пасажыр

Dec 11, 2022 05:29


Народжаны па іншы бок мяжы,

Заўсёды адчуваў жаданьне зьбегчы

Адтуль, дзе цемрашальства і крыжы,

Дзе словы боль пранізвае да вершаў,

Дзе ты ня сам сабе і сам ня свой,

Жыцьцё бы частка нечыяй праграмы,

Стабільнасьць стала чорнаю дзірой,

Твой гарызонт падзеяў - Вострай Брамай.

Але калі па волі лёсу ланцугом

Ты ўжо нібы зусім не прывязаны,

Ты выйшаў вонкі, кінуў гэты дом,

Схаваўся ў веры, што наканавана

Ісьці ў невядомасьць, не спыняць

Ажно да дзён апошніх гэтае пагоні…

За чым? А невядома. Цяжка адказаць.

Ты проста пасажыр з валізкай на пэроне.
Previous post Next post
Up