыяд.

Канферэнцыя пройдзе з удзелам беларускіх і замежных арганізацый грамадзянскай супольнасці, экспертаў, прадстаўнікоў дыпламатычных місій краін Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь.

У сітуацыі пасля 19 снежня 2010 года актуальным пытаннем становіцца новая стратэгія дзеянняў грамадзянскай супольнасці. Відавочна, што нейкія пазітыўныя змены ў краіне немагчымыя без уцягвання “трэцяга сектара” ў дыялог пра будучыню і ліквідацыю існуючага грамадска-палітычнага расколу ў Беларусі. Аднак раздробненасць і слабасць грамадзянскай супольнасці не дазваляе ёй сёння ўступаць у раўнапраўныя адносіны з беларускай дзяржавай і ўключацца ў вырашэнне значных грамадскіх праблем.

Праблема кансалідацыі грамадзянскай супольнасці, нягледзячы на сваю відавочнасць, не можа быць вырашана без узгаднення стратэгій і падыходаў, якія існуюць у розных грамадскіх сілаў. Такія падыходы павінны быць публічна прад'яўленыя тымі, у каго яны ёсць, і абмеркаваны з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Толькі пасля іх крытыкі і аналізу можна прыступіць да фарміравання і прапанавання адзінай стратэгічнай платформы дзеянняў на перыяд бліжэйшай будучыні.

http://eurobelarus.info

eu-belarus

Previous post Next post
Up