Пра шляхапісы. Заключнае

Nov 29, 2014 13:54

ШЛЯХАПІС ДЗЕСЯТЫ. ПЕРА-НОЧЫ-ЦЬ.

Асобнага слова заслугоўвае тэма пра тое, дзе можна спыніцца ў Еўропе. Калі Вам дазваляе шырыня і начыненне кішэняў не задумвацца над гэтым пытаннем, то далей можна і не чытаць, гэтаксама як і тым, хто цягае з сабою намёт. Апошні спосаб падарожжа не пазбаўлены вялікай долі рамантыкі, але для яго патрэбная падрыхтаваная кампанія.


Мы жылі ў асноўным у хостэлах, за выключэннем Варшавы, дзе нас прытуліў добры чалавек. Аднаго гэтага падарожжа стала дастаткова, каб зразумець усю складанасць гэтага пытання.

Тут можа быць толькія адная парада: трэба быць падрыхтаваным да ўсяго. Хостэл можа абсалютна не залежыць ад коштаў, горада, месца знаходжання. І практычна ў кожным хостэле будуць свае “скелеты ў шафе”. Просты прыклад: у Брусэлі мы жылі ў хостэле за 55 еўра (нумар на траіх). Даражэй атрымалася толькі ў Рыме, дзе мы аддалі 60 еўра. Але ці можна параўнаць гэтыя хостэлы? У Брусэлі былі проста жудасныя санвузлы. У прыбіральні месца мінімум, калені можна сказаць падпіраюць дзверы, чалавек грузны туды проста не залезе. І такая ж самая ванна, нават абутак няма дзе паставіць, уся брудная. Некаторыя дзяўчыны страцяць свядомасць ад такіх умоў. Нумар яшчэ больш-менш, хаця таксама месца мінімум і ложак двухпавярховы. Раніцай нам прыйшлося паваяваць з кававым аўтаматам, які сажраў еўра, а каву выдаць не пажадаў. 25 хвілін чалавек з “рэсэпшэна” пытаўся яго пачыніць, але па выніку аддаў назад грошы. Праўда, тут была кухня шмат розных цікавых турыстычных мапаў. Для параўнання, у Рыме ўсё было проста шыкоўна: і інтэр’ер, і ванная, і сам нумар. Але тут нечакана ўзнікла іншая праблема - з аплатай. Пры браніраванні грошы за пражыванне знялі адразу, але пры засяленні папрасілі заплаціць яшчэ, спаслаўшыся на тое, што гэтыя грошы проста заблакаваныя і вернуцца праз колькі дзён. Гэта было поўным сюрпрызам. Калі мы ўжо нібыта дамовілі пра тое, каб заблакаваныя грошы хостэл забраў сабе, чароўным чынам з карткі спісаліся яшчэ 60 еўра… Хостэл каля аэрапорта, але першы аўтобус толькі ў 5.50 раніцы. А калі рэйс а шостай раніцы?

У Парыжы мы жылі ў хостэле Ібіс за 35 еўра нумар. Гэта быў самы лепшы хостэл. А каштаваў танней за ўсе астатнія. Раёнчык, праўда, быў не самы лепшы, наўпрост насупраць спакойна “кватаравалі” клашары. І тут усё было платна, нават сеціва. Затое раніцай можна было паснедаць па шведскай сістэме за 6,5 еўра.

У Амстэрдаме ўмовы таксама былі не лепшыя, хоць і заплацілі мы не так шмат. Але прыйшлося ночыць з нейкай жанчынай, таму што нумар апынуўся на чатыры месцы. На шчасце, гэта быў адзіны такі выпадак, таму што жанчына была натуральна нейкая дзівачка.

У Барселоне хостэл быў цудоўны. Ветлівы персанал, нумар за 50 еўра, добрыя ўмовы. Але і тут не абыйшлося без сюрпрызаў. Толькі іспанская мова, а па ангельску тут ведалі адное слова - “окей”. Даходзіла да таго, што карысталіся перакладчыкам ад гугла, каб распытаць хоць пра нешта. Кампутар тут яшчэ цікавы быў: магчыма, адзін з самым першых лэптопаў на свеце. Я, прынамсі, такіх не бачыў. А нам усяго толькі быў патрэбны карт-рыдэр.

