Jan 21, 2014 17:00
На выходных мы з Кацяй адмыслова выбраліся ў Магілеў, каб забраць да сябе ў сталіцу ката Леапольда. Каця так і сказала, што больш без яго не можа існаваць. Праўда, ледзь пераканалі ёйных бацькоў ў правільнасці такіх дзеянняў, бо тыя не надта жадалі нам яго аддаваць. Прывыклі, палюбілі, "у Мінску яму будзе дрэнна, а тут яму так хораша" і яшчэ рознага кшталту тэзы. Забралі. Свой кот. А ў іх і так ёсць 2 коткі. У нядзелю, марознай раніцай Леапольд у сваім багажным адсеку выправіўся скараць сталіцу. І хоць вусы замёрзлі, дарогу ён перанёс цярпліва і годна. 4 гадзіны ў цягніку, 1,5 гадзіны ў аўтобусах. І вось - новае месца жыхарства Лошыца. Вечар хадзіў, абнюхваў усё, усё разглядваў, а потым ноччу зладзіў нам такі канцэрт, што паспаць зусім не атрымалася. Як і сённяшняй ноччу. Не ведаю, ці плача ён, ці кліча кагосьці, ці проста не дае нам спаць. Затое раніцай спіць як забіты. Хоць бы суседзі не чулі...
падарожжы,
жыццё сямейнае,
жывёлы