Горад-герой Магілёў

Feb 01, 2008 23:19



Як карэнны магилёўца, не магу не абыйсці ўвагай гэтую знакавую падзею ў гісторыі свайго роднага горада. 1 лютага 1661 адбылося знакамітае Магілёўскае паўстанне, у гонар якога Магілёў атрымаў свой герб, які дагэтуль нагадвае пра славутыя і адначасова трагічныя падзеі трынаццацігадовай вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўшчынай: тры вежы на блакітным полі і збройны рыцар у браме пад выяваю “Пагоні”. У гэты дзень жыхары Магілёва знішчылі маскоўскі гарнізон, які акупаваў горад у 1654 годзе. На працягу некалькіх гадоў расейцы займаліся ў горадзе гвалтам і рабункамі. Як сведчаць дакументы, стральцы адбіралі грошы і зброю, коней і хлеб, насенне і кухоннае начынне. Горад быў пазбаўлены самакіравання, з жыхарамі абыходзіліся ненашмат лепей, чым з палоннікамі. Магілеўцы рыхтаваліся да помсты. Зручны момант для гэтага з'явіўся на шостым годзе акупацыі, калі войска Вялікага Княства і Польшчы разбіла расейцаў на рацэ Басі. Пасля таго як стральцы абрабавалі на рынку магілеўскіх пякарак, цярпенне ў магілеўцаў скончылася. На загад магістрата жыхары, у дамах якіх жылі маскоўцы, выкруцілі з іхных стрэльбаў крэмні. Мужчыны даставалі са сховаў падрыхтаваную загадзя зброю. У шматтысячным горадзе не знайшлося ніводнага здрадніка, і захопнікі да апошняй хвіліны нічога не ведалі. 1 лютага 1661 года бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкаю паўстання, з крыкам «Пара!» выхапіў шаблю і кінуўся на стральцоў. Над местам паплыў набатны звон. Паўстанцам дапамагалі вызваленыя з астрога нашы палонныя жаўнеры. За колькі гадзін царскі гарнізон быў знішчаны. Ад шабляў і куляў магілеўскіх мсціўцаў загінула сем тысяч захопнікаў. Вялікі князь Ян Казімір выдаў прывілей, паводле якога шмат паўстанцаў атрымалі шляхоцтва, а горад зраўнаўся ў правах са сталічнаю Вільняй. Апрача Магілева беларускія мяшчане знішчылі або выгналі царскія гарнізоны ў Дзісне, Амсціславе, Себежы, Гомелі і Старым Быхаве.

via  sparrow_hawk

Беларусь, дати, історія

Previous post Next post
Up