ШЛЯХАПІС ВОСЬМЫ. ЗРУЙНАВАНАЯ ДЫ НЕ ПАМЕРЛАЯ.
Сталіца Польшчы - Варшава - чымсьці падобная да Вільні - сталіцы Літвы. Такая блізкая і такая далёкая адначасова Еўропа. Блізкая гістарычна. Яшчэ адзін варыянт развіцця. Кажуць, на пачатку 90-х гэта палякі ездзілі да нас на “закупы”. А што зараз? Зараз шмат хто з іх ніколі не наведваецца ў Беларусь, бо тут проста нецікава, патрэбная віза і “савок”.
Раней я досыць не любіў Польшчу. Усё падавалася, што гэта з-за яе “каварства” адбыўся заняпад ВКЛ, а беларускія паны як адзін сталі каталікамі і палякамі. Ну і гэтак далей. Зараз, вядома, погляды крыху змяніліся, але ў любым выпадку Варшава тут не прычым. У гэтага горада свой трагічны лёс, свая адметная гісторыя. І зараз, калі ты ідзеш па вуліцах Варшавы, адчуваеш адразу некалькі супярэчлівых пачуццяў, успамінаючы, што 70 год таму ад сённяшняй Варшавы амаль нічога не было. Ужо толькі за гэта нельга не замілоўвацца гэтым горадам і з сумам успамінаць некаторыя нашыя гарады, якія выбралі зусім іншы лёс.
Варшава - прыгожы горад. Так, я сам чуў, што самі палякі больш любяць Кракаў. Я проста выказваю сваю думку, якая цалкам можа адрознівацца ад думак іншых людзей. Тут неяк на дзіва гарманічна спалучаюцца самыя розныя стылі і архітэктурныя прыклады. Хмарачосы, касцёлы, паркі - усё гэта стварае прыемны вобраз сучаснага еўрапейскага горада, якія не забываецца пра сваю гісторыю і ў якім так лёгка атрымліваць задавальненне ад жыцця. І не сказаць, каб тут было так шмат помнікаў, але той жа адноўлены Стары горад (Старэ Място) і Палацавая плошча наўрадці пакінуць Вас абыякавым. Нам пашчасціла патрапіць на арганны канцэрт у саборы Святога Іаана - шыкоўная рэч, па шчырасці. З Ратушы мы за сімвалічную плату змаглі ўбачыць амаль усю Варшаву, а каля Ратушы паспрабаваць арыгінальную польскую страву - смажаны сыр з журавінамі. Вырашыўшы не спыняцца на гэтым, мы зайшлі ў кавярню, дзе пазнаёміліся яшчэ з двума традыцыйнымі польскімі стравамі - супам “журэк”і “бігасам”. Суп, шчыра кажучы, на аматара, на хлебнай заквасцы і з калбасой. Бігас - капуста з мясам і грыбамі - мне спадабаўся нашмат болей. Я б яшчэ раіў паспрабаваць тутэйшых пончыкаў.
Варшава - цікавы горад. Узяць тую ж мову. Здаецца, ледзь не ўсе словы зразумелыя, але калі палякі пачынаюць тараторыць, дык амаль нічога не разумееш. Але ўсё адно, адчуваеш сябе не так, як у той жа Вільні. Яшчэ не магу не адзначыць, што палякі - вельмі хітрыя людзі. Мабыць, самыя хітрыя. З імі заўсёды трэба паводзіць сябе асцярожна, бо ніколі не ведаеш, чаго чакаць ад іх.
Агулам, Варшава можа ўяўляцца для нас нейкім мастком. Тут можна вырашыць для сябе, які варыянт сужыцця для цябе насамрэч бліжэйшы - Еўропа ці Расія. І зразумець, што нават у Еўропе заўсёды можна застацца перш за ўсё палякам, чым еўрапейцам.