Самыя недарэчныя навуковыя дасьледаваньні 2013 года

Dec 30, 2013 12:07

Цэлае мноства пацешных навін у адыходзячым годзе трапіла на старонкі друку.

Безумоўна, галоўным аўтарытэтам ў галіне сьмешных навуковых адкрыцьцяў застаецца Антынобэлеўскі (або інакш Ігнобэлеўскі і Шнобэлеўскі) камітэт, які штогод прысуджае сваю прэмію за навуковыя дасягненьні, „якія спачатку выклікаюць сьмех, а затым прымушаюць задумацца”.

Сёлета падчас цырымоніі ў Гарвардзкім унівэрсытэце ўшанавалі дасьледнікаў, якія вывучалі арыентацыю жукоў-гнаявікоў па зорках, узьдзеяньне опэры на мышэй, якія перанесьлі трансплянтацыю сэрца, уплыў алькагольнага ап'яненьня на прывабнасьць - і беларускага прэзыдэнта.
Для прыкладу, прэміяй па фізыцы была адзначаная група навукоўцаў за публікацыю ў часопісе PLoS ONE, дзе яны даказалі, што некаторыя людзі маглі б бегчы па вадзе і ўтрымлівацца на яе паверхні ў сажалцы - калі б яны самі і сажалка знаходзіліся на Месяцы. Адзін з дасьледнікаў сказаў журналістам, што бег па вадзе можа стаць адным зь відаў трэніроўкі для астранаўтаў або нават забавай і відам спорту на будучых пазазямных базах.

Два архэолягі атрымалі Антынобэлеўскую прэмію за экспэрымэнт з праглынаньнем недаваранай землярыйкі, і далейшае дасьледаваньне лёсу яе парэшткаў - так навукоўцы спрабавалі вызначыць, якія косткі шкілета землярыйкі могуць перажыць пераварваньне ў стрававальным тракце чалавека, а якія не.

Прэмію па тэорыі імавернасьці заслужана атрымалі шатляндцы за два вельмі важныя адкрыцьці аб каровах. Бязь іх мы б ніколі не даведаліся, што, па-першае, чым даўжэй карова ляжыць, тым большая верагоднасьць, што яна ўстане, а па-другое, калі карова ўстала, прадказаць, калі яна зноў ляжа, вельмі цяжка.

Урэшце ляўрэатам Антынобэлеўскай прэміі міру 2013 года стаў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Як растлумачылі арганізатары конкурсу, ён быў уганараваны за забарону публічных аплядысмэнтаў, уведзеную пасьля антыўрадавых пратэстаў у 2011 годзе, падчас якіх іх удзельнікі моўчкі білі ў далоні. Арганізатары асобна адзначылі выпадак, калі за ўдзел у „акцыі аплядысмэнтаў” суд у Горадні прысудзіў да штрафу аднарукага чалавека.
***
Вядома ж, сьмешныя і дзіўныя вынаходніцтвы не абмяжоўваюцца адной толькі Антынобэлеўскай прэміяй. Так, нямецкі фізык паклаў у пральную машыну вядро „цаглінак” Лега і сьціраў іх крыху больш за гадзіну пры тэмпэратуры 40 градусаў Цэльсія, без пральнага парашка і выкручваньня. Гэта дапамагло навукоўцу высьветліць, якія выпадковыя структуры ўтвараюцца з цаглінак ў гэтым працэсе. Акрамя таго, на думку навукоўца, такім чынам звычайная пральная машына і цацкі могуць пакласьці пачатак новаму накірунку ў сучасным мастацтве.

Брытанскія навукоўцы, як заўжды, апраўдалі сваю рэпутацыю „пастаўцоў” самых нечаканых навуковых навін. Сёлета, для прыкладу, яны вывучалі аэраакустычныя ўласьцівасьці чайніка, які сьвісьціць на пліце. Зь ім аўтары правялі некалькі экспэрымэнтаў. Акрамя таго, вучоных цікавіла, ці можна выкарыстоўваць тэхналёгію магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ) для кантролю якасьці традыцыйнага брытанскага пірага са сьвінінай (высьветлілася, што можна). Нарэшце, група лёнданскіх дасьледнікаў знайшла яшчэ адзін пабочны эфэкт ад кавы: яны апісалі выкіды ў атмасфэру ўгарнага газу (СО) у выніку працэсу смажаньня кававых зерняў у хатніх умовах.

Іх амэрыканскія калегі ў якасьці аб'екту дасьледаваньня абралі вельмі папулярны ў ЗША і іншых краінах жэст - лёгкі ўдар кулаком аб кулак у якасьці віншаваньня зь перамогай. На думку дасьледнікаў, распаўсюджваньне такога менавіта прывітаньня сярод мэдычнага пэрсаналу ў шпіталях дапаможа кантраляваць распаўсюджваньне бактэрый, якія спадарожнічаюць традыцыйнаму поціску рукі.

Група навукоўцаў з Сэрбіі і Босьніі і Герцагавіны высьветліла цікавы факт: аказваецца, тое, наколькі сьмешны загаловак навуковага артыкулу па псыхалёгіі, істотна ўплывае на колькасьць яго чытачоў у электронных рэсурсах і амаль ніяк - на цытаваньне.
***
Яшчэ адна цікавінка з катэгорыі „было б вельмі сьмешна, калі б не было так сумна”. Датычыць яна малюскаў. Навукоўцы з Брытаніі і ЗША вывучалі арктычных малюскаў, знойдзеных у берагоў Ісляндыі. Гэтыя жывыя арганізмы адрозьніваюцца зайздроснай працягласьцю жыцьця. Аднак, каб вызначыць іх сапраўдны ўзрост па „гадавых слаях” на ракавінах, трэба было іх раскрыць і такім чынам скончыць жыцьцё нават самага пажылога малюска ў сьвеце.

Менавіта так сталася з малюскам нумар 061294: спачатку навукоўцы „налічылі” яму 405 гадоў, але потым заўважылі, што далі маху прыкладна на стагодзьдзе. З новага артыкулу, апублікаванга ў лістападзе, вынікала, што малюск нарадзіўся прыкладна ў 1499 годзе і быў сучасьнікам Хрыстафора Калюмба і Марціна Лютэра.

Пры гэтым аўтараў зусім не бянтэжыў той факт, што ў працэсе дасьледаваньня яны забілі найстарэйшую жывёлу на Зямлі, якая, незаўважаная чалавекам, спакойна пражыла больш за 500 гадоў.

Стырана: radyjo.net

цікавае, чужое, сьвет

Previous post Next post
Up