Гэта было б смешна, калі б не было так сумна :)
Сённяшняя ноч, дальбог, на працяглы час адкладзецца ў маёй памяці. Сітуацыя такая. Учора вечарам чарговы раз забралі "бласлаўлёны" Citroen з сэрвіса, я даехаў дадому, а ноччу трэба было адвезці Кацю на аўтобус на 3.25. Селі, едзем, на Камвольным камбінаце (прыкладна 2/5 шляха) спыняемся перад светлафорам, а далей машына адмаўляецца ехаць, бо, аказваецца, няма паліва. Мы яшчэ пракаціліся 300 метраў (фатальная памылка, як я пасля даведаўся) і спыніліся. Ну, Каця скочыла ў першую таксоўку, а я стаў чакаць, пакуль мне падвязе паліва яшчэ адная таксоўка.
Вы спытаеце, як можна не заўважыць, што паліва на "нулі"? Ды лёгка. Лямпачка гарэла, але стрэлка была не на мінімальным узроўні, звычайна гэтага хапае яшчэ кіламетраў на 30-40. А мне ехаць трэба было 8-10 кіламетраў, тэрмінова і неадкладна. Самае цікавае, што аддавалі машыну ў сэрвіс з поўным адным дзяленнем (каля 7 літраў), а тыя нават ні слова не сказалі, што ў баку стала пуста. Па разліках, яны пакінулі паліва 1-1,5 літры. Цырк нейкі. Калі б я ноччу не папёрся на вакзал, я б усё адно раніцою не даехаў бы да працы. Але гэта была ноч, раён Камвольнага камбіната і я з пустым бакам.
Нарэшце, пад'ехаў таксіст. Прывёз 5 літраў. Прычым за дастаўку ўзяў больш, чым за само паліва. Ну, няхай, грошы ўсё адно невялікія. Неяк залілі гэтыя пяць літраў, тут яшчэ ягоны калега пад'ехаў з лейкай, я кажу, каб пачакалі, пакуль завядуся. Як адчуваў. Гэта ж дызель! А ў нас яшчэ і з акумулятарам праблемы, трэба мяняць. Не заводзіцца, карацей. Вылажу, пытаюся, ці дапамогуць. Падпіхнулі мяне, але выніку "нуль". Бо я, зноў жа, першы раз сутыкнуўся з такой сітуацыяй, ніхалеры не ведаю. Гэта зараз ужо магу сказаць, што трэба ўключыць 2 ці 3-юю перадачу і адпускаць счапленне. А ноччу я быў як першакласнік, у якога спыталіся, што такое косінус. Ну, яны кажуць, давай яшчэ сотню, завядзем мы цябе (калі ты такі дурны!). Я яшчэ прыдумаў пазваніць дырэктару (гэта сярод ночы), спытацца, што мне рабіць. Ён так і сказаў, што лепей плаціць. Пакуль я размаўляў, адзін з іх ужо паехаў. Ну, і пачалі мы з другім ажыўляць машыну. Ён дастаў правады, хвілін 15 прастаялі - не заводзіцца. Потым кажа, што прыйдзецца цягнуць. А мяне ж ніколі не цягалі. Таму працягнуў ён мяне метраў 500, і зноў нічога не выйшла. Выходзіць, ужо нават не задаволены, што дадумаўся прывезці мне паліва, а я кажу, каб патлумачыў нармальна, што трэба рабіць. Карацей, даехалі амаль да самога вакзала (да Аранскай), машына завялася, хаця я ўсё адно не зразумеў, як гэта адбылося. Аддаў я яму грошы, хоць ён ужо і болей прасіў і ледзь не мацюкаўся, і паехаў дадому. Прыехаў толькі ў 5 гадзін раніцы. Досведу набраўся, нават і грошай не шкада. Калі нешта не ўмееш, дык жыццё навучыць у любым выпадку.
У прынцыпе, можна было б і пакінуць там машыну, дзе-небудзь на стаянцы, а раніцай забраць, але пра такое я не падумаў, ды й яшчэ не вядома, ці зацягнуў бы яе да стаянцы. А потым яшчэ дадому тупаць 1,5 кіламетры.
Зрабіў некалькі вывадаў: у самым апошнім выпадку буду набываць сабе дызельную машыну, заўжды трэба мець пры сабе каністру паліва, СІТЭ-аўто - адзін з горшых аўтасэрвісаў у Мінску.