Янка разбурыў домік

Nov 14, 2012 17:37

Паведамленне для ўсіх, хто яшчэ не ў курсе: пятага лістапада я стала мамай спадара Яна Андрэевіча. Андрэй Аляксандравіч адпаведна стаў татам, Данііл Андрэевіч - старэйшым братам. Гэнным чынам, статус памяняўся толькі ў Данькі, але той слова "брат" не прызнае, кажа "я проста Даня!" і "Янка - гэта Янка!"
Народжвала ў мясцовым вельмі расхваленым шпіталі. Прысутнічала ўся сям'я, бо воды адыйшлі на самым пачатку ночы і Даньку не было куды дзець. Вось і сядзелі мае мужчыны на канапе побач з бальнічным ложкам, і радасна геймілісь на планшэце ў гушак. Праўда, гадзіны ў чатыры сын заснуў і нічога не чуў і не бачыў. Але ў самы адказны момант вырашыў прачнуцца, таму быў выгнаны ў калідорчык - з планшэтам, зразумела, а Андрэй насіўся паміж палатай і калідорам, спрабуючы і за Данем назіраць, і на родах папрысутнічаць. Такі папрысутнічаў і нават пупавіну перарэзаў, чым цяпер ганарыцца.
Дарэчы, менавіта Дане належыць выраз "Янка хоча разбурыць домік". Гэта ён выдаў на маю спробу патлумачыць, што адбываецца. Я баялася, што дзіцё напалохаецца маіх стогнаў, але ён быў абсалютна спакойны.
Так што цяпер наша сям'я складаецца з чатырох Бурносей. Самы малодшы дае мне найменш клопату: крычыць мала, спіць многа, ясі што даюць і не мае ніякіх прэтэнзій. 8) Я - шчаслівая маці!
Previous post Next post
Up