Свята Брэстчыны ці Брэсцкай вобласці?

Dec 16, 2009 21:34

У многіх сродках масавай інфармацыі бачыў загалоўкі “Брэстчыне - 70 год”. Такія надпісы красаваліся і ў абласным цэнтры на шматлікіх плакатах.

Гэта мяне вельмі здзівіла. Справа ў тым, што зараз адзначаецца 70-годдзе ўтварэння Брэсцкай вобласці. Але ж НЕ БРЭСТЧЫНЫ! Брэстчына існуе столькі, колькі існуе горад Брэст. А гэта ўжо 990 гадоў!

Вядома, што Брэст заўсёды быў значным эканамічным, палітычным, культурным цэнтрам нашых земляў. І быў ён такім не з 1939 года, а амаль НА ТЫСЯЧАГОДДЗЕ РАНЕЙ.

Падобна на тое, што ў нас па-ранейшаму адлічваюць гісторыю ад савецкага часу. А гэта ж велізарная памылка, якая адрывае нас ад нашых каранёў.

Як быццам да 1939 года на тэрыторыі Брэстчыны быў нейкі дагістарычны перыяд, калі тут ніякай цывілізацыі не было, а бегалі маманты і нейкія невядомыя дзікія плямёны...

НЕ! У Брэстчыны багатая, тысячагадовая гісторыя, якая не абмяжоўваецца толькі “дасягненнямі” Кастрычніцкай рэвалюцыі, якія некаторыя асобы працягваюць усхваляць да гэтага часу.

Так, у “Івацэвіцкім весніку” за 6 лістапада ў віншаванні раённага савета дэпутатаў да 92-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі было напісана, што “...Октябрьская революция 1917 года впервые в мире открыла перед человечеством возможность справедливого устройства общества”.

Пагадзіцца з гэтым мне немагчыма. Якая ж тут справядлівасць, калі пасля гэтай рэвалюцыі ў выніку камуністычнага тэрору былі загублены мільёны людзей?

Настаўнік гісторыі. г. Івацэвічы.

Івацэвічы, Газета для вас, http://gdv.of.by

Previous post
Up