Нарэшце, Міланскі хостэл варта было б назваць найлепшым, бо мы прыйшлі туды толькі а палове на другую ночы, але нас засялілі без аніякіх пытанняў. Вінтавая лесвіца і нумар на 5 чалавек, але нікога акрамя нас не было.

Акрамя жытла важным пытаннем з’яўляецца ежа. Можна, канешне, паспрабаваць пастаянна частавацца ў кавярнях, аднак трэба разумець, што справа гэта не такая танная. Асабліва, калі ў галаве спрацоўвае калькулятар. Таму, калі дазваляюць час і умовы, можна набываць ежу ў крамах і гатаваць у хостэле. У сярэднім у кавярні нам даводзілася выкласці 15-20 еўра, у выпадку са сняданкам - 5-10 еўра. А ў крамах можна было набыць гатовую ежу, падагрэць у мікрахвалёўцы і заплаціць за гэта 5 еўра. Праўда, тут трэба звярнуць увагу на характар ежы. Так, звычайных нашаму страўніку супоў у Еўропе амаль не сустракаецца. Усё нейкія зялёныя супы ці леча. Знайсці прадуктовую краму ў цэнтры горада амаль немагчыма. Там усе буйныя крамы знаходзяцца па-за межамі горада. Затое заўсёды можна набыць свежы багет. Акрамя гэтага, у кожнай краіне, вядома, ёсць свае цікавыя аспекты, пра якія пісаць не так зручна, як самому ўсё бачыць наяве.

Некалькі заключных словаў.

Такой мне ўявілася Еўропа за тыя 10 дзён, што мы правялі ў яе віры. У якасці лагічнага заканчэння хацелася б адзначыць тыя асноўныя асаблівасці, якія ў цэлым, на маю думку, характэрныя для Еўропы.

Адкрытасць і рэальнасць. Тут можа быць не такія чыстыя вулкі, але тут ніхто не ставіць за мэту быць вылізаным звонку і брудным знутры. Тут можна назіраць жыццё і наваколле і не адчуваць, што вакол цябе нейкая тэатральная пастаноўка ці спектакль.

Тэхналагічнасць і сэрвіс. Нягледзячы на амаль поўную адсутнасць звычайных крам у цэнтры горада, з усім астатнім тут парадак. Кавярні працуюць да ночы, раніцай ты заўсёды можаш атрымаць свежую каву і што-небудзь да кавы (таксама свежае). Пра сучасныя атрыбуты цывілізацыі можна і не ўспамінаць. Гэта ў нас вай-фай яшчэ рэдкасць.

Прага да жыцця і аптымізм. У Еўропе ўсмешка - гэта каштоўнасць. Якой пастаянна карыстаюцца. Якая пасуе. Тут сапраўды разумееш, чаму людзі, што наведваюць Беларусь, скардзяцца на тое, што нашыя людзі сумныя і невясёлыя.

Прага да эканоміі і экалогіі. Больш за ўсё гэта адчуваецца, вядома, ў Нідэрландах, але хацеў бы адзначыць, як, напрыклад, паркуюцца ў Францыі. Там камар носу не падточыць! Упершыню ўбачыў, што і машыну можна зараджаць J. Самыя папулярныя машыны - мініяцюрныя хэтчбэкі.

Цяжкасці з ангельскай мовай. Такога мы, канешне, не чакалі. Так, няхай яшчэ Францыя, гэтага можна было чакаць, але Барселона, але Італія, але Брусэль. Вось табе і Еўропа.

Пагроза імігрантаў. На жаль, усё ідзе да таго, што Еўропа хутка загіне. Знайсці “чыстых” еўрапейцаў ужо зараз надта складана, а што будзе далей? Францыя, Іспанія, Італія даўно сталі мультыкультурнымі краінамі, дзе імігранты атрымліваюць усё больш улады. Пакуль што нефармальнай, звязанай з бізнесам, але гэта толькі пачатак.

Складанасць успрымання. Нарэшце, увесь гэты іншы свет падаецца чалавеку, што прыехаў з Усхода, мякка кажучы, вельмі дзіўным. І як бы тут не было цудоўна і цікава, у нейкі момант цябе пачынае цягнуць дадому. Я адмыслова не раскрываю тэму, бо ў кожнага знойдзецца, што тут напісаць.

досвед, успаміны, Еўропа, дзёньнік, назіранні

Previous post Next post
Up