Пра канфлікты

Aug 06, 2014 11:31

На маю сціплую думку, маленькія фірмачкі ці прадпрыемствы кшталту таго, у якім працую я, выдатная ніва для вывучэння латэнтных канфліктаў і проста канфліктаў у малых сацыяльных групах, калі хоць крыху прытрымлівацца навуковай тэрміналогіі. І для вывучэння рознага тыпу інтэракцый.
А калі па-прастому, то лепш проста чыста мужчынскі калектыў альбо чыста жаночы. А не як у нас - амаль пароўну. Бо нават мне, з маёй неверагоднай спакойнасцю і знешняй абыякавасцю, якія я здолеў развіць за апошнія гады, часам хочацца выказаць усё, што я думаю і ў самых яркіх выразах. Часам наш офіс нагадвае эпіцэнтр нейкай вайны. Ніколі б не падумаў, што ад двух дзяўчын можа сыходзіць столькі агрэсіі, палкай ярасці, негатыўнай энергетыкі. Мне часам здаецца, што яны без крыкаў агулам не могуць камунікаваць з наваколлем. Яны крычаць і злуюць адна на адную, на мяне, на дырэктара. Мабыць, некалі тое адбываецца адначасова. Альбо ў іх такое праблемнае жыццё па-за межамі працы, альбо яны істэрычкі і неадэкваткі, альбо я проста адстаў ад жыцця і не заўважыў, што гэта стала нормай. З любой праблемы раздуваюць скандал. Дырэктара, між іншым, гэта таксама бесіць. Але ў яго пакуль не было на гэта часу і ён проста казаў мне, што наіўна патрабаваць нечага іншага ад жанчын, яны ўсе аднолькавыя.
Днямі, калі дырэктар быў у камандыроўцы, у нас разгарэлася сапраўдная сварка. Я пасмеў уставіць сваё "Я", нешта піскнуць супраць і адразу даведаўся пра сябе столькі новага, колькі часам і за год не спазнаеш. З-за нейкай накладной, дзе не хапала адной закаручкі, на якую ніхто і ўвагі не зверне. Эм, ну і зараз я персона нон-грата, так бы мовіць. Была б магчымасць, я б паклікаў сюды якога Э. Бёрна ці Л.Козэра.

жанчыны, канфлікты, праца

Previous post Next post
Up