Два месяцы прайшло, а па адчуваннях два гады, як мы адзначыліся ў Канадзе. Мы даўно хацелі ў Таронта, але мяжа, афармленне дакументаў, іншыя моманты нас стрымлівалі, а тут прыйшлося - нам трэба было аднавіць амерыканскія візы, адпаведна загадзя зрабілі канадскія (якія нам паставілі ажна да сканчэння тэрміна дзеяння пашпартоў), замовілі гатэль і паехалі.
Расказваць пра дарогу нецікава, мне прыгадваюцца толькі суперпробкі, якія пачыналіся з дальніх прыгарадаў Таронта, ды заезд у Волмарт адразу пасля мяжы - там добра адчулася розніца з амерыканскім гандлем, бо прадукты былі лепш па якасці, а ў халадзільніках стаяла сапраўднае малако ў пакетах. З-за пробак мы прыехалі зусім позна, таму зрабілі кароткую вылазку і вярнуліся ў гатэль.
Наступным ранкам, атрымаўшы візы (не без прыгодаў і стратаў - мне прыйшлося перад консульствам выкінуць сцізорык, забыты ў сумцы, а гэта быў падарунак мужа), мы пайшлі глядзець на горад па-сапраўднаму. Першае мае ўраджанне было нібыта газетны загаловак: Таронта - горад кантрастаў! Гэта бачна на першым здымку зверху, зробленым з тэрыторыі старога дэпо, якая цяпер называецца Roundhouse Park. Калісьці тут была агромная станцыя з мноствам майстэрняў і складаў, цяпер засталіся дэпо з разваротным кругам, вежы для вады і вугля ды перавезеныя адкульсці і адрэстаўраваныя будынкі вакзала. А зямлю вакол - самую дарагую ў Канадзе - занялі гмыхі фінансавага цэнтра. Што цікава, унутры дэпо не музей, а броварня і мэблявая крама. Піва там робяць выдатнае, пад маркай "Паравы свісток". Мы не ўтрымаліся і набылі на вечар гэтых "свісткоў" 8)
Фактычна кантрасты ў Таронта сустракаюцца на кожным кроку. Што ў прынцыпе заканамерна: самы вялікі горад краіны развіваецца надзвычай хутка, набіраючы моцы з хваль іміграцыі. Сёння палова таронтаўцаў - людзі, што нарадзіліся па-за межамі Канады. Гэта вельмі заўважна на вуліцах, дзе шмат нацый, моў. Асабліва вылучаюцца кітайцы - самая вялікая дыяспара горада, у раён пражывання якой мы патрапілі.
Стары чайнатаўн (Old Chinatown - у Таронта акрамя таго ёсць яшчэ пяць кітайскіх анклаваў) пачынаецца адразу за знакамітай Art Gallery of Ontario, чый шкляны авангардны фасад моцна вылучаецца на фоне нешырокай вуліцы з яркімі шыльдамі на кітайскай мове. Указальнікі вуліц тут на дзвюх мовах, але большасць надпісаў на крамах - толькі іерогліфамі. Выглядае гэта дзіўнавата, бо ў архітэктуры тутэйшых дамоў няма нічога азіятскага - будавалі іх раней, а кітайцы пачалі тут сяліцца толькі 60 год таму.
Цікавы факт: першыя кітайцы, якія абралі Таронта сваім домам, былі... амерыканцамі. У 1870я яны ўцякалі ад пераследу па нацыяльнасці з Каліфорніі. Не адзіныя яны, канешне, ад чагосьці беглі, бо ў чайнатаўне нам сустрэліся яшчэ праваслаўная царква і сінагога са словам Minsk у назве. Яны з'явіліся там раней за кітайцаў, але неяк выжылі ў такім незвычайным асяроддзі. А цяпер вакол жыве мноства студэнтаў Універсітэта Таронта, які зусім побач. Наогул, універсітэцкі гарадок нам спадабаўся значна больш за "кітайскі". Хаця і там мы пабачылі сляды Азіі - у выглядзе фургончыкаў з кітайскім фаст-фудам каля карпусоў.
