Часазвонь каля "ХорсМоторс"

Jan 14, 2022 19:13


Пабудаваная даволі хутка яшчэ ў 2018-м годзе, яна трошкі абудзіла навокольных насельнікаў і не толькі.

Між іншым звярнулі на сябе ўвагу мелодыі, якія адбіваюць званы гадзінніка.

Гэта не рэлігійныя гімны, нават не класіка, як напрыклад «Мой родны кут, як ты мне мілы» «Песняроў» на вежах Дварцова-паркавага ансамблю. Гэта мелодыі з папулярнай беларускай музыкі, прычым хутчэй з нефармальнай. «Купалінка», «Радзіма мая дарагая», яшчэ штосьці. Гэтыя мелодыі сталі класічнымі яшчэ ў савецкі перыяд. Але сярод іх найбольш здзівіла «Тры чарапахі». Чуць гэтую мелодыю з часазвоні, з асвечанай хрысціянскай капліцы, мне было дзіўна. Я гэтага так і не зразумеў. Пры чым тут гэтыя чарапахі.

9 жніўня пасля таго, як я схадзіў, цяпер нават не разумею навошта, ў адну дзяржаўную кантору, і здзесніўшы нейкі, нібыта прадугледжаны законам свой грамадзянскі абавязак, я чамусці вырашыў прагуляцца і, чамусці прыпёрся да часазвоні. Сфатаграваў яе. І пайшоў дадому. Не памятаю што тады адбілі званы. Можа быць усё ж не пра чарапах.

Пасля ў той жнівень і наступны верасень даволі часта даводзілася чуць песенку пра трох чарапах. Мяне дужа здзіўляла - як яна магла стаць такой папулярнай у народзе, які раптам выліўся на нашыя вуліцы. Ці чулі яны яе змест. Яе пасыл - «не чакай, нічога ня будзе». Гэткая страшная балотная безвыходнасць і безнадзейнасць. Ці можа гэта такая саміронія, і адчуванне таго, што ўсё роўна нічога з гэтых гульняў не выгуляецца?



Не. Гэтая песня мне не падабаецца. Не па мелодыі, не па зместу. Не мой гімн. Не разумею яе.

Мой гімн «Не загаснуць зоркі ў небе... (Нашай Ніве)». Ніхто яго не заспяваў. Нажаль. Але спадзяюся калі небудзь заспяваем яго разам.

Previous post Next post
Up