Адзначылі 28 чэрвеня Данін дзень народзінаў, дзень Д, як называе яго Андрэй. Даня доўга чакаў, калі ж яму будзе чатыры, дачакаўся... і адразу пачаў размовы пра пяць год, калі ён будзе "вялікі". 8) Як чалавек спяшаецца стаць дарослым!
Адзначалі ажна тры дні
. 8) Гуляць дык гуляць! Тым больш, што 28-га прыпала на пятніцу. У чацвер паклалі дзяцей спаць і пачалі рыхтавацца: я торт упрыгожвала, падарункі па хаце хавала, а Андрэй радасна дастаў балон з геліем (такія тут у супермаркетах прадаюцца) і надзьмуваў шарыкі. Ранкам, праўда, шарыкі былі ўжо не такія вялікія і падвескі з прыгожымі карцінкамі не трымалі, але Даню гэта не растроіла - задаволены, ён сабраў шмат шароў у адну руку і бегаў з імі па доме. Падарункі шукалі з дапамогай гульні "горача-холадна", што Дане вельмі спадабалася. Адшукаліся канструктар для шарыкаў, самакат, лічбовае лато, кніга пра жывёл і настольная гульня. А потым мы паехалі ў цацачную краму, дзе сын сам выбіраў сабе прэзент. 8) Выбіраў 10 хвілін, але ў краме мы бавілі больш за 2 гадзіны, бо там вялікі стол з цягнікамі і вялікі батут з баскетбольным калцом... У выніку калекцыя чыгуначных прыгажосцяў Дані павялічылася на пункт пропускаў для цягнікоў (гэта такая будка над рэйкамі для 2-х цягнікоў, якая паказывае чырвоны і зялёны сігналы і гукі выдае, калі цягнікі праязджаюць).
Увечары мы дасталі торт - кашмарненькі, але не без шарму. 8))))) Паліўка не захацела трымацца на баках, бо там быў тоўсты слой суфле, але наваяны мной Лайтнін Маквін вельмі натхніў Даню, бо малы трызнеў пра торцік з гэтым персанажам.
Паелі Маквіна і паехалі ў вялікі парк - рабіць тэст новага грыля. Дзень быў дажджлівы, таму парк пуставаў. Нам жа лепей! 8) Схаваліся пад навесам і забацалі мужчынам стэйк, а мне рыбіну. Тэст прайшоў удала.
Пакуль смажылася мяса, Даня гуляўся з падарункам ад цёці Дыяны, дзядзі Васі і Караліны, у якіх мы гасцявалі напрыканцы вясны (але пра гэта я так і не напісала, галімая). Пасылка прыйшла акурат на дзень народзінаў, нават хаваць не прыйшлося. А ў ёй гульня з рыцарам і прынцэсай, якім трэба дапамагаць сустрэцца, будуючы замкавыя сцены. Даня вельмі хутка прайшоў пачатковыя заданні, а потым проста будаваў вялікую вежу і ставіў наверсе фігуркі. І расказваў нам пра тое, што прынцэса кахае рыцара, а рыцар ратуе прынцэсу. Вось такое падзяленне роляў. 8)
Ну, а суботу і нядзелю мы ездзілі па розных забаўках. Пабылі на фэсце паветраных шароў у горадзе Хоўвел. Сам гарадок мы наведалі першы раз і нам там вельмі спадабалася. Адное тое, што там можна купіць добрую каву, надае гэтаму месцу шмат хараства. 8)
Даня адарваўся на атракцыёнах. Асабліва ён палюбіў высокія горкі, хаця першым разам было бачна, што спужаўся. 8) Андрэй прынцыпова не хацеў купляць там ежу, бо фастфуд і г.д., але ж пасля забавак Даня так прагаладаўся, што прыйшлося карміць чалавека піццай. Сядзелі ў чаканні шароў і кармілі. Чакаць прыйшлося доўга, але паглядзелі мы на палёт толькі трох шароў, астатнія надзьмувалі і яны заставаліся на полі. Мы позна зразумелі, што агульны старт будзе ў прыцемках, каб прыгожа свяціліся абалонкі, таму пайшлі да машыны амаль у 10 гадзін вечара, калі дзеці былі зусім ніякія. Ужо на трасе я паглядзела назад і пабачыла, як ляцяць светлыя кропкі на небе.
У нядзелю проста паехалі ў заапарк. А Даня быў матыльком.
Мая першая спроба такога малявання. Ужо ў заапарку я падглядзела, як працуюць прафесіяналы. 8) Яны губкамі аснову робяць, а я са сваімі пэнзалямі ніяк не магла Даню размаляваць.
На гэтым святкаванне амаль што скончылася. Быў яшчэ вечар, я раскладвала дробныя падарункі і цукеркі для дзяцей у садочку (гэта такая амерыканская традыцыя) у пакецікі, а ранкам пякла кексы і пакрывала крэмам, везла гэта ўсё ў садочак з Данем, дзе потым яму надзявалі кардонную карону і пелі хэппі бёздэй ту ю.