Nov 09, 2013 20:53
Я, калі шчыра прызнацца, не люблю Мінск. Ніколі не любіў і не бачу чыннікаў, з-за якіх я змагу калі-небудзь займець нейкае іншае пачуццё. Я нават і не ведаю, за што чалавек можа любіць Мінск, калі не народжаны ў ім альбо не жыве з дзяцінства ці большую частку жыцця. Але гэта ў глабальным плане. Ёсць моманты, калі я Мінск люблю.
Я люблю Мінск познім вечарам, калі большасць машын мірна і ціхмяна спіць на тратуарах і на збочынах, у дварах і на стаянках і няма амаль ні душы на вулках. У такія часы я думаю, што Мінск не такі ўжо й дрэнны.
Учора ўдзень я пазіраў у вакно і падумаў, што днём, у працоўны дзень, Мінск - таксама неблагі горад. Маці з калясачкамі прагульваюцца па вулках, машын амаль няма, і ты забаваеш пра тое, дзе знаходзішся.
Я люблю Мінск за выбар, які ён дае табе. Не хочаш ісці ў адное месца, заўжды будзе іншае. Будзе альтэрнатыва. Сёння я завітаў у цудоўную букіністычную краму "Вянок", што ў Траецкім прадмесці. У нас, у Магілеве, у адзінай букіністычнай краме няма і 5% ад таго, што ёсць у "Вянку", а "Вянок" - гэта не адзінае месца ў Мінску, дзе можна набыць старыя ды й новыя кнігі па добрых коштах. Так, у маёй бібліятэцы нарэшце з'явілася Яўгенія Янішчыц усяго за 2 у.а., а таксама я прыдбаў зборнік Геніюш ды 2 тамы Багдановіча проста-такі па смешных коштах.
А яшчэ я люблю Мінск за тое, што калі вяртаешся з яго ў правінцыю, то нібыта падарожнічаеш у часе і прасторы. Наяве.
пачуцьці,
Мінск,
выбар