The University of Toronto найвялікшы ў Канадзе, тут атрымліваюць веды 47 тысяч чалавек. А яшчэ ён найстарэйшы, заснаваны амаль 200 год таму. Вучыцца ў ім, канешне, прэстыжна. Абыходзячы прыгожыя, утульныя двары і велічныя фасады універсітэта, мы ажна задумаліся над будучыняй нашых хлопцаў. Як было б крута, калі б яны тут адукаваліся! 8)
Таронта мы абыйшлі не тое, каб шмат за два дні, у асноўным пабачылі толькі цэнтр. Там усюль тыя самыя кантрасты.
Вось гэта шпіталь. Стары будынак вельмі ўтульна, на мой погляд, абставілі шклянымі гмыхамі - яны не так заціскаюць, як бетон. А шырокая вуліца дае шмат свету. Шпіталь стаіць насупраць галоўнага корпуса ўнівера, з поля-лужайкі перад ім мы пабачылі ў прасвеце паміж высоткамі The CN Tower - вежу для агляда горада і антэн-перадатчыкаў. Яна мая равесніца, між іншым, і 34 года была найвышэйшай на планеце. 553 метра, калі быць дакладнай.
А гэта былая мэрыя (цяпер там суд), якой не так пашчасціла з суседзямі, як шпіталю. Будынак узвялі напрыканцы 19 ст, калі вакол была прастора і чыстае паветра. І другі здымак - гатэль Fairmont Royal York, заціснуты з усіх бакоў гмыхамі фінансавага цэнтра. Калісьці 28-павярховы гатэль быў галоўнай "фішкай" горада, на старых здымках-панарамах позірк чапляецца толькі за яго, астатнія домы губляюцца на ягоным фоне. Цяпер позірку надта шмат чапляцца прыходзіцца, таму светлы і параўнальна невысокі гатэль моцна вылучаецца. Працуе ваў-фактар. Здымак, дарэчы, Данінага аўтарства (Андрэй працаваў трыногай).
І яшчэ крыху пра кантрасты! 8) Знакаміты Royal Ontario Museum (ROM) - адзін з найбуйнейшых музеяў кантыненту. Год 10 таму ROM захацелі павялічыць, у выніку на старым будынку вырас крышталь. Выглядае прыгожа, а ўнутры там галерэі... Туды я вельмі хацела б трапіць, але ў гэтай вандроўцы ў нас не было часу. Ды і з малымі цяпер складана ў музеях. На здымку побач - англіканская царква насупраць музею, цёпла так прыабнятая нейкім гатэлем.
Гэта адзін са старых раёнаў Таронта, які так і называецца Old Town. Праз яго мы спрабавалі дайсці да яшчэ аднаго месца, але пачаўся дождж, сцямнела, ды і вуліцы часам выглядалі небяспечнымі. Насамрэч, домікі там былі вельмі цікавыя і старыя, але, на жаль, у цемры не атрымлівалася іх здымаць. На гэтых фотках толькі пачатак прагулкі - край Старога горада, дзе мы адчулі сябе амаль што як дома. Я не пра краму з сексуальнымі штучкамі, а ў цэлым пра месца. 8)
Ну, і трэба расказаць пра акварыум.
Акварыум у Таронта проста цудоўны. Экзатычныя рыбы, незвычайнай формы вадаёмы, каралы, доўгі падводны тунель. Карацей, мы застралі там амаль на чатыры гадзіны. Дзеці пагладзілі акулу, палавілі лічбовых медуз на вялікім экране-сцяне, пашукалі рыбак-клоўнаў "як у мульціку", а потым ужо на выхадзе мы развярнуліся і пайшлі атрымліваць задавальненне другім разам. Фактычна, я падазорваю, у дзяцей паход у акварыум - самы светлы ўспамін пра Таронта. Даня нават абвесціў, што хоча быць "таронтавым", і моцна не хацеў пакідаць гэты горад. Як я яго разумею! І мы абавязкова яшчэ туды вернемся, бо нам спадабалася.